— Эйш, жаласнік, — бацька хітнуў галавой. — Выпушчу, але не тут... Завязём на дачу — няхай там жыве-раскашуе.
— На дачу?.. Гэта куды ж?
— У мяне наўвеце лясное возера ёсць. Ціхае, спакойнае, чыстае, і жратвы ўдосталь. Нам па дарозе, завернем... Не возера — казка, рай!
— Мудры ты, Герасім Андрэевіч, чалавек. — Пецька глядзеў на бацьку адкрыта і пасміхаўся. — Даруй за нахабства... Гэта ж я такім макарам, ведаеш, выкупіў ужо двух сяголеткаў. За бабра — і ў кусты, нібы лупіць. Зайду далёка, вытрасу нябогу з пасткі — эх, як жа ён бяжыць, як уцякае!.. Дзве плёнкі сфатаграфаваў. Во будуць фоткі — сама жывая прырода!
— I хто ж ён, скажы, той ёлупень-тарбахват, які ў цябе грошы браў?
— Не, Андрэевіч, не скажу, слова даў... Па дваццаць рублёў выйшла мне кожнае бабранятка. — I заключыў: — Па-мойму, такіх бабраловаў трэба гнаць у шыю з нашай экспедыцыі.
— А што Малінін?
— Усё ты, Андрэевіч, хочаш ведаць... Хаця — таіцца перад табой не буду: я памагаю Малініну падбіраць надзейных бабраловаў. Усёк нашу хітрасць?.. А грошы Аляксандравіч мне верне — вылічыць з тарбахвата пры разліку.
— Памагай, канешне... Але ж ты выступаеш у ролі правакатара. Ды яшчэ, як я зразумеў, правакатара-самазванца.
— Не крыўдуй, Андрэевіч. Сумленны чалавек — ён заўсёды сумленны.
У Чэрыкаў мы прыехалі прыцемкам. На базе ўжо ва ўсю завіхаліся даглядчыцы Лора і Гэля Варонкіна.
Гэля зусім яшчэ дзяўчо. Яна скончыла дзевяць класаў. Цяпер спадзяецца да заняткаў у школе пабыць у далёкай камандзіроўцы — разам з Лорай і Валодзем будзе суправаджаць баброў. Гэлін галасок чуцён паўсюль: то яна захапляецца бабрамі, то спрачаецца з Валодзем, то даймае жартамі маўклівіцу Лору:
— Паглядзі, Лорка, які смешны звер. На цябе падобны: копія — ты, кропля ў кроплю... Бабрыха! — I заходзіцца ад смеху.
— Цянькала, ветраніца, — азываецца Лора. — Вушы мне пратрубіла, пустазвонка. Хутчэй бы ўсё гэта скончылася. Знай, з табой нікудышанькі больш не пайду наймацца — гэта мне навука!
У Гэлі шчокі й лоб усыпаны вяснушкамі — кропліва густое, яркае. Вяснушкі якраз да твару ёй, і яна, пэўна ж, разумее гэта, як, зрэшты, і тое, што мяне зусім не збівае з тропу яе густое, агнянае рабацінне.
Аднойчы дзяўчаты пасварыліся: Лора абазвала сваю напарніцу рапухай. Тут ужо Гэля не маўчала:
— Пачую яшчэ раз — і знаеш, што я з табой зраблю?.. Знаеш?!. — гнеўна, з пагрозай пыталася яна. — Усе твае космы павышморгваю, язык твой іголкай накалю!.. Ты ў мяне папомніш рапуху-у!
Лора гарэзіла ёй у адказ:
— Ой, Гэлька, пацешная ў цябе кляцьба. Ды я на цябе ноччу бабра выпушчу!.. — весела клекатаў яе звонкі галасок.
Я не пазнаваў базу. Ну і ну! Столькі клетак-скрыняў. I ў кожнай — два, а то і тры-чатыры насельнікі, гэта, калі з маладымі. Цяпер і мы сваіх далучылі: на базе стала 69 баброў. Вось яна, тая неабходная колькасць для чарговай адпраўкі.
Парадак паўсюль адменны. Мне падабаецца літаральна ўсё: і вышкі з сенам, дзе спачываюць супрацоўнікі базы, і шарэнга новенькіх бочак-асінавак (недзе ж, во, набралі столькі), у кожную дапаўна напіхана кашлатых лазовых ды вярбовых цурбалак. Усё гэта мокне ў вадзе, каб затым апетытней грызлося-елася бабрамі. Даспадобы прыйшоўся мне і незавязаны мех з сухарыкамі, сярод якіх трапляліся нават з рызынкам. Не, бабраняткі не вельмі ахвочыя да белай сушанай здобы — ім вітаміны падавай: маладую вярбу, лазу, асіну...
Позна ўвечары вярнуўся з Крычава Малінін. Бадай усё ўжо, паведаміў ён, на «мазі»: праз дзень-два адпраўка.
— Заўтра зоймемся кальцаваннем. — Малінін падміргнуў бацьку. — Абагналі вы ўсіх — гэты раз з Бязлапым 40 баброў здабылі. — Ён пстрыкнуў электрычным ліхтарыкам, павёў пучок святла па двары. — Купіў сабе забаўку. Патрэбная рэч.
Бацька нечага нават задужа сур'ёзны, як незадаволены, кажа:
— От, каб ты для бензінкі маёй купіў талковых каменьчыкаў, то і я з табой разам мог бы пахваляцца. Мне што з гэтай забаўкі тваёй? Запалкамі карыстаюся, нязручна.
— Чаго ж не сказаў раней?.. Чакай, а тыя каменьчыкі, што я прывозіў, пацёр хіба?
— Яны бракованыя нейкія: чыркнеш раз-другі — пшыкне, дымок пусціць. I ўсё — голы апалыш.
Мы смяемся. Малінін апраўдваецца:
— Яны адсырэлі... Не пробаваў падсушыць?
— I я так думаў. Але нічога з падсушкай не атрымалася. Паклаў на скавараду, то шпокалі, як капсулі. Не адсырэлі, а іх такімі робяць — серка дрэнная. Віцька Хведараў прывёз мне з Германіі — во то былі каменьчыкі, не брэдне гэтым, маскоўскім. Два гады карыстаўся імі. А зараз бензінку хоць на сметнік выкідвай — каменьчыкаў няма.
Читать дальше