— Адкуль жа ёй быць? I жук і жаба навыперадкі п'юць, быдта ў пролабку льюць. Прывязу колькі скрыняў, дык ажно б'юцца, як перад пагібеллю якой. Хлеб во, бачыце, не разбіраюць, млын блізка, дык мука ёсць, свой пякуць. А гарэлку глокчуць і ў святы, і ў будзень. I якім ліхам людзічкі звіхнуты?
— Калі ўсякія там жукі ды жабы хлешчуць спіртное, то бабраловам і падаўна можна. — Сомаў пасмешліва зіркаў на гандлярку, пераступаючы з нагі на нагу. — Уночы зябка каля вады... Пашукалі б для нас бутэльку руска-горкай, га?
— Што вы, дзядзька?.. Нямаш! Зараз во еду ў Слаўгарад. Калі прывязу — дам адну пляшку. Толькі адну.
— Нам і не трэба больш. Пакіньце, падбягу.
Я ўбачыў на кніжнай палічцы, сярод запыленых томікаў Максіма Горкага, дзве пляшкі балгарскае «Пліскі». Хацеў скіраваць увагу Сомава на замежны напой, але не рашыўся: раптам у яго не знойдзецца грошай на каньяк.
Сомік не ўтрымаўся і ўзяў яшчэ соку — такі ж самы слоік, трохлітровы. Сказаў:
— Нязручна будзе несці, але ж няхай і Герасім пакаштуе. — Яшчэ прыкупіў і курыва. — Запас бяды не чыніць, — заключыў ён і пасміхнуўся. — Няма рускай, будзем «Пліскай» грэцца, — і сунуў у працягнутую руку крамніцы пяцёрку.
Да нашага прыходу бацька ўправіўся з бабрамі — перанёс у вырытую на беразе ямку, закідаў зялёным вешшам. Мяне здзівіла, што ў лодцы, падрыхтаванай для ловаў, ляжала чамусьці шэсць лавушак. Усіх адзінаццаць. З той нашай, першай. Зрэшты, яна поўнасцю рэканструявана — драцяная ўся, адно памеры засталіся ранейшыя, раскошнасцю і адрозніваецца ад астатніх. Падумалася, няйнакш уцёк бабёр, Ды бацька маўчыць пакуль, не прызнаецца. Аж не — бабры ўсе. Нічога асаблівага не здарылася. Проста брыгадзір наш — дадумаўся ж! — пасадзіў у гэтую раскошную лавушку дваіх звяркоў. Аднасямейнікаў. Звычайна мы такіх мецім, каб падчас перавозкі не паблытаць з чужакамі. Ён і падабраў, залучаных у адной нары. Самца і самку, парачку.
У лодцы — бацька з Сомавым. Я іду па беразе. Джульбарс трусіць упобачкі. Трымаю на павадку. Даручылі мне сабаку часова: памагаць мушу, пакуль лодка знаходзіцца блізка ад бівака. А як толькі аддаліцца — вярнуся да пакінутых без прыгляду баброў. Рака бруйная, з частымі віракрутамі. Берагі патанаюць у зялёным шумавінні зараснікаў. Спакон веку, здаецца, былі ў гэтым месцы бабры. Жыць ім тут і далей. Грэбалы ў нас (бацькаў выраз) кароткія, каб усіх пабраць. Такое і немагчыма: трапляюць у нашы снасці адно лежабокі, сапуны, ды яшчэ самаўпэўненыя рызыканты, якія слепа спадзяюцца на свае спрыт і сілу: маўляў, ён і з сабакам справіцца, і любую лавушку патрушчыць — каму заўгодна дасць фору. Чуткія ж, кемлівыя рэдка апынаюцца ў абкладзе. Прыклад гэтаму — хоць бы ўчарашні, з Хоцімкі. Аднаго з такіх, «чуткіх», мы ўсё ж упалявалі. Малінін пасля назваў яго Шаманам. Раскашаваў ён у прырэчным азярку, глыбокім, але занадта малым. Адзінцом жыў. Спрабавалі залучыць без лодкі, не ўдалося. Прыцягнулі лодку. Дык ён знарок у норы не заходзіў далёка, і мы не паспявалі перакрыць яму ход. Хітрушчы — сапраўдны шаман.
Джульбарсу ўдалося-такі ўхапіць празуку за хвост. I што ж, бабёр зацягнуў яго ў возера і нырнуў — дагадаўся, інакш наўрад ці выратаваўся б. Джульбарс мужна трымаўся і расцяў пашчу ажно на сярэдзіне азярка, будучы глыбока пад вадой.
Пасля бабёр стараўся не паказвацца на паверхні — затойваўся на дне. Набярэ паветра ў лёгкія — боўць, і прапаў. Ляжыць, пускае бурбалкі. Лодка над ім. I Малінін... Свой апошні вынырк абяссілены звер зрабіў няўдала — апынуўся акурат пад рукой Малініна, які й хапіў яго за густую поўсць карка, насілкам запіхнуў у падрыхтаваную лавушку.
Прызнацца, у адсутнасць Малініна бацька крута змяніў тактыку ловаў. Мы не бедавалі, калі з першага заходу звер не даўся ў рукі: уцёк — яго шчасце. Карацей, не ганяліся гадзінамі за ўцекачом, не трацілі марна дарагі час. Сперш лавілі бяспечных шустракоў, якія з разгону кідаліся ў разяўленыя зяпы лавушак, з надзеяй, што раструшчаць сваімі разцамі любую пляцёнку. А ўцекачоў як бы навязвалі, і ў тым, што нікуды ім ад нас не дзецца, не сумняваліся.
Бацька так і сказаў увечары, калі рыхтавалі вячэру: — Дзень не пусты — пяць у лодку паклалі й восем «прывязалі».
Усіх баброў у нас ужо за трыццаць. У дзядзькі Мікіты крыху меней. Не спяць у шапку і астатнія паляўнічыя. Малінін заняты, сам не можа прыехаць да нас, адно перадае праз Пецьку запіскі для бацькі. За гэты час ён пабываў у Маскве, дамогся для паляўнічых мукі — па чатыры мяшкі на кожную брыгаду. Радуецца поспеху, паведаміў, што план адлову павялічылі яшчэ на паўтараста звяркоў. На падыходзе чарговая адпраўка...
Читать дальше