Міхась Андрасюк
Вуліца Добрай Надзеі
Апавяданні
© Міхась Андрасюк, 2010
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2010
© «Медысонт», 2010
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
За граніцай лес, а за лесам – рускія. Лес мкне да воблакаў стройнымі бярозамі, цягнецца вальшынай, шуміць соснамі. Абымшэлыя пні знікаюць у зялёнай чупрыне малінаў і крапівы. І ў гэтых расчохраных малінах, і ў пякучай крапіве напэўна сядзяць рускія ды, выструніўшы вушы, перасейваюць шум дрэваў, разгортваюць смольныя занавескі сасновых водараў, вылузваюць з ветру чалавечыя словы, а, можа, нават і думкі. Навошта – ніхто не ведае, але дакладна так ёсць. Бо чаму, падступаючы да лясной сцяны, старыя міжвольна сцішваюць голас, саслізгваюцца ў шэпт, а іх старыя жанкі засланяюць вусны далонямі і шныраць нямымі позіркамі ў густым кустоўі?
Часам у святочным застоллі, калі сівая самагонка вострыць словы дакладна так, як рамень вострыць брытву, а асёлка касу, развязваюцца іх языкі. І тады кажуць, што раней, пры іх маладой памяці, усё было іначай – дарогі не ўпіраліся ў калючы дрот, а вольнымі стужкамі праз Высокае, Валкастравец, Амелянец пралягалі за гарызонт, на край свету, а можа далей, і ніхто не бачыў тут ні граніцы, ні рускіх.
Дзеці – а іх няшмат тут – слухаючы размовы падпітых мужчынаў, заходзяцца ад смеху, трымаючыся за жываты, прысядаюць на кукішках. Самыя кемлівыя, каму прарочыцца будучыня ў афіцэрах, а нават і варшаўскіх міністрах, ляцяць кулём дадому. Вяртаюцца адтуль з тоўстымі кніжкамі або вялікімі мапамі і, разглядаючы запісаны на паперы парадак свету, тыркаюць іх пад нос старым, здзіўляюцца шчырым дзіцячым здзіўленнем: “Дзядзькі добрыя! Вы што, абалдзелі ці што? Такія краіны, вялікія і магутныя, не бадзяюцца от так сабе, ад няма чаго рабіць, з аднаго кутка свету ў другі. Рускія былі і ёсць усюды, як Бог”.
Сёння ніхто ўжо не ведае, чаму найвялікшая ў свеце імперыя дайшла да маленькай вёсачкі, якую называюць Вялікая Апака і, лізнуўшы задыханым языком стадолу Андрэя Саўчука, не схрумкала яе, не каўтнула, а спынілася, тут якраз размяжоўваючы свет на польскі і рускі?
Калі б запытаць прафесараўгісторыкаў, вядома, скажуць пра Ялту і Патсдам, пра стомленыя, нявыспаныя вочы генералаў і прэзідэнтаў, пра доўгія разважанні – над мапай свету і паасобным чалавечым лёсам.
Усё так. Але граніца ляціць стралой ад Такароў, ад Вулькі, Гайкоў, адважна перасякае балоты, лясы і рэкі, і толькі за Вялікай Апакай завіваецца ў калена, на дзіва падобнае да цыбука тытунёвай люлькі Іосіфа Вісарыёнавіча. Абмінуўшы стадолу, выструньваецца і прамой лініяй збягае ў Белавежскую пушчу. І гэтае калена магічным клічам прыцягвае мяне сюды кожны год. Кажу – “еду ў грыбы”, але гэта няпраўда. Выязджаючы з Варшавы, чую, як шуміць пушча. Пакідаючы за спінай Беласток, уяўляю цёплыя вулачкі Мястэчка. А потым перасякаю іх, не затрымліваючыся, бо прапала тут шмат дарагога, і калі няма магчымасці вярнуць усё, няма таксама сэнсу шукаць паасобныя фрагменты.
Спыняюся на граніцы. Паласа стаіць знаёмым цыбуком, і чарговы раз уяўляю крамлёўскі кабінет, і бачу, як маскоўскімі вуліцамі прагульваецца летняе сонца, аднікуль у нікуды пераплывае гаманлівая рэчка машын і пешаходаў, але тоўстыя муры паспяхова стрымліваюць і гоман, і спёку. Гаспадар Крамля разглядае вялікую мапу на сцяне, а за тры крокі ззаду пераступае з нагі на нагу ўсхваляваны капітан.
– Опака? Гідэ эта Опака? Что такое там асобэннае, что товарішчам полякам хотіте падаріць? – Іосіф Вісарыёнавіч пыхкае люлькай, адыходзіць ад мапы, чорныя вочы ўзіраюцца ў твар капітану Жлуктову. Ад такіх вачэй не схавацца і па другі бок зямнога паўшар’я, і пад зямлёй, і ў вадзе, і ў бяздонным блакіце нябёсаў, і капітан хвалюецца яшчэ больш. Губляюцца рускія словы, у халодныя абдымкі крамлёўскіх сценаў прарываецца родны, гомельскі акцэнт.
– Особенного нічого там няма. Маленькая дзярэўня, горка пасярэдзіне, – кажа капітан, а думкі ў галаве пырхаюць спалоханай птушкай: “Ну вось табе, падумае, барані Бог, перадражніваю, насміхаюся над яго пранонсам”.
Але генералісімус, здаецца, зацікаўлены якраз цалкам іншым.
– Горка і всё? Это какая такая “горка”? Как наш Кавказ? А, можэт, даже выше?! – чорныя вочы надалей казычуць капітанскі твар куслівымі мурашкамі, а вось голас памякчэў, гучыць аксамітным тэмбрам. Аб цеплыні голасу Іосіфа Вісарыёнавіча чуў нават самы маленькі смургаль у гэтай вялікай краіне, калі раз прынамсі пашчасціла яму завітаць у школу або папрысутнічаць на сходзе піянераў. І капітан Жлуктоў, афіцэр, вопытны ў франтавых справах, здагадваецца на ляту: бацька Сталін сёння ў дасканалым настроі. У іншым выпадку, у іншых абставінах на чарговае “Горка і всё?” сказаў бы капітан Жлуктоў звычаёвае “Так точна, товарышч Сталін”. А тут ён адзываецца зусім некарэктна: – Ёсць яшчэ самагонка ў Апацы, таварыш Сталін.
Читать дальше