Увесь час ён стаяў, сціснуты целамі, таму, калі саступіў на зямлю — галава закружылася, ён раптам адчуў, што яму блага, пашукаў вачыма лаўку, пасунуўся да яе і на кароткі час страціў прытомнасць, паспеўшы прыціснуць да сябе пілу. Праз паўхвіліны ён ачуняў: балела скронь — і тут ён пабачыў «гопнікаў» — іх было каля пяці — у танных куртках і заношаных джынсах, усе спрытныя, зухаватыя, абстрыжаныя амаль нагала і з цупкімі галоднымі позіркамі — гэтыя на ўсё пойдуць, думаў ён, а справа ў тым, што яны сесці не баяцца, не тое, што ён. Ён ні турмы, ні лагера доўга не вытрымае — вось у гэтым прычына, а ім там ледзь не ў кайф, і назіраў, як яны кругамі набліжаліся да яго, — пабачылі «шведку» і, пэўна, прынялі яго за гуся — за п'янага рабацягу, здагадаўся ён; і кругі іх рабіліся ўсё вузей, хаця яны і прыкідваліся, што не ведаюць адзін аднаго, і тут з-за пляча вытыркнуўся першы: вострыя вочы на невялікім, у прышчах, тварыку, вывучаючы, утаропіліся на яго, і, прагна зыркнуўшы на «шведку», «гопнік» спытаў быццам неістотнае:
— Закурым, мужычок, ці як?
Фёдар Сак азірнуўся навокал: ну, што за дзень сёння, — думаў ён, — быццам вакзал, але міліцыянтаў якраз ніводнага, хаця ў такіх выпадках іх ніколі няма, а пасажыры і насельнікі гэтага месца, учуўшы небяспеку, свядома і абачліва рассыпаліся па баках, — звычкі «гопнікаў» тут ведалі, і зразумеў толькі, што гэты дзень можа закончыцца для яго зусім ганебна, і выціснуў адчэпнае:
— Не куру.
Прышчаваты ўжо заходзіў з-за спіны і раптам прысеў на лаўку, а з другога краю сеў яшчэ адзін, які зіркнуў па баках і прапанаваў, мяшаючы расейскія і мясцовыя словы:
— Дак, можит, схрюкаемся, мужычок, — ты нам пілку, а мы цябе біць не станем, га?
Былы бізнесмен Фёдар Сак не адказаў. Словы, з якімі ён мог звярнуцца да іх, не маюць сэнсу, думаў ён, разглядаючы зблізу пустыя вочы, на дзіўны капыл зрэзаныя патыліцы, малыя галовы, нават галоўкі, як у мікрацэфалаў, — успомніў ён медыцынскі тэрмін: такіх, з галовамі з кулачок, пэўна, лёгка раджаць жанчынам, але вось такія асабліва небяспечныя, непрадказальныя і жорсткія. Як гэта філасофствавалі бандыты? Калі не жорсткі — то не выжывеш, а калі не будзеш мяккім да людзей, то ўвогуле не заслугоўваеш існавання...
І ён сядзеў і назіраў, чакаў, сам не ведаючы чаго, а «гопнікі» паселі з бакоў на лаўку насупраць і таксама чакалі, як гэта робяць драпежнікі, калі аточаць аслабелую ці параненую ахвяру.
Між тым хутка цямнела, запаліліся электраліхтары, і гэты перыферыйны аўтавакзал пакуль яшчэ ледзь улоўна, але пачынаў пусцець, а Фёдар Сак шчыльней ашчаперыў і прыціснуў да сябе пілу і ўявіў, як ён заявіцца да бацькоў: збіты, без грошай, але да іх яшчэ трэба было дабрацца без прыгод. Няблага ўскочыць зараз у таксі і — падалей ад гэтых вартавых, але ж дзе тое таксі, і грошы, грошы — вось пытанне, тужліва меркаваў ён.
* * *
Сутонела. Ацяпленне яшчэ не ўключылі, і было халодна. Захутаўшыся ў паліто, літсупрацоўнік ведамаснай шматтыражкі Ева Мураш сядзела ў крэсле ў сябе ў кабінеце, паліла цыгарэту і набірала на дыскету кароткія паведамленні з аператыўнай міліцэйскай зводкі пад рубрыку «Дасье 02».
«...устанаўліваецца месцазнаходжанне без вестак прапаўшай Яраш Юліі Антонаўны, 1978 г.н., ураджэнкі Менска (пакутавала на псіхічнае захворванне), якая 19 верасня г.г. пайшла з дома-інтэрната «Карасікі» і знікла.
Прыкметы: на выгляд 20 гадоў, рост 170 см, валасы светлыя, кароткія, хада няроўная, хісткая.
Была апранута: чырвоная вязаная шапка, карычневая куртка, чорныя гумовікі...»
Ева Мураш кінула недапалак у попельніцу, прыпаліла новую цыгарэту і працягвала набіраць. Пальцы яе былі жоўтыя ад нікаціну.
«...месцазнаходжанне Гапончыка Анатоля Іванавіча, 1975 г.н., ураджэнца в. Барсукі Менскага раёна (пакутаваў на псіхічнае захворванне), які 29 верасня пайшоў з дома-інтэрната «Карасікі» і не вярнуўся.
Прыкметы: рост 175 см, целасклад сярэдні, валасы светлыя.
Быў апрануты: шапка чорная, вязаная, шэрая куртка, чорныя гумовікі...»
Ева Мураш набірала механічна і падвярстала яшчэ дзве аналагічныя інфармацыі ў тую ж калонку, пасля пачала вычытваць, адначасова рэдагуючы тэкст.
Дом-інтэрнат «Карасікі», размешчаны ў прыгарадным лесе, рэгулярна пастаўляў некалькі трупаў: звычайна вясной, а то і зімой, іх знаходзілі аб'едзенымі дзікімі жывёламі. Зацікавіла яе іншая дэталь — усе прапаўшыя без вестак хворыя былі ў гумовіках, і гэта ўвосень, думала дзяўчына, і вычытала тэкст, а потым аднесла лісткі адказнаму сакратару: пенсійнага ўзросту, але маладжаваму мужчыну з выцягнутымі наперад, як у сабакі, сківіцамі, без адзінага сівога воласа на чорнай, абсыпанай перхаццю невялікай галаве. Той нядбайна кінуў лісткі ў стос перад сабой і быццам хацеў нешта сказаць, але дзяўчына знарок апярэдзіла яго — павярнулася і пайшла да сябе.
Читать дальше