Пад гарою ў царсьцьве сонным
Ян-царэвіч на кані
Б'ецца з волатам-драконам,
Меч гартуецца ў вагні.
На грудзёх таго дракона
Заламаны чорны крыж.
А пад ім няма закону, —
Паліць, нішчыць... Ты дрыжыш?
Ты спалохаўся? Ня бойся!
Ён слабы на гэты раз,
Ён загіне! Супакойся...
I мінецца страшны час...
Суцяшае бацька сына,
Моцна туліць да сябе.
Ноч за вокнамі няспынна
Ў шале поцемкі скрабе.
Паланіца ў небе зоры
Пагасіла. Полах б'е.
Пад дажджом агню ўвесь горад
Звышлюдзкое гора п'е.
Восень з дрэў лісьцё зрывала,
Ноч абстрэлянай была.
Сьмерці страшная навала
На руіны запаўзла.
Палымнеў пажар няспынны.
Стогн зямлі... З начы такой
Верасклівы крык жанчыны
Уварваўся ў мой пакой.
Трэскі ўгору паляцелі,
Груд агню шугнуў здалёк.
Захрусьцелі рэбры ў целе
I крывёю нехта сьцёк.
Жах мяне занепакоіў...
Мне было, аднак, няўцям, —
Там суседка за сьцяною
Ў сьвет прыносіла дзіця.
Плач народжанай істоты
Сьцьвердзіў вечнае жыцьцё...
Навакол — разбой, грымоты.
Восень рвала з дрэў лісьцё.
У кнізе між балонак
З родных ніў расьліны:
Васілёк, рамонак
Дый лісток каліны.
Гэта ня гэрбарый,
Ня пустыя зёлкі,
А надзеі-мары
Завіліся ў столкі.
Васілёк, рамонак
I лісток каліны!
Вы ў сьцяблох зялёных
Прынясьлі ўспаміны.
З вамі на чужыну
Беларусь зірнула,
I выгнанцу-сыну
Сэрца закранула.
Ты сьпявала мне «Перапёлачку».
На ўспамін дала кветку-зёлачку.
За гады яна сьцярушылася,
Толькі песенка не забылася.
На чужыне мне, як пачуецца,
Аж да сьлёз магу я рашчуліцца.
Кінуў родны край і каханую,
Боль заходлівы рвецца ранаю...
Каб-жа ведала маю долечку,
Ці сьпявала-б ты «Перапёлачку».
Як узьняты высака муры
Пад адкрытым неба парасонам.
Над каменным пляцам камары
Засьпявалі нудна тонкім звонам.
Дзе ім піць, смактаць чыю ім кроў?
Ня гудзе гамонка мужыкова,
I ня гоняць чэраду кароў
Дый падкова цокне выпадкова.
А ў маёй краіне вечары!
I прыгожых песьняў шмат было там!
Камары ў палескім гушчары
Хмараю віліся над балотам.
Там наедна й весела яны
Роямі кружылі між тавару.
Дзень згараў, і вечар плыў ляны
У патоках сонечнага вару.
Я цікаўным хлопцам быў тады.
Слухаў часта дзедавыя казкі
Пра чужыя вёскі й гарады,
Дзе цьвітуць няведамыя краскі.
Дзед казаў, хоць і малы камар,
А за вёрстаў тысячы лятае.
Зь ім і я ляцеў на крылах мар
Ў даль, дзе доля лепшая вiтае.
А нідзе я долі не знайшоў
I далёка лёс мяне закінуў
Ад маіх загубленых сяброў
У нязгаслы прысак успамінаў.
Там, дзе Беларусь мая жыве,
Зацьвітаюць красна ў полі краскі.
Цьвіркуны іграюць у траве
На сваіх цымбалах песьню ласкі.
I смуткую я каля муроў.
Шэрыя чужыя камяніцы!
Можа часам з пару камароў
Прыблукалі з роднае зямліцы.
О, як быў-бы гэтым рады я!
Хай сядзелі-б на маёй далоні.
Бацькаўшчына снілася-б мая,
I лясы і ветлыя аблоні.
Я прахожу вузкай вуліцай.
Змрок... Руіны і выбоіны.
Да грудзёвай клеткі туліцца
Салавей занепакоены.
Гэта сэрца. Чую — болесна
Б'ецца, муліцца і моліцца,
Быццам горача і голасна
Кліча дзеўчыну да молайца.
А ці стаў на раздарожжы я
Над шляхамі ўвосень гразкімі?
Да цябе іду, прыгожая,
Ад Палесься зь песьняй, з краскамі.
Доля ў келіх мне накапала
Зь нейкай любжы сок настоены.
Па дарозе і абапала
Загубіліся выбоіны.
I няма ўжо вузкай вуліцы.
Нікне цемрыва разьмякшае.
Толькі крыху мне рашчуліцца,
Бачу ў сьвеце ўсё інакшае.
Сёньня сумна мне чагосьці.
Запрашаю сонца ў госьці;
Сьвеціць ветліва яно,
Пазіраючы ў вакно.
Шэры змрок загнаны з ранку
Пад прымятую фіранку.
Залятае ў мой пакой
Залатых праменьняў рой.
Читать дальше