Бацька лёжку ўжо знайшоў, прапароў яе і раскручваў шчупам шырэйшую дзірку каб можна было сабаку ўзяць як найбольш паветра на пробу. Джульбарс з енкам, азартна дзёр лапамі зямлю наўкол шчупа, а калі сунуўся ў дзірку пысай, нюхнуў раз, другі, дык і зусім забрахаў. Бацька не спяшаўся рабіць пралом — яго пагляд быў скіраваны да нас.
Джульбарс усё яшчэ быў вонках, тым не менш увесь бераг ажно гудзеў ад яго брэху. Я першы заўважыў ля лаўкоў бабра: у адзін торкнуўся, у другі... Чорны, скрозь ваду аж серабрыўся — прыгожы звярына! Я ўжо ведаў, ад чаго ён серабрыцца — футра ўтрымлівае ў падшэрстку паветраныя пухіркі, яны й свіцяцца бялюткімі пацеркамі.
Бабёр асцярожна павярнуўся, варухнуў хвастом-лапатай і аціх. Нейкі час і сядзеў так, непаварушна, тырчаў, нібы корч. Як відаць, непакоіла яго сярэдняя пастка, што загароджвала раўчук, бо нездарма двойчы кратаў менавіта яе. Нарэшце чапіў і крайнюю, змыкнутую з берагам. Пусціўшы колькі бурбалак, стаў пяціцца назад. Яшчэ бадай і не схаваўся ў нару як Малінін падняў руку ўверх: знак, што і ён бачыць бабра.
— Гэ-эпа-а-эп! — выгукнуў раптам Малінін, рашуча пацягнуўшы на сябе павадок. — Гатоў, харошы, тут!
Як лёгка кульнуў ён бабра ў лодку, як хутка накінуў поверх расхлістаны плашч. Як спрытна была наструнена запасная лавушка і пастаўлена на свабодны ход.
Бацька спусціў Джульбарса з ланцуга, аб чым і паведаміў нам. З нары, за якой я сачыў неадрыўна, той жа час паваліў ускаламучаны, роўна як дым з коміна, густа-жоўты глей. Віхрасты клубок увачавідкі падступаў да лавушкі, і я ўжо не сумняваўся: гэта бабёр сунецца, абачліва, паволі.
Джульбарс не маўчаў — якоча, барбаціць лапамі, пэўна, ушчаміўся ў які вузкі аднорак і захлуп, не можа дабрацца да вады, каб турнуць і гэтага маруду. Ды вось загаўкаў на поўны голас — праціснуўся, прашкробся ўсё-ткі. Малайчына Джульбарс!
Як вокам згледзець, шустра, прамільгнуў міма першай ла-вушкі бабёр, забраў улева і там ужо не разглядваў, наддаў ходу Дзіва проста, цуд! Ен не здолеў уцячы: патрапіў у крайнюю пастку. Удала бацька расставіў снасці — во мне ў каго трэба вучыцца!
Я не адразу падцяў кавілкай вясла ўцяжэла-круткую, «жывую» лавушку. Калі ж нарэшце ўлучыў гэта зрабіць, дык про-ста не змог падняць яе напаверх: лодка гойдалася, стаяць было нязручна, і я мог — гэтага яшчэ не хапала — кульнуцца ў ваду. Падаспеў Малінін: выхапіў вясло, падняў лавушку над вадой, але вясло крутнулася ў яго руках, і лавушка па борце лодкі катнулася ў ваду. Малінін з ходу нырнуў і вынес жаданы набытак на бераг. Бабёр кідаўся ў адчаі, спрабуючы выбіцца з кратаў, пакуль і не ўкрылі яго гэтак жа сама, як папярэдніка.
Я хацеў быў даставаць лавушкі, ды зноў забрахаў Джульбарс. З таго ж самага ходу завіхрыўся, закалмаціўся глей. Чутно было, як у нары — якраз пры беразе — нешта захлюпацела. Я аціх, узгатовіўся сустрэць бабра самым належным чынам. Бацька пачаў блізка ад лавушак, акурат паўз ваду, пахапліва-часта шоргаць шчупам — гнаў бабра.
— Пільнуй! — выгукнуў ён. — Спудзіў... Двойчы шчуп тармаснуў — усё роўна як зубамі хапаў, шустрак.
I тут адзін за адным ускочылі ў лавушку два бабры-сяголеткі. Во прымудрыліся — разам! Я выцягнуў іх. Вагою не ўступалі бадай аднаму даросламу: недзе кілаграмаў з дваццаць важылі. Рослыя бабраняткі!
—Ух ты — двое! Рэдкі выпадак, — радаваўся Малінін нечаканай удачы. — Мальцоў гэтых забіраем — з бацькамі можна куды заўгодна везці, выжывуць. — Ён стаяў на беразе і старанна выкручваў адзенне.
Я заўважыў на сцёгнах яго ног прадаўгавата-белыя рубцы — няйнакш сляды колішняга ранення. Загоеныя раны, так.
Упарадкавалі баброў — дарослых паклалі ўпоперак лодкі, між боцяў, а лавушку з бабраняткамі паставілі споверх, і ўсю гараду гэтую, каб не так даймала сонца, закідалі свежым альхоўнікам і яварам.
Бабры не-не ды азываліся — грызлі драцянку, бушавалі. Мы не зважалі на іх памкненні аніякай увагі. З драцянкі ніводзін не ўцячэ. Бацька з Малініным спакойна курылі.
Пакідалі старыцу ў цудоўным настроі. Паляўнічы азарт прыспешваў, надаваў сілы й ахвоты.
I вось — зноў Проня. Правы бераг яе густа ўвіты лазовым хмызам — бабровы, значыць, і гаспадары яго яўна не пуджаныя, бесклапотна спяць.
* * *
Філіял нашай базы, заснаваны ў пуні Сомава, папаўняўся бабрамі як не штодня. Памногу, праўда, не збіралі — часта наведваўся Пецька, адвозіў іх у Чэрыкаў.
Праз тыдзень Малінін вымушаны быў пакінуць нас — прыспела першая адпраўка баброў на раку Майзас (Новасібірская вобласць). Перасяленцаў трэба кальцаваць, заводзіць на кожнага дакументацыю, запасаць на дарогу корм і падбіраць надзейных праваднікоў. Работы непачаты край. I хоць яна не цяжкая, затое даволі клапотная.
Читать дальше