— Газета выйдзе і без мяне,— не пакрыўдзіўся Віктар Паўлавіч.— Не так я ёй патрэбен, як яна мне...
— Даруйце,— папрасіла Таня.— Ды яшчэ з гэтым маім тэлефонам... Кіньце, іншым разам... Ачуняеце, тады напішаце...
— Ды нічога, я пайду прадыктую машыністцы.
Таня вярнулася ў аддзел, села на сваё месца. Любы не было — недзе пайшла. Зазваніў тэлефон. Аўтар рамана пытаўся, ці хутка пойдуць яго ўрыўкі. Таня сказала, што пачнуць друкаваць з наступнага нумара.
Скора Віктар Паўлавіч прынёс ёй падпісаную рэдактарам паперу.
— Толькі ці паможа яна,— сказаў Тані.— Там такіх просьбаў — горы. Ну, але жадаю ўдачы.
Таня пакінула Любе запіску, што пайшла выбіваць тэлефон, і, узброеная паперкаю з рэдакцыйным бланкам, пабегла на тэлефонную станцыю.
Сакавік сёлета выдаўся халодны, за цэлы месяц якія тры цёплыя дні, астатні час дзьмуў вецер, ішоў дождж, нават са снегам, сонца калі і свяціла, то не магло прагрэць тоўсты пласт халоднага паветра. Цяпер сакавік быў на зыходзе, і нарэшце пацяплела, сонца адбівалася ў шыбах вітрын, клалася пад ногі, на сухі чысты асфальт. Людзі адразу павесялелі, папрыгажэлі, з’явілася шмат дзяўчат, маладых жанчын у светлых палітонах і пілотках, модных гэтым сезонам. У куртках, без шапак, з доўгімі валасамі і бародамі спяшаліся маладыя мужчыны.
Таня апошнім часам пачала заўважаць, што ўжо не хвалююць яе, не цікавяць модныя строі, ды ў яе гады і смешна было б, мусіць, надзець такую пілотачку. Яна і маладая не вельмі ганялася за ўборамі, не было на што купляць строі, маці памерла скора пасля вайны, бацька яшчэ перад вайною, вучылася і працавала, грошай ледзь хапала на жыццё, мела якіх дзве сукенкі і адно паліто на ўсе сезоны. Ніхто ёй не загадваў вучыцца, ніхто не абяцаў, ды і не было каму абяцаць дапамогі, яна пайшла вучыцца, бо не ўяўляла, як гэта можна — не вучыцца. I ў галаве ў яе не было, што вось дыплом забяспечыць ёй бязбеднае жыццё. Былі ў сэрцы ідэалы, голас душы клікаў рабіць нешта добрае, высокае, неабходнае ўсяму чалавецтву. Яшчэ блізка была вайна з яе горам, пакутамі, калі ўсё каштоўнае і некаштоўнае вымяралася не грашыма, а чалавечымі жыццямі, калі ўсе грэліся ў праменнях перамогі і здавалася — наперадзе вечнае шчасце і вечная маладосць.
Але вось і мінула яна, Таніна маладосць, ужо маладзенькія модныя дзяўчаткі глядзяць на яе са скептычным недаўменнем — няўжо і гэтай кабеціне патрэбен новы капялюш? Што наогул ёй патрэбна тут? Часам Тані робіцца вусцішна каля іх — высокіх, дужых акселератак, упэўненых у сабе і ў тым, што свет належыць толькі ім, вусцішна ад іх практыцызму, ад іх пагарды да старэйшых, якую яны ўмеюць схаваць за з’едлівым гумарком. Якія ў іх думкі, ідэалы?
Голас душы, які кіраваў Таняю ў маладосці, не заглух і цяпер, і цяпер хочацца ёй служыць дабру і праўдзе, але цяпер яна не заўсёды ведае, як гэта рабіць, яе палохае нейкая апантанасць, сквапнасць многіх людзей, выстаўляюцца адно перад адным — багаццем, пасадаю, поспехам. Бескарыслівых энтузіястаў робіцца ўсё менш, ды і тыя, што спачатку здаваліся бескарыслівымі, аказваліся не такімі ўжо і бессярэбранікамі, падабалася, што іх на ўвесь свет праслаўлялі за энтузіязм і бескарыслівасць, часта гэтым праслаўленнем псавалі сапраўды працавітых, сціплых людзей. А якія жорсткія людзі адзін да аднаго — у магазінах, тралейбусах, няўжо вайна нічому не навучыла, не навучыла людзей дабрыні?
Дабрыня... Каб хто сказаў, калі яна сябар, калі вораг. Вось што рабіць ёй з Сашам — яшчэ трымаць пад гневам ці дараваць ужо? Не, дараваць яна не даруе, але ці трымаць яго і далей у такой строгасці — не пускаць на вуліцу, не дазваляць уключаць тэлевізар? Каб не набралася ў сынава сэрца злосці...
Адчувала на твары цёплы прамень, з ледзь прыкметнай шчылінкі паміж домам і тратуарам прабіваліся, зелянелі сакавітыя пер’і травы. Прырода рабіла сваё.
Вечарам Саша яшчэ ўсё вінавата папрасіў:
— Мама, я ўключу тэлевізар, там кіно пра вайну...
Таня сама ўжо думала сёння — ці не парушыць ёй паласу адчужанасці з сынам, каб не перабаршчыць у сваёй строгасці, але зрабіла выгляд, што думае — дазволіць ці не дазволіць.
— Уключай,— сказала стрымана.
Узрадаваны хлопец падбег да тэлевізара, уключыў.
Матчына згода дазваляла яму зрабіць вывад, што гнеў яе мінуўся, і ён, радасны, як сабачанё, прылашчанае гаспадаром, закруціўся вакол мацеры, загаварыў:
— Валерка бачыў гэта кіно, казаў, што міравое кіно, а я тады не бачыў, я на двары гуляў.
— Вось то-та, табе то ў двары гуляць, то кіно глядзець, калі ты за розум возьмешся,— не стрывала, папракнула Таня.
Читать дальше