Па дашчаным тратуары, на якім некалькі дзён таму назад ляжаў забіты немцамі чалавек, паўз магазін, цяпер разбураны, разбіты, паўз будынак іхняй школы, з якога немцы зрабілі казарму, пайшла яна на Грушаўскую вуліцу.
Драўляная вуліца ляжала зялёная, цэлая. Толькі нейкая ціхая, як нежывая. Першыя гукі пачуліся з дома, у якім жылі Іра з Жэняю:
Помнишь ли, родная,
Ночи голубые,
Звонкий шелест листьев
Под ночным дождем...
З хвіліну Вера стаяла, быццам аглушаная, не верачы, што і цяпер можа быць музыка. А мелодыя плыла, і хрыплаваты жаночы голас спяваў:
Дождь идет, роняя
Брызги золотые,
С тобой мы только вдвоем,
Только вдвоем с тобой...
Нясмела адчыніла дзверы.
На стале стаяў патэфон. I круціўся на ім чорны дыск. I плаўна ківалася, вадзіла іголкаю па пласцінцы, мембрана.
Вакол стала танцавалі пары. Жэня з Казікам, вучнем іхняга класа. Іра з Колем, што жыў на іхняй вуліцы. I Ніна, таксама з іхняга класа. Ніна танцавала з незнаёмым хлопцам у белай кашулі, з цёмнаю хвалькаю валасоў над высокім ілбом.
У Ніны былі светла-блакітныя, як вадзяністыя, вочы. Дзіўна, але Веры чамусьці здавалася, што Ніны наогул няма, яе не існуе на свеце, ёсць толькі нейкая яе абалонка, апранутая ў сукенку. У Нініных вачах была пустата... I не было, не існавала Ніны. Але яна, аказваецца, была, існавала дзяўчына па імені Ніна і танцавала цяпер з незнаёмым хлопцам у белай кашулі, з хвалькаю цёмных валасоў над высокім ілбом.
На Веру тут быццам не звярнулі ўвагі. Прыйшла, дык прыйшла, села, дык сядзі... I яна, прымасціўшыся на крэсле, што стаяла пры сцяне, з дзівам пазірала на сябровак.
I тут было, як на іншай планеце. Хіба раней тут танцавалі з хлопцамі? У галаве былі ўрокі, кнігі. Часам, праўда, і танцавалі, але адны дзяўчаткі. Найбольш зубрылі, калаціліся перад экзаменамі...
Пласцінка скончылася, Жэня падбегла, перавярнула яе на другі бок, пакруціла ручку патэфона, апусціла на пласцінку іголку. Пласцінка крыху пасіпела, а потым зноў завяла:
Танцуй танго...
Мне так легко...
Под звуки танго танцуем с тобою
Мы первый раз...
Пары памяняліся. Цяпер Жэня танцавала з Колем, Ніна з Казікам, а Іра з незнаёмым хлопцам. I ўсё нечага шапталіся, шапталіся між сабою. А Вера сядзела, глядзела. Сама не ведае чаму, вочы яе ўвесь час сачылі за незнаёмым. Нешта ў ім уразіла Веру. Можа, тая цёмная хвалька над высокім ілбом?.. А можа, цвёрды, як мужчынскі, позірк?.. А можа, тое, як ён зграбна танцаваў?..
Мусіць, ён быў старэйшы за іх, не нашмат, можа, на які год альбо два. Але адчувалася, што старэйшы, не такі, як Казік альбо Коля. З гэтымі Вера была як і з дзяўчатамі, яны не выклікалі ні трывогі, ні сораму, не хавалі ў сабе таямніцы. А гэты, хоць бачыла яго першы раз, абудзіў нешта невядомае, чаго зусім не ведала ў сабе.
Пасля танга быў факстрот. Яшчэ адзін факстрот. Зноў танга. Дзяўчаты танцавалі, мяняючы сваіх кавалераў, а Вера ўсё сядзела, глядзела. Яе не заўважалі. Ну і няхай!.. З Казікам ды з Колем ёй усё роўна не цікава было б танцаваць, ёй нават крыху дзіўна рабілася, што Іра, Жэня ды Ніна так сур’ёзна з імі танцуюць. Гэта ж былі двоечнікі, колькі паспісвалі яны ў Веры задачак, а выходзілі да дошкі, то так і глядзелі, каб хто падказаў, на экзаменах шпаргалак нарабілі.
А гэты, незнаёмы... Каб гэты запрасіў яе на танец, то яна, мусіць, самлела б ад сораму, ад страху, мусіць, у яе падкасіліся б ногі і яна не змагла б нават стаць на іх, не толькі танцаваць.
Потым вярталася дадому, а з вачэй не сыходзіў ён. Цёмная хвалька. I цвёрды позірк. I нешта незнаёмае праходзіла праз грудзі, нешта ў іх сціскалася, рабілася то радасна, то трывожна, і дзіўна было ад такіх адчуванняў, і непадуладныя былі яны, каб іх адкінуць.
Назаўтра Вера зноў пайшла да сябровак. I там зноў танцавалі. I быў ён. Танцавалі, як і ўчора, мяняючы пары. А Вера зноў сядзела пры сцяне.
I раптам, калі пласцінка каторы раз завяла сваю мелодыю, незнаёмы хлопец падышоў да яе і запрасіў на танец.
На ўсю моц затахкала сэрца. Як у сне — паднялася. А ён ужо выводзіў яе на сярэдзіну пакоя.
Танцуй танго...
Мне так легко...
Ногі сапраўды не слухаліся. I як жа старалася Вера пабароць страх, сорам, як старалася зграбна хадзіць пад музыку. I не бачыла перад сабою свету, усё засланяла яго белая кашуля. Толькі недзе пад сярэдзіну пласцінкі пачала танцаваць смялей.
Ён сказаў, што зваць яго Валодзя. Што жыве каля «Белпалка». Былога «Белпалка», цяпер яго занялі немцы. Але людзі ўсё роўна называюць — «Белполк».
Читать дальше