Цяпер імя Фэля было ўжо не іерогліф. За ім стаяла дзяўчынка ў белым вэлюме, з вяночкам на валасах, са шчырым поглядам і далікатным падбародкам. Стаяў чалавек са сваім лёсам, так дачасна і трагічна абарваным.
Я пачала шукаць. Вельмі мала дадало б мне гэта да асноўнай маёй тэмы, не раскрыла б новага пра Цётку. I ўсё ж... Лёс Фэлі хваляваў, не даваў спакою.
Гаспадар невялічкай хаткі, што стаяла ў вёсцы Стары Двор недалёка ад магілы Цёткі, некалі расказваў мне:
— Хата Пашкевічаў пуставала, вайна па свеце раскідала іх радзіну. Яшчэ тая вайна, што пры цары была. А такі-та быў фальварак, такая-та была радзіна...
А Фэлю ўжо гэтаю вайною забілі... Яна сюды, дадому, з Вільні прыехала, ад германца хавалася. З каляжанкаю сюды прыехала. Вось іх абедзвюх і забілі... На вялікдзень гэта было... У сорак трэцім...
— Але хто забіў, за што? — пыталася я.
— А, пані... Ці трэба бандытам — за што... Наставіў пісталет, і ўсё...
Пад настаўленым пісталетам я стаяла тройчы. Першы раз — у сорак першым, на Суражскім базары, у Мінску.
Голад вельмі скора наваліўся на захоплены немцамі горад. Людзі пачалі выкручвацца, як хто ўмеў. Суседка наша, Карабуціха, да вайны бязладная жанчына, у якой заўсёды серада з-пад пятніцы вылазіла, аказалася практычнаю кабетаю. Пачала гнаць самагонку і насіць на базар. Аднойчы папрасіла мяне: схадзі прадай бутэльку, я табе за гэта дам кавалак хлеба.
За кавалак хлеба можна было патаўчыся на базары, які цяпер нагадваў чэрава, жывот горада. Чэрава, жывот, бо з таго базару горад жыў, харчаваўся.
Я апынулася ў гушчы людзей, што таўкліся на базарнай плошчы, прапануючы тавар, купляючы, абменьваючы тавар на хлеб і крупы. У руцэ ў мяне была зеленаватая бутэлька, заткнутая коркам з анучкі, праз які цадзіўся смуродны пах самагонкі.
З натоўпу вылузаўся і падышоў да мяне мужчына гадоў пад трыццаць, высачэзны, а можа, з майго, яшчэ дзіцячага росту, ён высачэзным здаваўся, у жоўтым, далёка не новым, скураным паліто, у пляскатай шэрай кепачцы, з тварам хмурым і суровым. Узяў бутэльку з маіх рук, пабоўтаў, паглядзеў яе на святло.
— Трэба пакаштаваць,— сказаў хрыпата. Агледзеўся на бакі.— Зойдзем за вугал...
Расхінаючы плячом людзей, ён пачаў выбірацца з натоўпу. Я — за ім.
Вакол базару грудзіліся сцены разбітых дамоў. Мужчына падаўся туды, за разваліны. Я пакіравалася следам.
У цёмным закутку ён раптам спыніўся, выняў з кішэні пісталет, наставіў на мяне чорнае дула.
— Ану ўбірайся,— прасіпеў хрыпата.
З хвіліну я нема глядзела ў тое дула. А потым задам, задам, спатыкаючыся на разбітай цэгле...
Так прапаў мой кавалак хлеба.
Другі раз пад пісталетам стаяла ў сорак трэцім, у былой Заходняй Беларусі. Мы там былі «з саветаў». Гэтага бандытам было даволі.
Вечарэла. Нас у хаце было трое — маці, я і сястра. Яшчэ мы і не замкнуліся. I ў хату зайшоў. Адзін. Зусім нам незнаёмы. На падпітку. У доўгім чорным паліто. Правую руку трымаў у кішэні.
Увайшоў і стаў пры дзвярах. I мы, тры жанчыны, спыніліся пасярод хаты, уставіліся ў яго.
Ён маўчаў. I мы маўчалі. Ён аглядаў нас тупымі вачмі і ўсё глыбей засоўваў руку ў кішэню. А потым дастаў — бліскучы, чорны.
Мы стаялі як знямелыя. I ён маўчаў, і трымаў нас усіх пад прыцэлам.
Першая азвалася маці. Яна не крычала, не клікала на дапамогу, пачала быццам угаварваць яго:
— Навошта вы... За што... Што мы вам кепскае зрабілі... Мы хрысціяне, і вы хрысціяне...
Маці не верыла ў бога... Хацела, мусіць, проста абудзіць нешта ў душы таго, што стаяў пры дзвярах з пісталетам, вадзіў вачыма з адной на другую, з другой на трэцюю, быдта выбіраючы — з якой пачаць...
Колькі ўсё гэта цягнулася?
Маці лепятала:
— Мы хрысціяне, вы хрысціяне...
А той хістаўся і тупа глядзеў на нас п’янымі вачмі. А потым схаваў пісталет у кішэню, завярнуўся і пайшоў. Не стрэліў.
А трэці раз пісталетам гразіў немец, у сорак чацвёртым.
Я несла перадачу ў СД арыштаванаму. Не ведала, як перадаць, і круцілася вакол будынка, чакаючы якога выпадку.
У гэты час з дзвярэй выскачыў афіцэр. Ён даўно мяне прыкмеціў, бачыў, што я часта тут таўкуся, ведаў, да каго я прыязджаю, каму важу перадачы.
Немец выхапіў з кабуры пісталет.
— Вэк! Цурюк! Партизанен!
Ён гнаў мяне па вуліцы, піхаў пісталетам у спіну і крычаў:
— Вэк! Партизанен!
Мая спіна шорхла ад страху, сэрца захлыналася, чакала — зараз-зараз, вось-вось стрэліць...
I немец не стрэліў...
Усё гэта ўспомнілася мне, калі чалавек той сказаў:
— Ці трэба бандытам — за што... Наставіў пісталет, і ўсё...
Читать дальше