– Дзякуй за параду, – згадзіўся воўк. – Так і зробім.
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды – бух! – рагамі ваўка ў галаву. Ажно іскры запалалі ў вачах у ваўка, а свет увесь для яго цеменню пакрыўся.
Ледзь-ледзь ачухаўся воўк, пакруціў галавою і сам у сябе запытаў:
– Ці з’еў я таго барана, ці не?
А тым часам касец, скончыўшы работу, ішоў дадому. І калі пачуў словы ваўка, адказаў за яго:
– З’есці то не з’еў, затое паспытаў лёгкага хлеба.
Жыў-быў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Трэба было радзіны спраўляць. А ў тых беднякоў ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць?
Пайшоў чалавек на рэчку па ваду. І ўбачыў там у кустах цялушачку. Яна ляжала, зусім слабая, сама і ўстаць не магла.
Забраў бядняк цялушачку дадому, прынёс і жонцы кажа:
– Давай зарэжам – будзе чым гасцей пачаставаць.
А цялушачка, рыжанькая ды з белай лысінкай на лбе, жонцы вельмі спадабалася. І яна запярэчыла:
– Не, рэзаць не трэба. Няхай лепш гадуецца.
– Дык яна ж кволенькая зусім. Яе, відаць, знарок выгналі, каб у хляве не акалела.
– Нічога, дасць Бог, мы яе на ногі падымем і выгадуем. Калі падрасце дачушка, будзе ёй малако.
Паслухаў чалавек жонку, і ўзяліся яны гадаваць цялушачку.
А тая неўзабаве акрыяла ды пачала расці як на дражджах. І дачка таксама расла як на дражджах. Прычым такая разумніца ўдалася, што нават старыя прыслухоўваліся, што яна кажа.
З цялушкі-лысушкі выгадавалася добрая кароўка.
Тым часам і дзяўчынка падрасла, з сямігадовага ўзросту сама стала пасвіць кароўку.
Багаты сусед неяк убачыў карову бедняка, загледзеўся і пытаецца:
– Адкуль у цябе такая ладная карова?
Бядняк жа ўзяў ды расказаў яму ўсё, як было.
– Эге, дык гэта ж мая цялушка! – заявіў багацей. – Я выгнаў яе тады, бо не думаў, што яна здолее на ногі ўстаць. А цяпер забяру назад сваю карову…
Зажурыўся бедны чалавек і пачаў тлумачыць:
– Я ж падняў яе на ногі і выгадаваў. Так што гэта мая кароўка.
Але багаты не згадзіўся і нават пагражаць стаў:
– Калі па-добраму не аддасі, то пойдзем да пана судзіцца.
Што тут было рабіць? Пайшлі на суд у панскі маёнтак. Багацей павітаўся з панам за руку – вядома, багаты з багатым свае людзі, – і пан прапанаваў яму сесці. Той сеў у крэсла. А бедны стаяў сабе каля парога, шапку зняўшы. Пан на яго і не глядзеў.
– Ну, што добрага скажаш? – запытаўся ён у багацея.
– Ды вось, пане, якая справа, – пачаў скардзіцца багаты. – Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае…
Выслухаў пан і бедняка. А пасля гэтага абвясціў:
– Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё, што на свеце саладзей за ўсё, што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і дастанецца карова. Ідзіце дахаты, падумайце, а заўтра прыйдзеце з адгадкамі.
Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і заплакаў.
– Чаго, татка, плачаш? – пытаецца дачка.
– Ды так і так, – расказаў ёй бацька. – Багаты сусед хоча адабраць у нас кароўку. Былі мы з ім ужо на судзе ў пана. І пан загадаў нам тры загадкі.
Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. А дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!
– А якія загадкі? – удакладніла дачка.
Бацька пераказаў.
– Нічога, тата, не турбуйся, – сказала дачка, – спаць кладзіся. Пераначуем, болей пачуем. Заўтра нешта прыдумаецца.
А багаты прыйшоў дадому, радуючыся, і жонцы пахваліўся:
– Ну, баба, карова наша будзе! Нам з табою трэба толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?
– Ды тут і адгадваць няма чаго! – засмяялася жонка. – Усё проста. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол няма нічога таксама. Ды і шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!
– Гэта праўда, – згадзіўся муж. – Так я і скажу пану.
Назаўтра пайшлі бедны з багатым да пана.
– Ну, што, адгадалі мае загадкі? – пытаецца той.
Багаты выйшаў наперад і адказаў:
– А што ж тут адгадваць?! Няма нікога і нічога на свеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей – за ліпавы мёд ад маіх пчол, а шпарчэй – за майго гнядога жарабца.
– Ну а ты, – пытаецца пан бедняка, – адгадаў?
– Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо нават калі гора напаткае, то як заснеш, дык забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…
Читать дальше