На балконе клуба паставілі магнітафон з запісанаю на стужку жалобнаю музыкаю, і яна бесперастанку плыла, залівала залу ціхім смуткам. Тужліва спяваў жаночы хор.
Ішлі і ішлі людзі, неслі кветкі, вянкі. Вянкі былі ад усіх рэдакцый горада, прывезлі нават з вобласці, з той газеты, дзе некалі Віктар Паўлавіч пачынаў сваю работу журналіста.
Аднойчы Таня бачыла, як хавалі таксіста, забітага бандытамі. За труною ехалі сотні машын-таксі, увесь парк выйшаў праводзіць свайго таварыша ў апошнюю дарогу. Хоць Віктар Паўлавіч памёр і сваёю смерцю, нешта падобнае адбывалася і тут — усе журналісты горада ішлі развітацца са сваім калегам.
Усё большала кветак у труне, усё больш вянкоў выстрайвалася вакол пастамента, на якім узвышаўся нябожчык. З боку труны стаялі крэслы, на якіх сядзелі родныя, сваякі. Справа, з чорнаю хустачкаю на галаве, не адымаючы белай насоўкі ад сплаканага твару, сядзела жонка. Каля яе дзве дарослыя дачкі, таксама з чорнымі хустачкамі на валасах, адна ў чорнай сукенцы, другая ў чорным світэры.
Пасля кароценькага перапынку зноў зайграла жалобная музыка, і дачка, што была ў чорным світэры, мусіць, меншая, раптам упала лобам на край труны, голасна заплакала. I дзіўна было, што бацька ляжаў — зусім спакойны, безудзельны да гэтага плачу, не супакойваў, не суцішаў дачкі.
Да Тані раптам нібы падступіла вечнасць, агарнула таямнічасцю, веліччу, і хацелася перад яе тварам быць лепшаю, адкінуць дробязнае, не вартае таго касмічнага, што ўбірае ў сябе жыццё чалавечае.
З чырвона-чорнымі павязкамі на рукавах стаяла ганаровая вахта. Мянялася цераз кожныя дзве хвіліны. I Таня з Любаю надзелі чорныя павязкі, і яны падышлі да труны. Таня стаяла ў нагах, глядзела на васковы твар, на якім так мала засталося ад жывога Віктара Паўлавіча, цяжка пазнаць, на васковыя рукі, складзеныя на грудзях, і ўспамінала, калі ж яна бачыла яго апошні раз жывога. Успомніла — калі пісаў ёй даведку на тэлефон... Ну так, яна тады яшчэ сказала так па-дурному: «Хіба без вас газета не выйдзе?» А ён адказаў: «Не столькі я газеце патрэбен, як яна мне...» Ой, адчуюць яны цяпер, як і ён быў патрэбен газеце, і як работнік, і як чалавек...
Нехта дакрануўся да пляча, схамянулася. Ага, прайшлі тыя дзве мінуты, што паложана стаяць каля труны. Адышлася.
Потым казалі прамовы — выступалі тыя, хто найбольш ведаў Віктара Паўлавіча, выступіў і рэдактар, і Таня ўбачыла на яго твары непадробны чалавечы смутак. Усе гаварылі пра нябожчыка, які ён быў сумленны работнік і сціплы, харошы таварыш, выказвалі жаль з яго заўчаснай смерці.
Пад жалобную музыку духавога аркестра выносілі труну на вуліцу. Сыпаў дождж, было холадна, людзі раскрывалі парасоны, і ад іх за труною рабілася страката. Пад ногі тым, што неслі труну, кідалі жаўтавата-празрыстыя нарцысы, яркія барвовыя цюльпаны, блакітныя гіяцынты — вясновыя кветкі, і яны падалі на мокры, забруджаны асфальт. Вельмі скора па гэтай вуліцы паедуць машыны, пойдуць людзі, зусім не ведаючы, што нядаўна тут, пад халодным росным небам, на людскіх руках плыла труна, толькі расплюшчаныя на доле кветкі, можа, затрывожаць незнарок кінуты на іх позірк, але і кветкі ўжо будуць не кветкі, а нябожчыкі, нельга будзе даць веры, што яшчэ зусім нядаўна яны лашчылі вока.
Сыпаў дождж, і людзі, правёўшы труну да жалобнага аўтобуса, патрошку разыходзіліся, але Таня з Любаю і падумаць не маглі, каб не паехаць на могілкі.
I вось яны каля апошняга прыстанку Віктара Паўлавіча. Зеўрае жоўтай зяпай магіла, гатовая паглынуць сваю ахвяру, побач жоўтая горка пяску, гатовага легчы ў дол, адкуль яго нядаўна выграблі пад гэтыя вецер і дождж, пад ногі людзям.
Калі пачалі развітвацца з нябожчыкам родныя і заплакалі жонка, дзеці, Таня адышла, каб не чуць, не бачыць гэтага — апошняга. Вакол магілы, вакол нябожчыка цяпер густым чорным кругам, з парасонамі над галовамі, стаялі людзі, яны ўсе цягнуліся тварамі туды, да цэнтра, нібы баючыся прапусціць нешта цікавае і важнае. Таня апынулася ў баку ад іх, цяпер каб і хацела, яна б не вярнулася назад, да труны, так густа абступілі яе людзі. Яна стаяла ўбаку, чакаючы, калі скончыцца тое, калі ўдары малатка па цвіку абвесцяць — усё.
Недалёка ад іх таксама ішло пахаванне, магіла была выкапана на невялічкім узвышшы, і Таня бачыла каля яе, на жоўтай горцы пяску, пастаўленую на памост труну, абабітую чырвоным крэпам, шмат вянкоў, якія трымалі, стоячы вакол труны, маладыя хлопцы і дзяўчаты. Сваімі дальназоркімі вачыма Таня разгледзела ў труне, сярод мноства кветак, маладое аблічча. Над белым застылым ілбом юнака ляжала светлая хвалька валасоў, чорны гарнітур з бялюткай кашуляй і гальштукам надавалі яму ўрачыстасці, быццам прыйшоў сюды хлопец са свята, а можа, і з вяселля.
Читать дальше