— Дзяўчаткі, пошта далёка адсюль? — спытаў бацька. Гэтае яго «дзяўчаткі» прагучала як насмешка са старэйшай жанчыны, аднак маладзейшая палічыла такі зварот за камплімент, ахвотна адказала:
— У Пуцьках... Вам па дарозе.
Пошта — гэта менавіта тая адзіная і надзейная нітачка, што звязвае нас з базай. Мы адпраўляем кароткія, як шыфроўкі, тэлеграмы, у якіх спачатку называем месца, дзе знаходзімся, потым даем заказ на прадукты ці грошы, нарэшце паведамляем колькасць злоўленых баброў. Паштаркі часам падазрона зіркалі на мяне (звычайна я хаджу на пошту), а было, што проста загадвалі растлумачыць сэнс тэлеграмы. Калі быў час, тлумачыў. I не паспяваў выйсці за парог, як следам за мною беглі ўсе, хто быў паблізу, каго паштарка паспела асведаміць: маўляў, прыехалі баброўнікі, і ў іх лодцы столькі й столькі баброў — жывых! Ахвотнікаў паглядзець рэдкага звера, пакуль я праходзіў вёску, значна большала. У такіх выпадках мне нічога не заставалася, як весці людзей з сабою. Добра, калі рэчка блізка, а не — усе праставалі ажно ў лугі. Не кожны ішоў толькі пабачыць баброў. Мясцовае начальства, як правіла, абавязкова папросіць, а то і загадае паказаць дакументы. Былі сярод разявакаў і тыя, каму рупіла дазнацца, як злавіць бабра; яны ўважліва разглядалі лавушкі, каб потым сабе такую снуду зрабіць, — гэта мясцовыя браканьеры. Былыя адыходнікі, хто некалі паспытаў «вольны хлеб», тут жа, на беразе, пачыналі набівацца ў памагатыя, спадзеючыся на доўгі рубель. Іх перш за ўсё цікавіла, які ў нас заробак і ці вартая аўчынка вырабу.
Так, мы не цураліся людзей. Асабліва пажылых. Той-сёй не-не дый нарайваў бабровыя азёры, на якія без падказу мы наўрад ці ўзбіліся б. Больш за ўсё памагаюць нам пастухі. З імі бацька заўсёды знаецца, трымае цесную сувязь, і не шкадуе ні курыва, ні нават гарэлкі. Пастухі звычайна ведаюць усё наваколле. Праўда, бацька ні разу не загаворваў адразу пра баброў — спачатку распытвае пра азёры, цікавіцца, ці ёсць на іх берагах лаза, ці крутыя берагі...
Сомаў амаль не грабе, адно кіруе лодкай. Бацька паглядзеў на неба, усміхнуўся і сказаў:
— Чуеш, Іван?.. Во чаго бабы сварыліся — задажджыць.
— Ды ўжо ж. Без навальніцы не абыдзецца, — ахвотна пагадзіўся Сомаў. — Ілля наробіць гнілля.
I праўда, не прайшло і паўгадзіны, як лупцануў залеўны дождж. Узняўся вецер — віхурны, моцны. Сомаў не памыліўся: грымеў буркатліва пярун, бліскала маланка. Чорная тлустая хмара, здавалася, зачапілася за кашлатае макаўе дубоў-волатаў, якіх тут даволі-такі й багата, і вецер не ў сілах быў сарваць яе і гнаць далей.
Дождж то ўшчукаў на нейкі час, то зноў прудзіў бы з вядра. Грымоты суняліся, але вецер шугаў па-ранейшаму, змятаў прыбярэжнае смецце ў раку. I якраз жа ў самае завірушша натрапілі на чыстыя, а значыць, жылыя норы. Дзве. Адлегласць між імі — усяго метраў з тры: норы яўна ідуць з аднае лёжкі, вілаком.
Джульбарс не ўчуў баброў. I не дзіўна — збівае з тропу дождж, макрэдзь. Бацька падаў мне плашч, сказаў, каб акрыўся і пакуль не шастаў па беразе. Сам жа ўзяўся «надзейна зачыніць» баброў: адну лавушку апусціў у ваду, другую. Чую, сказаў да Сомава:
— Шавяліся і ты... «Крывую» вазьмі, памацай — глядзі, каб не было дзе закабана.
— Ды якая тут нара — вымоіна, пячурка, дзе рыба хаваецца. — Сомаў ціха поркаў «крывой» некуды пад навісь берага і ўглядаўся ў ваду, хоць што ён мог бачыць — вада проста кіпела ад кропляў, буйных і частых. — Можа, тут саўсім выдра, га?
— Не бубні. — Бацька быў засяроджаны. Праз хвілю-другую строга дадаў: — Доўга чухаешся — стаўляй лавок!
— Ну саўсім дзюрачка, — сумняваўся, марудзіў Сомаў. Няспешна, не вельмі каб і старанна закінуў дзве лавушкі й сказаў: — Сабаку можна пускаць.
— Не спяшайся на торг. — Бацька не зважае на дождж, ён па-ранейшаму засяроджаны; узяў «крывую», абмацаў бераг насупраць Сомава, паказаў: — Сюды во ўцячы можа. — Панукнуў: — Трэці закідвай, кажу... Што — лаўкоў мала?!.
Сомаў усе бацькавы заўвагі-настаўленні прымае бяскрыўдна, працаваць суладна, без мітусні, як я заўважыў, яны ўмеюць. Што якраз і дае плён. Праз тыдзень Сомаву трэба на работу — магчыма, з гэтай прычыны ён і стаў непакоіцца: не-не дый загаворваў аб тым, што з радасцю, маўляў, кінуў бы леснікоўства і пайшоў у бабраловы, калі б не быў гэты занятак сезонным. Не тоіцца чалавек — яго цягне на абход, сахвоціўся бабрамі. Бацька падбівае, каб даў тэлеграму ляснічаму — узяў яшчэ дзён пятнаццаць за свой кошт. Аднак на такое Сомаў, падобна, не пойдзе.
Читать дальше