А восьмай ранiцы стаяў тут натоўп, як за лепшым часам пад мясной крамай. Як снежная куля, сходзячы з узгорка каўкае ўсё, што на шляху, так зубр з залатымi рагамi згартаў да сябе мястэчка. Хто падышоў, той i прылiп. I працоўны народ, i беспрацоўны, дырэктары i сяляне, лекары i пенсiянеры, настаўнiкi i школьная моладзь. I ўсё яшчэ прычалялi новыя. Кожны з уласнымi спадзяваннямi.
Пяць на дзевятую згледзiў той натоўп Кастусь Шыла. Ён iшоў на шпацыр. Як штодзень, абмiнуў касцёл, банк, за банкам быў намер павярнуць у самае цiкавае месца, на базар, а тут натоўп ля магiстрата! „Няўжо iзноў забiлi кагосьцi?” мiльганула ў галаве кволенькая надзея. Раз у год, рэгулярна, каго-небудзь у мястэчку зацюкаюць, а ён, Кастусь Шыла, нiколi ў добры час, у адпаведным месцы. Пакуль з’явiцца пан Шыла, чыста ўжо i гладка, а доказ злачынства даўно прыбраны санiтарнымi або палiцэйскiмi службамi. Ён i не надта любiў тыя службы, за такую, залiшнюю пасля фактаў скутэчнасць. Праўда, здавалася на мiнулым тыднi, вось-вось i атрымаецца доўга чаканае. На скрыжаваннi Пiлсудскага i Трэцямайскай ровар сутыкнуўся з машынай. Быццам i не дзiва, ровар тут самы лепшы сродак камунiкацыi. Значыць так: жанчына гадоў пад семдзесят абмiнаючы ўсе дарожныя законы, лоб у лоб найшла на буфер “форда”. Смешна перабiраючы нагамi, выскачыла метраў два ўверх i як чорная варона распляшчылася ўпоперак вулiцы. „Падымецца? Цi не падымецца?” падумаў пан Кастусь Шыла. Ён шчаслiва знайшоўся якраз на ўскараiне мястэчковага скверу i карыстаючыся дарункам лёсу, пiльна сачыў за падзеямi. Ахвяра дарожнай аварыi ўсё яшчэ спачывала там, дзе яе пакiнуў буфер “форда”. „Не ўстане, няма моцных” паспеў даць прагноз, а ў той момант жанчына падарвала спiну, села. Хвiлiн тры вярталася да прытомнасцi. Побач, збялелы ад страху, хiстаючыся на мяккiх нагах таптаўся кiроўца. Усё нармальна, цётачка? працягнулася дапаможнае плячо. — “Вы мяне бачыце?” Жанчына, iгнаруючы прапанаваную падтрымку, узнялася на ногi сваiмi сiламi. I як едзеш, балван ты! Хто табе правы даў? Панства халернае. Бачыце, бачыце вы мяне, яшчэ пытае. Дзе нi глянь, таксоўкi ўсё згарнула з тратуара ровар, якi ў рэзультаце здарэння страцiў камунiкацыйныя ўласцiвасцi i павалаклася ў сваiм напрамку. Куды пайшла, пан Шыла не ведае. З тае хвiлiны, калi жанчына ўзнялася на ногi, ён страцiў сэрца для гiсторыi, што пачалася, здавалася, арматнiм салютам, а далей пайшла на схiл, да банальнага завяршэння. Як чалавек абшастаны з гучных абятнiцаў, пан Шыла адступiў у свой шэры, знярухамелы свет.
Так было тыдзень назад. А зараз ля магiстрата стаяў натоўп.
— Забiлi каго? Каго забiлi? А палiцыя? Ну, вядома, калi няма патрэбы, валэндаюцца кагалам. А вось у бядзе грамадзянiн, абдзіраюць з кашалька яго, або і зусім забіваюць нiякага паратунку разгартаючы натоўп пан Шыла дабiраўся да цэнтра падзеяў. Хто ж зараз галаву палажыў?
— Нiкога не забiлi, ты што чалавеча? Зубр во з залатымi рагамi аб’явiўся з памылковага становiшча выправiў пана Шылу нейкi чужы голас. Але пан Шыла, выбiўшыся на першы план i сам ужо здагадаўся ў чым справа. Ад нечаканасцi разгубiўся. Зараз i не ведаў шкадаваць, цi не шкадаваць? Пабачанае ў нiякiм сэнсе не сыходзiлася з ранейшымi спадзяваннямi. З другога боку не штодзень з’яўляецца ў мястэчку такое. Ба, добра падумаўшы, нiколi раней i не здаралася. I хто ведае, мабыць i не здарыцца чарговы раз. „А зацюкаць каго-небудзь, раней-пазней зацюкаюць” на такую думку пасвятлела на душы.
— Я яго, я першы напаткаў адбубнiўшы iнтэрв’ю рэгiянальнаму радыё, кандуктар Самахiл перад натоўпам даводзiў свае правы на знаходку. Адразу, як толькi вочы расплюшчыў, так i ведаў здарыцца сёння важнае. Прадчуванне такое было. А калi выйшаў з хаты, зараз i знак на небе паказаўся. Чаму тое ляпнуў? Зараз i сам не ведае. Мо хацелася выдаўжыць сваю прысутнасць у цэнтры здарэнняў?
— Якi знак? Мо крыж агнявы якi? збянтэжаным голасам xiстануўся натоўп. А можа Матка Боская? падключыўся паасобны, жаночы голас. I пан Самахiл таксама збянтэжыўся. Не абдумаўшы дэталёва стратэгiю прэзентацыi сваёй фiгуры, ён неасцярожна вышпарыўся наперад. Трэба было ратавацца. „Мабыць i фактычна пакарыстацца аўтарытэтам Божай Мацi? Даўно як не аб’явiлася ў павеце якая-небудзь святая постаць” падумаў. Ужо i збiраўся з адказам, калi ў заднiх раёнах грамады зашавялiлася чорная сукенка бацюшкi Рыгора. Можна меркаваць ён назойлiва намагаўся ў цэнтр натоўпу. Наперадзе крочыў Макар Хавоська, па прычыне буйнай фiгуры званы Бомбай. Гэты зараз царкоўны стараста, у васьмiдзесятыя гады капiтан мясцовай мiлiцыi уласным целам i выбiваў шлях айцу Рыгору. „Вось табе, калi б так ляпнуў” спахапiўся ў добры час Самахiл. Зараз жа пайшлi б пытаннi. Асаблiва з боку гэтага Бомбы: А якая была сукенка Божай Мацi? А прычоска якая? А ўсмiхалася яна, цi можа сумнае было аблiчча? А што ж сказала Цудоўная З’ява? A на якой мове? Па расейску, ці па—польску? А можа на ангельшчыне? О так, такое пытанне з асаблiвай асалодай паставiў бы Бомба. А ўжо прыпомніўшы ангельшчыну — з імперыялістычнай гніллю ўсё яшчэ асацыюецца яна Бомбе — ягоныя вочы зараз жа звужаюцца ў дзве вострыя братвы. І не прыхаваць ад гэтых брытваў ні слова, ні думку.
Читать дальше