Шугае слодычы агонь
У зачарованым палоне.
Твая гарачая далонь
Ляжыць даўно ў маёй далоні.
I нам ня трэба лішніх слоў,
Мы больш паглядамі гаворым...
Плыве чароўны сьпеў лугоў,
Рамонкам пахне і чаборам.
Тану я ў моры мараў,
На сэрцы хваль прыбой.
Палеская Тамара,
О сьветлы вобраз мой!
Не мімаходзь заскочыў
Я ў госьці да цябе.
Ты васількамі вочаў
Цьвіла ў маёй журбе.
Твой мяккі кужаль косаў
Спавіў маю душу.
Не паглядай-жа скоса, —
Я радасьці прашу.
Ня высахне, ня зьвяне
Пялёсткаў белы цьвет.
Пад сонечнае зьзяньне
Каханьне выйдзе ў сьвет.
Я буду ў гэтым годзе
Гарэць, як у вагні.
Маўчаць пачуцьцям годзе!
Тамара, працягні
Ты мне насустрач рукі...
Я познаю парой
Прыйшоў, каб вызнаць мукі
I поўны супакой.
Аб гэтым часта мару
I любую маю
Палескую Тамару
П я ю.
Адвячоркам я выйду за весьніцы
Насустрэчу табе і вясьне.
Будзе мара блакітная песьціцца
У паглядзе тваім для мяне.
Прытулю цябе, мілая, горача.
I на ставе, пад ніцай вярбой,
Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы,
Я ўсю ноч прасьпяваю з табой.
Мы — упрочкі ад явы. Ня змрочыцца
I ня згіне імпэт малады.
У міжзор'е далёкае хочацца,
Дзе няма ні вайны, ні бяды.
Мы абое, галубка дрыжоная,
Напляцем лятуценьняў вянкі.
Ночка гэтая прыйдзе бяссонная,
Праглыне і прасьцяг і вякі.
Дробна зоры на небе накрышацца,
Замігцеюць і ў цёмнай вадзе.
Возьмем човен, і ён закалышацца,
Паплыве, у сусьвет павядзе.
Прытулю цябе, мілая, горача,
Станеш ружай пунсовай цьвісьці.
Будзе Муза, са мною гаворачы,
Працінаць маладосьць да касьці.
Твае вусны, як цукар у ягадзе,
Будуць таяць, запальваць мяне...
Адчуваю спатканьне я загадзя
I каханьне між зор на чаўне.
Я салодкія суніцы
У гайку з табой зьбіраў.
Там трапёткія сініцы
Шчабяталі ў пасмах траў.
Там пазнаў я сьвет прыгодаў
З пачуцьцямі ў барацьбе,
I на песьнях сэрца гойдаў,
Думаў толькі пра цябе.
Ты сьмяялася задорна,
Паціскала мне руку.
З песьняй нам было прасторна,
Як у полі жаўруку.
I цяпер, калі сініца
Б'ецца крыльлем за акном, —
Мне твая усьмешка сьніцца,
Пах суніцаў льлецца ў дом.
Ты ня хмур, галубка, бровы,
З крыўды вуснаў ня грызі.
Шлях твой, ведаю, суровы
Але чысты, ня ў гразі.
Толькі згінуў сьмех дзявочы,
Зьнікла юная пара.
Я чытаю твае вочы.
Будзе лёгка з-пад пяра
Ліцца ласка, дарагая,
Хваляй весьняе ракі.
Маладосьць твая другая
Завіне ў мае радкі.
Не скажу табе грубога,
Нават смутак прыдушу.
Хай мой верш, як вера ў Бога,
Супакойвае душу.
Хай гучыць ён калыханкай.
Ты вячорнаю парой
Да мяне прыйдзі каханкай,
Раніцой ідзі сястрой.
Я хачу табе ўсе краскі
У вянок завіць,
I ў пяшчоце жарскай ласкі
Кубак мёду піць.
Я хачу, каб залатая
Нам цьвіла вясна,
Што у мроях залятае
Да мяне здаўна.
На узвышшы, на узгорку
Ў песеннай сяўбе,
Я сваю вітаю зорку,
Клічу да сябе
Даражэнькая галубка,
Ясачка мая!
Юр сядзіць на ўскраі кубка
I з табою я
П'ю салодкае з дамешкай
Хмельнай гаркаты...
Зьзяеш сонечнай усьмешкай
На узгорку ты.
Я з табою сядзеў ля ракі,
Між чароту плылі шчупакі...
Над вадою трымцеў плавучок.
— Можа плотку падчэпе кручок?
А што думала ты — ня ўгадаць.
Твой пагляд лашчыў водную гладзь.
I сьпявала ты ціхенька мне:
— Ці кахаеш, мой любы, ці не?
Раптам голас узрушаны сьціх,
Ты танула ў абдымках маіх.
I ў той момант, нібы назнарок,
Патануў на вадзе плавучок.
Я маю злое шчасьце:
Любіць і боль цярпець,
Падняцца, нізка ўпасьці,
Зноў узьляцець і пець.
I песьнямі сваімі
Спакой душы знайсьці,
Бяз крыку, з простым імем
Да хараства ісьці.
Гарэць... ахвяры класьці,
I ўсёй істотай пець.
Такое злое шчасьце
Паэт павінен мець.
Адцвіла вяргіня белая...
Мне «бывай» сказала ты.
Зьнікла радасьць недасьпелая
Ў дзень асеньні, залаты.
Читать дальше