Таня ледзь не самлела.
I як жа была яна ўдзячная Віктару Паўлавічу, што нікому не сказаў пра яе памылку... А некаторыя дзяжурныя не так рабілі. Той жа Кулік, рады выслужыцца перад рэдактарам, паказаць, які пільны, з кожнаю не там пастаўленаю коскаю бег скардзіцца на аддзел. Віктар Паўлавіч пашкадаваў яе, зялёную, нявопытную.
Яшчэ больш уважліва пачала Таня чытаць матэрыялы. і больш памылак па яе віне не было.
Люба тады не загадвала яшчэ аддзелам, яе месца займаў Алесь Жумар, малады паэт, які потым перайшоў на работу ў выдавецтва, на яго месца і паставілі Любу. Таня да таго часу так паднатарэла ў рабоце і сама пачала пісаць рэцэнзіі, друкавацца, што ў душы нават крышку пакрыўдзілася на начальства — не маглі хіба яе паставіць загадчыцаю?.. Але крыўда скора прайшла, мусіць, нечага ёй не хапае, каб зрабіцца хоць маленькаю начальніцаю, мусіць, вышэй за літработніка яна ў сваёй кар’еры не паднімецца.
А ў чалавечнасці Віктара Паўлавіча ёй яшчэ не раз даводзілася пераконвацца — і ў адносінах да сябе, і ў адносінах да іншых.
Сёння яна з раніцы вырашыла, што зойдзе да рэдактара, папросіць паперку наконт тэлефона, але вось ужо хутка дванаццаць, а яна яшчэ не зайшла, усё адцягвае — зараз, зараз... Нарэшце вырашыла, што раней ці пазней зайсці давядзецца, і рашуча пакіравалася ў прыёмную.
Сакратарка Света — зусім маладая дзяўчынка з моднаю стрыжкаю, з блакітнымі павекамі, закладвала ў карэтку пішучай машынкі чысты ліст паперы. Таня спытала ў яе, ці рэдактар адзін у кабінеце. Тая кіўнула галавою — адзін.
Адчыніла дзверы.
Рэдактар сядзеў далёка, на другім канцы кабінета, доўга ішла да яго стала. Ён падняў вочы ад паласы, нядаўна прынесенай з друкарні. У руках у яго быў чырвоны аловак, гэтым алоўкам ён звычайна падкрэсліваў у матэрыялах месцы, якія яму не падабаліся. I на свежай паласе Таня ўбачыла ў адным месцы след гэтага алоўка.
— Прабачце, калі ласка, вы заняты,— пачала Таня,— але вы на рабоце заўсёды заняты, а мне вельмі трэба...
Рэдактар трымаў аловак над паласою напагатове, сесці Таню не запрасіў, паказваючы, што не мае часу на доўгую размову.
— Міхаіл Арсенавіч, мне вельмі патрэбен тэлефон, а на тэлефоннай станцыі вельмі вялікія чэргі, я некалькі гадоў ужо чакаю... Ці не маглі б вы... Ад рэдакцыі... Даведку... У мяне сын, няма за хлопчыкам кантролю, хоць бы па тэлефоне,— збіўчыва тлумачыла Таня сваю просьбу. Але рэдактар адразу зразумеў, чаго яна хоча. Ну так, абанентных нумароў на станцыі не хапае, паставіць тэлефон складана, але просьбу рэдактара газеты могуць улічыць, калі напісаць, што тэлефон патрэбен не так супрацоўніку, як газеце, каб можна было пры патрэбе выклікаць...
Таня была, вядома, не такі вялікі работнік у рэдакцыі, каб ёй спецыяльна ставіць тэлефон, і яна разумела незаконнасць сваёй просьбы, але што ёй рабіць. Пакуль не здарылася гэтай гісторыі з Сашам, яна і не прасіла, але цяпер...
— Дык вы што, па тэлефоне будзеце выхоўваць сына? — падняў рэдактар на Таню вочы, па якіх яна ніяк не магла здагадацца — ці рэдактар ёй спагадае, ці насміхаецца з яе.
— Як адзін са сродкаў кантролю,— вінавата ўсміхнулася Таня.
Напружанасць пачала яе адпускаць, падступіла нават крыўда: божа мой, колькі балабонак гадзінамі сядзяць на тых тэлефонах, гавораць абы пра што, а ёй трэба выпрошваць, прыніжацца.
— Калі гэта няможна, то няможна,— суха сказала яна, паварочваючыся, каб ісці. Гонар, шмат перашкаджаў ёй у жыцці гонар, але найцяжэй, амаль немагчыма змагацца з самой сабою.
— Скажыце Віктару Паўлавічу, няхай напіша, я падпішу,— сказаў рэдактар і апусціў вочы на паласу.
— Дзякуй,— сказала Таня. I яшчэ раз шчыра паўтарыла: — Дзякуй.
Яна адразу пайшла да Віктара Паўлавіча, растлумачыла, чаго прасіла ў рэдактара і што рэдактар накіраваў да яго.
— На рэдакцыйным бланку напішыце,— папрасіла Таня.
— Вядома,— кіўнуў галавою Віктар Паўлавіч.— Даўно трэба было гэта зрабіць.
— Ды няёмка,— сказала Таня.
Віктар Паўлавіч выглядаў сёння кепска — бледны твар, цёмныя кругі пад вачыма, вусны сіняватыя.
— Вы, можа, нездаровы,— са спачуваннем спытала Таня.
— Я, дзевачка, даўно нездаровы,— прызнаўся Віктар Паўлавіч.— А сёння ноччу і праўда... Сардэчны прыступ, «хуткую дапамогу» выклікалі.
— То чаго вы прыйшлі на работу! — абурылася Таня.— Ідзіце дадому, думаеце, без вас газета не выйдзе? — сказала і тут жа зразумела, што ляпнула не тое, не трэба было так казаць, можа, чалавек прыходзіць, бо адчувае сваю неабходнасць на рабоце, а яна яму — так нетактоўна...
Читать дальше