Ён вёў машыну і маўчаў. У яе круціліся на языку яшчэ нейкія словы, хацелася ямў яшчэ нечым дапячы, можа, нават пасмяяцца, што ён утаіў грошы ад жонкі, але чамусьці расхацелася смяяцца, падумала, што гэта было б вельмі па-бабску. I потым — у яго спіне, у павароце галавы яна ўбачыла нешта вінаватае, бездапаможнае, куды дзеўся салідны чалавек, прафесар, які нядаўна ішоў да машыны, зрабілася шкода яго, быццам яна і праўда хацела яго пахаваць і ён быў на гэта згодны.
— Спыні машыну... Грошы ў канверце я пакідаю на сядзенні... I больш ніколі гэтага не рабі,— паўтарыла яна.
Ён паслухмяна падвёў машыну да тратуара, спыніў. Таня пачала тузаць дзверцы — не магла сама адчыніць. Ён перахіліўся цераз крэсла, дапамог ёй. На міг яго рука, яго твар наблізіліся да яе, і на яе дыхнула родным, сваім, падобным на Сашку... Цясней зрабілася ў грудзях.
Яна трымала ўжо дзверцы адчыненыя, але не выходзіла з машыны, быццам чакаючы ад яго нейкага слова ці збіраючыся нешта на развітанне сказаць яму.
— Што я павінен зрабіць? — спытаўся ён, павярнуўшыся да яе тварам.
Таня паглядзела яму ў вочы.
— Нічога... А ты б не хацеў пабачыць свайго сына?
— Не,— адвярнуўся ён ад Тані, узяўся дзвюма рукамі за руль.
— Чаму?
Ён памаўчаў.
— Бо тады б ён стаяў перад маімі вачыма... I я, магчыма, не змог бы стрымацца...
— Шкадуеш сябе,— сказала з іроніяй.
Ён нічога не адказаў.
— Як хочаш,— Таня выйшла з машыны, бразнула дзверцамі, пайшла не азіраючыся.
Было крыўдна, да слёз крыўдна, што не захацеў пабачыць Сашку. Беражэ спакой сваёй сям’і... Беражэ свой аўтарытэт — перад дзецьмі, на рабоце, бо, калі дазнаюцца дзеці, на рабоце — спадзе арэол непагрэшнасці... I было крыўдна, надта крыўдна, што для спакою сваёй сям’і, для свайго аўтарытэту так лёгка ахвяруе сынам, няхай і пабочным.
Думаць так было страшэнна цяжка, Тані наогул было цяжка адчуваць сябе несправядліва пакрыўджанаю, заўсёды шукала і сваёй віны, лягчэй было адчуваць несправядлівай сябе, чым без віны пакрыўджанай. Вось і цяпер пачала шукаць яму апраўдання: а якое, уласна, я маю права выстаўляць да яго прэтэнзіі? Ён мае права берагчы сваю сям’ю, берагчы свой аўтарытэт, я не менш вінаватая за яго, ведала, што жанаты... А сёння... Не, што грошы аддала, гэта правільна, але трэба было больш тактоўна... Трэба было пагаварыць па-чалавечы, павіншаваць яго з доктарскай дысертацыяй, спытаць, як дзеці, як той, што часта хварэў, пісаў яму пісьмы з берага мора: «Даплываю ўжо да буйка...» Колькі ж гэта яму ўжо? Шэсць ды восем — чатырнаццаць... Калі ўжо Сашу будзе чатырнаццаць?.. Не, я зусім не так сябе з ім трымала. Заднім розумам моцная, хоць пабяжы ды дагані тую «Волгу», пачні ўсю размову спачатку.
I яшчэ, як ні дзіўна, трохі шкода было грошай — яны былі б ёй зусім, зусім не лішнія. Але не ўяўляла сабе, як магла б імі пакарыстацца.
Аднак сустрэча, якой яна так чакала, якую рыхтавала, якая так доўга была для яе ў будучым, адышла ўжо ў мінулае, як і ўвесь сённяшні дзень, і перажыць яго нанова, нешта ў ім паправіць было немагчыма.
I зноў пабег час — у рабоце, клопаце. Кожны дзень выходзіла газета, і ў кожны нумар, хоць ты памры, павінен быў паступаць матэрыял і з іх аддзела. Ён паступаў бы, каб Таня і сапраўды памерла, як не спынілася б ад гэтага выходзіць і газета, як не спынілася б ад гэтага наогул жыццё на зямлі, яе работу выконваў бы нехта іншы. Але пакуль Таня жыла, пакуль працавала ў аддзеле, то гэты клопат ляжаў на ёй і на Любе, але кожны ведае, што начальнікі заўсёды робяць менш работы, чым падначаленыя, так што большая доля грузу клалася на Таню.
Ёй далі асобную аднапакаёвую кватэру, і Таня ўпершыню ў жыцці адчула сябе гаспадыняю, быццам нават цвярдзей усталявалася на зямлі. Праўда, кватэра была не новая, на пятым паверсе, людзям, якія ў ёй жылі, далі лешпую. Кватэра не мела тэлефона, да якога так прывыкла Таня і які быў ёй вельмі патрэбны, але ўсё роўна гэта была першая ў яе жыцці кватэра, яна магла рабіць у ёй што сама хацела, адчуваць сябе гаспадыняй, як хацела магла карыстацца кухняю і калідорам.
Потым надышоў дзень, калі Сашу, у новенькай школьнай форме, з кветкамі ў руках, з ранцам за плячыма, завяла яна ў першы клас. I гэта была хвіліна, дзеля якой варта было жыць на свеце.
А потым Саша прынёс першую пяцёрку — радасць мацеры, а потым першую двойку, якая прывяла Таню ў адчай.
Новая кватэра з усімі выгодамі паказвала і свае невыгоды. На старой кватэры разам з ёю жылі пажылыя людзі, і часам можна было іх папрасіць, каб прыгледзелі за Сашкам, тут Сашка быў аддадзены самому сабе. Адпраўляючы сына ў школу, Таня вешала яму на шыю, на шнурку, каб не згубіў, ключ ад кватэры. Пасля школы загадвала ісці дадому, есці тое, што пакідала яму на стале ў тэрмасах, і нікуды не хадзіць, пакуль яна не вернецца з работы.
Читать дальше