Лазы ды асіны — любімага харчу баброў — на Проні ўдосталь. Таму і заселеная так густа. Акурат — прыродная бабровая зааферма!
Па ўсім тутэйшым участку рака скрозь пакручастая: то забірае ў лугі, аддаляецца і доўга цягне свой шчодры звілісты рукаў паўз маларослы гусцеж змешанага драбналесся, то бруіць-цянюе ў ніцых зарасніках кучомістага лазняку, і далей — шырокім плёсам кіламетраў з пяць цягнецца паўз цяністую гушчобу дубовага гаю.
Мы ўтрох займаемся ловамі: бацька, Сомаў і я. Ходзім на начлег у Чырвоную Слабаду. Усе трое спім у пуні на вышках.
За бабрамі, калі адсутнічаем, глядзіць жонка Сомава, ёй памагаюць дзеці.
Сон мой кароткі, заўсёды жаданы й моцны. Дзіва што! Пакуль дачапаем з дальніх лугоў дахаты, пакуль упарадкуем зверукоў, павячэраем — і поўнач. А там — спаць ужо і няма калі, досвіта зноў трэба пешкаваць у лугі, на Проню.
* * *
Вяртаемся з начлегу. Шыбуем да прыбярэжнай балацявінкі, дзе прыхавалі сваю лодку. I раптам наперадзе ў нас узняўся — высака! — таўсценны слуп вады, й адначасова так гулка вухнула, разгоніста, што мы ажно папрысядалі. Як па камандзе.
— Рыбу глушаць!.. — Сомаў прыпусціў уподбежкі, але тут жа спыніўся. — Хто ж гэта, адкуль?
— Чужакі... Бачыш, не ведаюць Проню, на мель зарад кінулі, — выказаў сваё меркаванне бацька.
I праўда, калі б зарад быў узарваны на глыбіні, то выбух атрымаўся б глухім і больш выніковым, трэба думаць. Браканьераў спасцігла, можна пэўна сказаць, няўдача: рыбы тут яны не ўхопяць.
Іх было ці не чацвёра. Двое — рослыя, у аднолькавых плашчах з каптурамі — гналі са старыцы ў раку нашу лодку. Трэба ж, знайшлі, хоць мы й схавалі яе ў высокую траву, нават прытапілі крыху.
Джульбарс загаўкаў на незнаёмцаў. Тыя, што завіхаліся ў лодцы, падобна, разгубіліся: праскочыць у Проню ўжо не маглі, бо мы перастрэлі іх акурат на канаўцы, што яднала старыцу з ракой.
— Ах жа вы!.. — Бацька пагразіў шчупам, які трымаў нагатаве. — Лодку не дамо выгнаць, не старайцеся. Яна трэба нам самім.
Джульбарс пагрозна гарцаваў па беразе і проста заходзіўся ад брэху. Збоку паглядзець — адзін з двума ўправіцца, раўняў нашы сілы. I што, сабака сабраўся быў пераскочыць канаву, каб узяць у абклад ліхадзеяў. Бацька прытрымаў яго, начапіў на ланцуг.
Браканьеры пераглянуліся, потым адначасова скочылі з лодкі на бераг, пастаялі, перашапнуліся і валюхаста, няспешна, пабрылі ў прырэчны хмызняк. Там — цяпер нам добра было відаць — стаяў іх легкавік.
— Спорцілі ласунам абедню, — зларадна прамовіў Сомаў. — Не наськія — з Магілёва, відаць.
На рацэ дзе-нідзе, усё роўна як свежыя трэскі, пачалі ўсплываць плоткі, печкуры, уклейкі. Сярод гэтай нешматлікай драбязы я ўбачыў некалькі краснапёрак. Потым паказаўся шчупачок — з паўкілаграма недзе. Ён быў жывы, адно прычумлены, намагаўся завірыць углыб, але, пэўна, ужо неставала ў яго на гэта сілы, і ён часта перакульваўся з боку на бок, аціхаў. Ачуняўшы, зноў спрабаваў ныраць. I не мог — трапятаўся адно, гучна плёскаючы хвастом.
— Ружжо трэ з сабой браць! — Сомаў узрушаны. — З ружжом запраста ім пярэпалах учынілі б.
— Думаеш, цуцыкі гэтыя агрызацца не ўмеюць? Нябось, у кожнага ў кішэні калі не нож, дык наган. Зачапі такіх усур'ёз, то ж і яны ціхай сапай не змыюцца. Ці, скажам, каб з нас хто адзін аказаўся, хоць і з ружжом. Ого-о, і не падумалі б лодку аддаваць. Гэта ж, лічы, самыя што ні ёсць шкурадзёры, рабаўнікі.
— Тым больш, Андрэевіч, ружжо не зашкодзіць. Што ні кажы, а цалюткі дзень на рацэ. — У Сомава, ведаю, ёсць ажно дзве стрэльбы: казённая і свая, дубальтоўка. Ён мае, пэўна, наўвеце казённую — яна лёгкая, і месца ў лодцы для яе заўсёды знойдзецца. — Чым баяцца нам каго, дык няхай лепш нас баяцца. — Удала скаламбурыў ён.
— Ат, ну іх, ружжы-смужжы, — не менш каламбурна атрымалася і ў бацькі. — Мы й так абклаліся, як цыганы, розным ламаччам-хварабаччам: возім, носім, хаваем, шукаем...
Сталі парадкавацца. Кавілкай вясла я паддзяваў за рабрыны лавушкі, вывуджваў з вады — наўмысна топім іх, каб не так даваліся ў вочы няпрошаным завітанцам, хоць бы як і сённяшнім празукам.
Неўзабаве Джульбарс «нешта» ўчуў, і мы тую ж хвіліну запыніліся. Я ўгледзеў норы — акругла-вабныя, без патырчак. Прыбярэжнае дно вельмі ж ладна ўтрамбаванае і выкаўзана так, што аж свіцілася — ярка-жоўта-бэзавае нейкае, нібы падсветленае нябачнай гірляндай з каляровых лямпачак. Выха-даў было тры, і ад кожнага глыбіліся, як сцёкі, спадаючы ўніз, на сярэдзіну Проні, раўнюткія пясчаныя канаўкі.
Читать дальше