Шчасьлівыя спатканьні
З табой пад вязам ветлівым,
I частыя блуканьні
На полі жоўтацьветлівым.
I белыя рамонкі,
I васількі блакітныя,
I нашыя гамонкі —
Дагэтуль незабытныя.
Убачыць давялося
У жыце жмут завязаны
Зялёнага калосься,
У якім закляцьце сказана.
Я засьцярог:
— Заломы
Ня руш, мая каханая!
У вузялку саломы —
Бяда зачараваная.
Але-ж прайшла навала,
I сіла чараў згінула.
Ты каласы сарвала,
Мне ў твар задорна кінула.
«Ня веру казкам гэтым!» —
Сказала ты з усьмешкаю,
I ў ростані з паэтам
Пайшла самотнай сьцежкаю.
Было, здаецца, ціха...
А ня мінула й месяца —
Ідзе з вайною ліха,
Ў крыві падзеі месяцца.
На горад і на вёску
Цяжкое гора падае.
I дзень, як сьвечка з воску,
Гарыць і нас ня радуе.
Спакою мы ня бачым —
Спазналіся з пакутаю.
А ты жыцьцём сабачым
Без ланцуга закутая.
Чужынцы з ласкай лезьлі,
Твой двор стаяў засьмечаны.
Цябе пасьля завезьлі
Ў разваліны Нямеччыны.
Лажыцца зморай праца
На рукі загрубелыя.
Табе рамонкі сьняцца —
Радзімы краскі белыя.
Калісьці пела ў полі,
Вясной закалыханая.
Ня думала ніколі,
Што будзеш ты выгнаная,
Бяз долі і бяз хаты
I пад прынукай ворага.
Ці помніш колас кляты?
Ты заплаціла дорага!
Хай зло не ад залому,
Хай выпадкова сталася.
Цяпер, калі ня ў дому —
Ўсё роднае згадалася.
Згадаліся ў пашане:
Наш край, вайной абкрадзены,
I шчырае каханьне,
I звычай нашых прадзедаў.
Я ізноў з табой. Ночкай мляваю
Ты галоўкаю кучараваю
Да грудзей маіх прыхінаешся,
У халодны змрок усьміхаешся.
Як на полымі, на падушачцы
Думкі паляцца, ў бездань рушацца.
Не, ня можа быць гэта яваю:
Ня ідзе мая кучаравая...
А знаёмая тая вуліца
Сёньня прывідам страшным туліцца.
Каміны наўсьцяж і разваліны.
I цябе няма. Дом твой спалены.
Сад стаіць адно ў белай замяці.
Ты ня згінула ў маёй памяці,
Незабыўная зорка ясная.
Ты — надзей іскра непагасная.
Сьцежкі нас вялі і губляліся,
У альтаначцы мы кахаліся.
Мабыць мілы сад пазаростаны,
Спахмурнеў, як я, у доўгай ростані.
Але прыйдзе час — мне ўсё-ж верыцца,
Залатая рыбка будзе ў нераце.
Тая вуліца адбудуецца,
Можа й голас твой там пачуецца.
Я хвалююся. Песьняй узьняты.
Дух крылаты у далеч імкне
На знаёмую сьцежку да хаты,
Дзе галубка ў вясёлым акне.
Дзе пышнелі ў гародчыку астры
I сама ты між красак цьвіла.
Добрым часам ня ведала кайстры,
Па руінах зь бядой ня ішла.
Ты калісьці сьпявала вясьнянкі,
I нявінная радасьць ва ўсім,
Як віно зь перапоўненай шклянкі,
Разьлівалася сьмехам тваім.
А цяпер ты прыбіта жальбою
I чакаеш на лепшыя дні.
Ці адна? Я таксама з табою.
Я запальваю ў словах агні.
Толькі ў гэтым уцехі шукаю,
На плытох лятуценьняў плыву.
Неўгамоўная доля такая
Ускружыла маю галаву.
Набягаюць кіпучай валвою
Сны і мроі. I гіне ціша.
I душа не знаходзіць спакою,
Вырываецца зь цела душа.
I ляціць да цябе, да каханай,
Выпрадаючы кужаль надзей:
Можа песьняй апошняй паўстану
Я з тваіх набалелых грудзей.
Дзе ты, любая настаўніца?
Зьнікла зь першых дзён вайны.
Парастуць — мо гэтак станецца —
Успамінаў дзірваны.
Між людзей зь цяжкою стратаю
Твой шукаю лёгкі сьлед.
Можа ты жыцьцём узьнятая,
Пазнаеш інакшы сьвет?
I за думкай думка гоніцца.
Дзесьці сьвеціцца маяк...
Раптам бачу — ў кінахроніцы
Ты, каханая мая!
Ў залю цёмную з экрану ты
Пазіраеш на мяне...
Болем радасьці закрануты,
Насустрэч іду вясьне.
I, праменьнямі аквечаны,
Чую моцны ўзьвей цяпла...
Ты ў далёкі кут Нямеччыны
Дзіўным прывідам прыйшла.
Прысьвячаецца сыну Iгару
Супакойся, мой сыночак,
У вакно не пазірай!
Там у ботах кот грукоча,
Там вядзьмар чаруе край.
Читать дальше