У вялікім пакоі прасторнай кватэры Віктара Паўлавіча быў накрыты доўгі, ад сцяны да сцяны, стол з багатымі закускамі, бутэлькамі гарэлкі і віна. За такім сталом толькі святкаваць, гуляць вяселле, хрэсьбіны, а не спраўляць сумны рытуал апошняга развітання.
Людзей у кватэры сабралася многа, але гаварылі ўсе паціху, стараліся моцна не стукаць, не грукаць крэсламі. Без лішніх размоў і запрашэння садзіліся за стол. Таня апынулася чамусьці побач з рэдактарам і непрыемна ўспомніла тое, што нядаўна адбывалася ў яго кабінеце. Але на той успамін наплыло толькі што бачанае, чутае — васковы твар Віктара Паўлавіча з сіняю плямкаю на скроні, светлая хвалька валасоў над белым скамянелым ілбом юнака, кветкі, кветкі, іх магільна-салодкі пах, жалобная музыка, гулкія ўдары зямлі па веку труны, і захацелася дараваць рэдактару, дараваць усім іх зло і несправядлівасць. Здаецца, каб змагла ўсім усё дараваць, то і зніклі б з зямлі — нянавісць, зло.
— Вы павінны хоць крышку выпіць і закусіць... I вось гэтага хоць крышку,— паказаў ёй рэдактар на рысавую кашу з цёмнымі ягадкамі ізюму.— Такі рытуал...
У голасе рэдактара спагада... Можа, пахаванне, могілкі і ў яго абудзілі сусветны жаль, усведамленне роўнасці ўсіх перад магілаю прывяло да такога дэмакратызму — сядзіць побач са звычайным літсупрацоўнікам ды яшчэ паказвае яму сваю ўвагу.
Таня абвяла вачыма стол. Толькі цяпер, здаецца, пачула пах смажанага мяса, і ад гэтага паху занудзіла.
— Вось ваша чарка, я наліў, выпіце, так трэба,— гаварыў рэдактар.— Што вам пакласці закусіць?
— Дзякуй, нічога не трэба, я сама.
Яна з’ела лыжку несалёнай саладкаватай кашы. Напарола на відэлец скрылёк агурка. Калі пасля памінальнага слова ўсе паднялі чаркі, і яна прыгубіла, заела агурком.
Доўга за сталом не сядзелі, трэба было даць адпачыць сям’і, якая змучылася за гэтыя дні. Пачалі патроху паднімацца.
Таня здзівілася, калі і на вуліцы ўбачыла каля сябе рэдактара, ці яму сапраўды трэба было ісці ў яе бок, ці спецыяльна пайшоў за ёю? Машыну сваю адпусціў, як толькі вярнуліся з могілак.
Дождж перастаў, і на вачах пачынала падсыхаць, здавалася, аж пара ўзнімалася ад асфальту, і большалі на ім сухія плямы. Тралейбусы, аўтобусы, пырскаючы рэшткамі вады, што пазаставалася ў выбоінах, беглі і беглі па вуліцы, у паветры вісеў пах перагарэлай саляркі, асабліва едкі ў вільготным яшчэ паветры. Густым шэрым натоўпам ішлі людзі, іх вельмі многа цяпер у горадзе, і з кожным годам большае. Таня памятала яшчэ разбураны, пасляваенны Мінск з гарамі друзу, разбітай цэглы, з абгарэлымі сценамі дамоў, праз пустыя праёмы вокнаў якіх лёталі вароны, з градкамі бульбы, буракоў на пустырах, абгароджаных спінкамі абгарэлых ложкаў. Тады на вуліцах горада было мала прахожых, а вечарамі яны амаль пуставалі. Часам, ідучы дадому пасля заняткаў у вячэрняй школе, Таня за ўсю доўгую дарогу не спатыкала ніводнага чалавека. З яе дзівіліся — як не баіцца хадзіць поначы адна, як не баіцца «Чорнай кошкі» — казалі, што такая банда шнырыць цяпер па гарадах, але за ўсю доўгую зіму сорак пятага года яе на тых вуліцах ніхто не напалохаў, ніхто не пакрыўдзіў.
Таня памятала першы экскаватар на Савецкай вуліцы, успоўзшы на гару друзу, што застаўся ад будынка, ён чэрпаў каўшом зямлю, і ўсё шырэйшая, глыбейшая рабілася пад ім яміна, а вакол стаялі разявакі — дзівіліся з яго сілы і спрытнай работы. Калі б не праходзіла Таня каля экскаватара, вакол яго стаяў народ, адны, налюбаваўшыся, адыходзілі, другія падыходзілі, глядзелі — такім цудам здаваўся тады экскаватар. Людзі прыкідвалі, колькі часу, нават з такімі машынамі, трэба на горад, каб разабраць увесь друз ды накапаць катлаванаў пад новыя будынкі, і ў самых вялікіх аптымістаў выходзіла, што на гэта спатрэбіцца не менш чым пятнаццаць гадоў. А цераз пятнаццаць гадоў стаяў ужо новы горад. Праўда, ён быў яшчэ далёка не такі, як сёння, але ўсё роўна гэта быў горад з новымі дамамі, шырокімі вуліцамі, горад-юнак. Цяпер ён, як той юнак-акселерат, расце непамерна, не паспяваючы як след забяспечыць свой арганізм вадою, газам, электрычнасцю, не паспяваючы апранаць свае новыя вуліцы асфальтам, не паспяваючы будаваць, будаваць, каб пасяліць усіх сваіх жыхароў у новыя кватэры. Кожную вясну Таня бачыць, як, нібы пасля зімовай спячкі, усё гусцейшы натоўп высыпае на вуліцы, стаіць на скрыжаваннях, чакаючы зялёнага святла, больш нецярплівыя кідаюцца ледзь не пад машыны, іх прымушаюць трымаць дысцыпліну свісткі міліцыянераў і дружыннікаў.
Читать дальше