— Трэба асцерагацца, не лезці на ражон. У глушы гэткай яшчэ і стральне дурань які... Значыцца, бабры ёсць?
— Стае.
— Заўтра Аляксандравіч разам з Андрэевічам у Маскву едуць.
— Ты павязеш?
— Не.
— Чаму?
— Папух я, братка... Застукаў мяне крычаўскі аўтаінспектар — дакументы забраў.
— То як жа цяпер?
— А так. Буду лазу падвозіць на базу, ваду... Пакуль не вернецца Малінін — ніякіх дакументаў!
— Няхай бы ён папрасіў аўтаінспектара...
— Прасіў, але той і слухаць не стаў, заўпарціўся — кажа: рана вяртаць, хай, маўляў, праспіцца харашэнька... От ёлуп, га?
— Хто ёлуп?
— Я сам — ёлуп. Хто ж яшчэ?
— Гм, сітуацыя... То і мне трэба на базу падавацца?
— Ты якраз-такі астанешся тут, у бабкі Аўгінні. Калі бабры ёсць, то трэба ж іх лавіць. Пачакаеш які дзень-два, а там і бацька вернецца.
— Не весела.
— Не адзін жа будзеш... З Маржой!
— З якой яшчэ Маржой?
— Сучка ў нас тут... Малініну з Масквы прывезлі па яго просьбе. Вуцятніца. Медалі мае. I на баброў павінна пайсці... А морда — вачэй не адвесці. Ідзі, глянь — у кузаве.
— Ну і Малінін — не пахваліўся нават. А што за медалі?
— Залаты ёсць і, здаецца, бронзавы. Пародзістая, адным словам.
Пецька абагнаў мяне і трухам падаўся да машыны. Я запыніўся і спытаў:
— Злая?
— Рукастая... Мяне ўжо слухае, — і паклікаў: — Маржа! Той жа міг з кузава вытыркнулася — акурат перад маім тварам — лапавухая, вірлатая, з кірпатым, як усё роўна расплюшчаным носам сабачэнцыя. Рудое страшыдла з белымі плямкамі на ілбе і грудзях! Такой каларытнай звярыны я, прызнацца, ніколі яшчэ не бачыў Нішто сабе вышчанак — за адну морду медаль вешаць можна.
Пецька адшчыкнуў ланцуг. Маржа не стала гоцаць з машыны, як гэта зрабілі б тыя ж Пірат ці Джульбарс. Бач, арыстакратка — чакала, каб адкінулі борт. I мы на такое пайшлі. Маржа мякка гупнула долкі, аблізнулася і патрусіла да вады, боўтаючы адвіслым — пасля нядаўняга ашчэну — жыватом. Пахлябтала крыху і гэтак жа сама, трухам, прыцёпала назад. Яна, да ўсяго яшчэ, і куцахвостая. Дзіва што, мода патрабуе ахвяр. Будзь яна з хвастом, то яшчэ падумалі б, ці даваць ёй медалі.
Свойская Маржа, што і казаць. Лашчыцца і да мяне, як да Пецькі. Кумекала б што ў бабровай справе так, як Джульбарс, дык нам аніякага больш сабакі й не трэба. Але ж і закавырастая — з гонарам, апрача Малініна бадай нікога і слухаць не хоча, лякаецца прыблудных сабак, якія не-не дый нахопяцца паглядзець на «масквічку».
Я колькі разоў падводзіў Маржу да лавушкі. Яна асцярожна нюхала бабра, і пагляд яе, здавалася, быў надта сур'ёзны — проста лаўрэацкі зірк!
Толькі сонца асела за лес — якраз і нашы рыбакі-дружбакі аб'явіліся. Малінін нёс на лазовай віце ладнага шчупака. Без лодкі вярнуліся — пакінулі ў старыцы.
Перасадзілі баброў у клетку — трох разам у адну, бо ўсе з адной сям'і.
— Ну, бачыў Маржу? — Малінін прыжмурыў вока. — Што скажаш? — Падступае, аддае шчупака. — Яна, думаю, перашчыгаляе Мірту Мікітаву! — Дастаў з сакваяжыка драбок цукру. — Маржа, служы! — Прыўзняў цукар.
Маржа стала на заднія лапы — куцобачка хваста ліхаманкава заторгалася. Ласая да прысмакаў — ухапіла падачку, апусцілася на зямлю, легла і пачала крышыць зубамі цукар. Не вельмі каб і спяшалася — смакавала.
Неўзабаве былі ў вёсцы.
Пецька не стаў бавіцца: як толькі знялі з машыны запасныя клеткі, паехаў на базу. Малінін застаўся з намі, каб пайсці заўтра на раку і вынесці прысуд Маржы — даць ацэнку яе здольнасцям.
Бабка Аўгіння прычакала нявестку. Маня прыехала на нашай паўтаратонцы. Ішла ад шашы з малым на руках, і на табе — машына даганяе, спыняецца...
Усцешана бабка Аўгіння — дагадзілі ёй баброўнікі. А тут яшчэ Малінін большай радасці паддае:
— Прыедзем з Масквы, то і сянцо ваша перавязём. I не трэба ўпрошваць брыгадзіра.
— Ды ўжо ж я вам і заплачу, дзеткі вы мае радзімыя. Я ўжо вам ой як аддзячу, калі гэта ўсё праўда.
— Не верыце хіба?.. Шкада, што паехаў мой шафёр — сёння ўправіліся б.
Маня суцяшае свякрову:
— Мама, яны праўду кажуць — прывязуць наша сена. Людзі яны добрыя, нераўня вашаму брыгадзіру.
— Дык жа я і сама бачу, што някепскія. — Старая смяецца, жмурыць вочы. — А можа, ім урэмя няма? Яны ж сваёй работай унё як занятыя — сільна перагружаны!
— Усё зробім, — стрымана кажа Малінін і пазірае на Маню, нібы зговар які пачынае з ёй супраць бабкі Аўгінні. — Вы лепей скажыце, што вам з Масквы прывезці?
— З Масквы? — перапытвае старая. — А што ж вы мне, міл-чалавек, прывезяце? Яно ж усё, што мне трэба, дык і ў нашым сельмазе ёсць. Во, няхай Манька, нявехтачка мая, скажа, то вы ёй і купіце там, у Маскве, я і грошы дам. Загадвай, што купляць! — Старая падалася да куфра. Маня загаварыла, і яна спынілася, каб паслухаць нявестку.
Читать дальше