Сіняе возера — бабровы рай
Яго акружалі дубы, і толькі блізка паўз бераг спорна кусцілася лаза.
— Без лодкі мы тут не дадзім рады, — апаў духам Іван. — Не-е, пацешымся толькі, ніводнага не ўхопім.
Бацька, аднак, спадзяецца на ўдачу. Ён ужо ведае, у якіх мясцінах лёжкі: Шарык выявіў ажно тры, і цяпер заставалася без шуму-гаму размеркаваць лавушкі так, каб загадзя не ўспудзіць, не ўпусціць зверукоў.
— З лодкай — гэта праўда! — і прасцячок не прамажа, — роздумна прамаўляе бацька ў адказ Івану. — А мы павінны без лодкі ўправіцца.
— У такім разе Шурку давядзецца порткі знімаць, — пасміхаецца Іван і спачувальна глядзіць на мяне.
— А я думаю, што якраз табе і не зашкодзіць скупнуцца, — не сказаў — заявіў бацька.
— Чур, я ў гэта чортава пекла і не падумаю лезці, — Іван насупіўся. — Адно што — плаваю як абух, і потым, пасткі — яго абавязак, — кіўнуў у мой бок. — Я — лодку ганю. Я — шкіпер.
— Во йта шкіпер — ляжаў у лодцы, дрыхнуў!.. — усклікнуў голасна бацька. — Бач, заявіў, што без матора не сядзеш за вясло. Адмовіўся лодку гнаць — расстаўляй лавушкі.
— Хм, уламалі — іду на перамір'е, здаюся. — Іван кінуў асмалак цыгарэты ў ваду. — Калі б я гэтак во, як бычок, плаваў і то наўрад ці адважыўся б лезці самахоць у такую неймаверную стынь. — Пасміхнуўся: — А ваапшчэ-та, пры ўмове, што па прыездзе Малініна мне чакунца паставіце, палез бы, відаць.
— На чакунца не спадзявайся — Малінін можа і не прыехаць сёння. — Бацька старанна затаптаў свой недакурак і з прытоенай высмешкай дадаў: — I праўда, куды з такімі белымі нагамі ў ваду лезці — баброў распужаеш, чаго добрага, сухапутам у Сож матануць...
Ставіць лавушкі мне давялося. Ух жа і холад: не возера — лядоўня. Прыбярэжнае дно не гразкае, і я бясшумна, без бурбалак, падкраўся да нораў і ціха, каб дачасна не ўспалашыць баброў, стаў адну за адной апускаць лавушкі ў ваду, падводзячы кожную аж пад самы бераг, пад лазовую навісь.
Але ж і ёдка-сцюдзёная вада — проста сцінае ўсяго: выходзіць, і ў холада ёсць свая механічная сіла, не толькі ў цяпла. Возера нездарма чыстае — няйнакш крыніцы са дна б'юць. Многа крыніц!
Іван паспачуваў мне:
— Скарэй уляпётвай на бераг, не сядзі там доўга.
Ідзі-тка, клапатун, дроў назбірай ды цяпельца развядзі, — распарадзіўся бацька, а сам узяўся абсякаць лазовае вешша: шумець ужо можна — тры лавушкі (астатнія з бабрамі) на хадах. Праўда, калі ён пачуў ад мяне, што пад вадой яшчэ больш патырчак, іх ніяк не абсячы, расчаравана выдыхнуў з сябе: — Ы-ых-х... Што ж, паспрабуем гнаць.
I вынік: з пяці баброў, якіх Шарык вытурыў з толькі што абстаўленых нораў, не прамінуў пасткі ўсяго адзін.
— Э-э, хлопцы, калі ўжо ведаем, што бабры тут, то можна й лодку сюды прытарабаніць... Яшчэ б парачку абхітрыць сёння — і дос, сушы лапці. — Да Шарыка: — Як думаеш, спец?
Шарык дагодліва завіляў хвастом, памкнуўся наперад — гатовы, маўляў, пудзіць звера, не падкачае, адно не трымайце яго!
Іван так і не распаліў касцярка, і мне давялося грэцца бегам. Тым часам бацька з Шарыкам абышлі возера, але на баброў нідзе не ўзбіліся.
— Ну, што я казаў?.. — Іван нібыта і рады, бо ўсё выходзіла па-ягонаму — баброў у гэтым возеры мала: адзін-два, не больш. — Перастарак нейкі з перапуду гнёўся, лавушкі калаціў, а вам падалося, што тут іх цэлы табун. Вы гляньце на яго — большы за лавок. Такі цяльпук.
— Бяры яго і шуруй, казака, да лодкі, абед вары.
— Абед?.. — здзівіўся Іван. — Дык жа сёння не мая чарга — кухарыць Шурка.
— Слухай, работнік, такую тваю няхай стане!.. — узрушыўся бацька. — Увесь час будзеш во так пастыляцца? Я — слова, ён — дзесяць! Не-е, такія памагатыя мне не трэба.
— А вы не прымайце ўсё за чыстую манету. Мала чаго я начапушу — прывык на смалакурні з Яшкам Рубанам перабрэхвацца, і з вамі цягне падражніцца.
— Як жа не прымаць?!. Знай: закабункаў тваіх не пацярплю, вушы затыкаць не стану.
— Ды не крыўдуйце вы, — пайшоў на папятную Іван.
— Ладна, ступай да лодкі, — распарадзіўся бацька і заклапочана дадаў: — Штой-та мне паромшчык не прыглянуўся, баюся, каб там баброў не павыпускаў.
Іван пайшоў.
Мы яшчэ раз абышлі возера, і зноў тое ж самае: бабры як растварыліся ў вадзе. Проста загадка нейкая. Няйначы у глыбінныя норы пахаваліся, у свае ціхія заглушы. Таксама і ў суседнім азерцы, удвая меншым, што непадалёк ад Сожа, Шарык не выявіў баброў.
Паабедаўшы, мусілі плысці ўніз, да першай вёскі, каб там ужо і заначаваць. Ля парома заставацца з бабрамі не рашыліся: хто ні едзе, хто ні плыве — і абавязкова спыняецца, каб пабачыць звера. Лішні клопат і тлум, што якраз і раздражняе бабра-нявольніка — пачынае матлэшыць лавушку, да крыві збівае нос і ламае зубы-разцы.
Читать дальше