Алесь Пальчэўскі
Рэкс і Казбек
Прыемна пасля доўгага вандравання па зарасніках выйсці на ўзлесак сасновага бору і спыніцца на прывал. Павесіць на сучок паляўнічую стрэльбу руляй уніз, раскласці агонь, наслаць мяккіх хваёвых лапак і выцягнуцца на ўвесь рост. Ляжаць і глядзець, як з-за лесу выплываюць хмаркі.
Адны з іх – тыя, што ледзь не чапляюцца за вяршаліны дрэў, – праплываюць хутка-хутка, нібы спяшаюцца куды. Другія, што віднеюцца ў глыбокай вышыні паміж прагаламі ў ніжніх хмарах, плывуць павольна, важна.
На дварэ восень.
Кастусь Трахімчык сядзіць каля агню і ломіць аб калена сухенькае галлё. Агеньчык патрэсквае і нясмела ліжа падкінутае ламачча. Лізне раз, другі і, калі ўпэўніцца, што галінка сухая, заўзята накідваецца на здабычу.
Другі паляўнічы – Аляксей Шусцік ляжыць на хваёвых лапках і глядзіць у шэрае неба.
Прыпёршыся плячыма да хвойкі, сядзіць трэці паляўнічы – Павел Бурш. Мужчыны зрэдку перакідваюцца словамі. Ці то ад стомленасці, ці, можа, таму, што паляванне было няўдалае, гаворка не клеіцца.
Трошкі воддаль ад паляўнічых, паклаўшы галовы на выцягнутыя лапы, ляжаць іхнія сабакі.
– Што, стаміўся, Рэкс? – спытаў Павел Бурш.
Сабака падняў галаву, зірнуў на гаспадара і вільнуў хвастом.
– Трэба ж папрыдумляць такія імёны сабакам Рэкс, Казбек, – павярнуўся на жывот Аляксей. – Во у майго – Жулік. I проста, і гучна, і зразумела.
– Не я прыдумляў... Ён мне дастаўся з такім імем, – адказаў Бурш і спытаў у Шусціка: – А ты ведаеш, што такое Рэкс? Не? Цар – па-лацінску. Праўду я кажу, Рэкс?
Сабака ўстаў. Віляючы хвастом, падышоў да гаспадара і палажыў галаву яму на калена. Ён пазіраў на гаспадара сваімі разумнымі вачыма і нібы падахвочваў: «Табе хочацца расказаць пра мяне? Раскажы, раскажы...»
– Мы тады стаялі пад Варшавай, – пачаў Павел. – I Ў адных і ў другіх сіла была незлічоная... Аднае раніцы пайшлі гітлераўскія танкі ў наступленне. Нашы падбілі некалькі. Астатнія развярнуліся і ходу. Кінуліся мы да падбітых. I раптам – што за дзіва! Разам з людзьмі выскачыў з аднаго танка вось ён, – пагладзіў Бурш Рэкса. – Як вам падабаецца, у наступленне – з сабакам!.. Мне і яшчэ аднаму аўтаматчыку загадалі потым адвесці палонных у тыл. Сабака ні на крок не адставаў ад свайго гаспадара, бялявага афіцэра.
Развітаўся той афіцэр з сабакам, уздыхнуў, пагладзіў і праз слёзы паўтарыў некалькі разоў:
– Майн Рэкс!.. Майн Рэкс!.. Алес капут!..
– Не ўсё капут, – засмяяўся мой напарнік. – Рэкса мы возьмем, а вы пойдзеце адбудоўваць разбураныя вамі гарады.
Вярнуліся мы ў часць гадзіны праз тры. На перадавой было спакойна. Акружылі нас салдаты ў бліндажы і давай разглядаць Рэкса. Кожны разумеў: нічымі яно, нямое стварэнне, не вінавата, што служыла фашыстам. I ўсе з ахвотай падносілі сабаку есці, хто што меў. Але Рэкс толькі пазіраў ім у вочы, а да ежы не дакранаўся.
– Бачылі такога нягодніка. Нават пакаштаваць не хоча.
– Фашыст – ён і ёсць фашыст, – наракалі адны.
– Не ўмееш абыходзіцца з жывёлай, – жартавалі другія і ласкава звярталіся да сабакі: – Рэкс, Рэкс, еш! Ну, эсан, эсан!.. Ты ж зойдзешся ад голаду...
Пазірае, а не бярэ.
– Па гаспадару сумуе. Прагаладаецца – будзе есці, – вырашылі мы.
I зусім выпадкова Рэкс назаўтра ўзяў есці з маіх рук. Мы сядзелі ў бліндажы і абедалі, а ён, галодны, ляжаў у кутку і паглядаў на мяне. Шкада ўсім сабакі, а што рабіць – не ведаем. Я адкусіў кусок хлеба, намазанага кансервамі, і працягнуў Рэксу.
– На, кажу, пакаштуй нашых салдацкіх харчоў.
Рэкс устаў, падышоў павольна, узяў з рукі хлеб і праглынуў. Салдаты аж есці перасталі ад здзіўлення. «Узяў, узяў», – зарадаваліся.
– А што я гаварыў, – прагаладаецца, будзе есці, – сказаў адзін салдат, адрэзаў лустачку хлеба, намазаў кансервамі і таксама падаў Рэксу.
Сабака не дакрануўся. У бліндажы зарагаталі. Тады салдат аддаў лустачку мне, але і з маіх рук сабака больш не ўзяў. Пераглянуліся мы – што за праява.
– А ты адкусі і дай з рота, – параілі.
Я так і зрабіў. Рэкс узяў хлеб, з'еў, завіляў хвастом і яшчэ глядзіць.
– Ага, вунь ты які! Баішся, каб цябе не атруцілі?
– Не бойся. Мы не такія, як твае былыя гаспадары, – загаманілі салдаты...
– Значыць, ён у цябе вучаны? – здзівіўся Трахімчык і падкінуў некалькі галінак у агонь.
– А няўжо ж! Паслухайце, што далей было. Праз два-тры дні Рэкс не вымагаў ужо, каб я даваў надкусаныя кавалкі, аднак браў толькі з маіх рук. I хутка ён так прывык да мяне, што на крок не адставаў: куды я – туды і ён. Пайду па суп, і ён побач з кацялком у зубах па сваю порцыю ідзе. Лягу спаць, і ён каля мяне ўкладваецца.
Читать дальше