— Сядзіце, сядзіце, толькі ногі крышку...
Мужчыны пападнімалі ногі, і яна павяла па падлозе анучаю, адышла, каб не замінаць людзям...
Ідучы з работы, як заўсёды, зайшла ў адзін магазін, у другі, напакавала сумку прадуктамі.
Даль засцілала рудая морась, дробнымі кроплямі сыпала ў твар, пад нагамі распаўзаўся раскіслы снег.
З вуліцы, забудаванай новымі камяніцамі, павярнула ў свой завулак — нізенькі, драўляны, з голымі дубцамі вішань, яблынь, напалову раскіданы завулак, у якім засталося ўсяго тры дамы і ў адным з якіх жаўтаватым агнём свяціліся вокны. Нехта ўжо дома — Таня ці Ларыса... А можа, усе сабраліся...
I хваля радасці, цеплыні накацілася на Фімку, зазвінеў, загучаў у душы даўні, забыты ўжо спеў. I ад яго па сэрцы — галубіным крылом, галубіным крылом.
Не ведае Фімка, чаго зрабілася так радасна і лёгка на душы. Можа, таму, што адкінула клопат пра той дакумент... Што будзе жыць, як і жыла. Радавацца, што з работы ідзе дадому. I што назаўтра з дому на работу пабяжыць... Што і там і тут людзі, якіх яна любіць.
Галубіным крылом, галубіным крылом... Ці з зямлі паднімаўся той спеў, ці плыў з неба, ці ў ёй самой нараджаўся?..
Гарадок быў нібыта незнаёмы чалавек, пра якога думаеш — вельмі ён на некага падобны, толькі не ўспомніш — на каго, а потым пачынаеш разумець, што гэта проста такое аблічча, блізкае табе аблічча, можа, нават земляка, чалавека з тваёй вёскі.
Так і гэты гарадок. Колькі іх, вось гэтакіх — з зялёным скверыкам у цэнтры, з Домам культуры, у архітэктуры якога можна пазнаць былую царкву альбо касцёл, з брукаванаю плошчаю, абапал якой на невялічкіх мураваных дамах шыльды — «Прадукты», «Кнігі», «Універмаг», з брукаванымі вуліцамі, што разыходзяцца ад гэтай плошчы. Не разбягаюцца, а іменна разыходзяцца, бо ўвесь тэмп жыцця ў такіх гарадках пасля шумных сталіц здаецца як у замаруджанай стужцы кіно. Тут у магазінах не падганяюць прадаўшчыцу — скарэй, скарэй, яна спакваля робіць сваю работу, тут не бягуць на злом галавы па вуліцах, каб дагнаць аўтобус ці тралейбус, тут не адмахваюцца ад чалавека, які што-небудзь пытаецца, а спыняюцца і шчыра, доўга, падрабязна расказваюць, як і куды ісці. Так падрабязна, што таму, хто спытаў, ужо хочацца скарэй пабегчы, бо ўсё ўжо даўно зразумеў. Але мясцовы жыхар тлумачыць, тлумачыць, а ў самога ў вачах столькі цікаўнасці, так хочацца яму, каб на яго тлумачэнні і ты даў свае, сказаў, хто ты ды адкуль, чаго сюды прыехаў, бо сваіх яны ўсіх ведаюць, а па табе адразу відаць, што ты тут залётная птушка.
Вера Максімаўна абследавала ўжо магазінчыкі, што стаялі абапал плошчы, ходзіць пагалоска — у такіх магазінчыках залежваюцца добрыя тавары. Цікавых тавараў яна тут, праўда, не ўбачыла, толькі ў кнігарні ляжаў крыху прыпылены томік успамінаў Верасаева, і яна купіла гэту кніжку. Пагуляла яна і па зялёным скверыку з пафарбаваным бронзаю помнікам Леніну ў цэнтры, але як глянула на гадзіннік, убачыла, што да аўтобуса яшчэ дзве гадзіны чакання.
Вера Максімаўна завітала ў гэты гарадок па пісьму, якое прыслала ў рэдакцыю іхняй газеты жанчына. Аўтарка пісьма скардзілася, што яе незаконна звольнілі з работы. Пакуль Вера Максімаўна прыехала, жанчыну ўзялі на работу назад, начальства дачулася, што пакрыўджаная кабета пажалілася прэсе, і вельмі скора ўсё было ўладжана. Вера Максімаўна магла толькі парадавацца аўтарытэту іхняй газеты, відаць гэта было па тым, з якою пашанаю яе прымалі, як тлумачылі, што сапраўды была памылка, але яна ўжо выпраўлена. Так што справа заняла ў Веры Максімаўны, можа, з гадзіну, астатні час да аўтобуса быў вольны, і яна не ведала, як яго прабавіць, як скараціць.
Пасядзеўшы на лаўцы ў скверыку, за якім відаць быў адзін бок той самай плошчы з магазінчыкамі, паназіраўшы, як зрэдку праходзяць па ёй людзі, Вера Максімаўна паднялася, азірнулася і вырашыла прайсціся па адной з вуліц, што разыходзіліся ад плошчы. Выбрала тую, што здалася ёй зелянейшаю, прыгажэйшаю, і пайшла па драўляным тратуарчыку.
Дамы на вуліцы былі драўляныя, з садамі, дзе завязваліся ўжо яблыкі, ігрушы, з агародамі, на якіх зелянелі цыбуля, укроп, чырванела бураковае бацвінне. Дамы былі пафарбаваныя, з верандамі, чым і адрозніваліся ад тых вясковых, якія яшчэ памятала Вера Максімаўна, і вуліца адрознівалася ад той вясковай, хоць шмат і падобнага было ў ёй. Былі тыя ж цішыня, сады і агароды, а не хапала, мусіць, гумнаў ды хлявоў з даверліва расчыненымі варотамі, не хапала калодзежаў з доўгімі дзюбамі жураўлёў альбо з цэпамі, накручанымі на барабаны, не хапала таго салодкага паху гною, паху цёплага, толькі з-пад каровы, малака і яшчэ нечага, няўлоўнага, чым пахла старая вёска.
Читать дальше