Лес ужо апусцеў, яго жыхары, пэўна, рыхтаваліся да холаду, сну, адзіноты, ва ўсякім разе жамяра, што дакучала чалавеку летам, знікла, і птушак паменела. Толькі аднойчы ён убачыў, як з ельніку сарвалася ў паветра цяжкае цела глушца, а потым зноў запанавала ціша. Вось і цяпер, як толькі ён прыпыняўся адпачыць, холад пранікаў праз армейскі камуфляжны камбінезон, і ён распаліў вогнішча, дастаў з сумкі невялікі кавалак сала, хлеб, акуратна і ашчадна нарэзаў нажом і пачаў есці. Вогнішча разгарэлася і з трэскам выкідвала ў паветра языкі полымя, і гэты шум і пяшчота раптоўнай цеплыні падвялі яго, — таму яны падышлі амаль усутыч, ён толькі і паспеў завесці «шведку» і стаў ім насустрач, спінай да вогнішча, і піла ў яго руках мякка гірчэла, бліскаючы сталлю ланцуга.
Бандытаў было двое, — ён, падумаўшы, нават мог успомніць іх мянушкі, — «дахавыя» таго чалавека, якому ён быў вінен грошы, — у спартыўных касцюмах, укормленыя, упэўненыя ў сабе «качкі», — адзін з іх падабраў палку — ламачча, ім жа натраляванага, навокал было шмат, а другі спытаў саркастычна:
— Ну, а бензін хутка скончыцца, дык што тады?
Фёдар Сак выключыў пілу і ў наступіўшай цішыні, якая парушалася толькі рыпам дрэў, сказаў:
— Мо пошту прывезлі? Я б газету свежую пачытаў. А то здзічэў тут.
Бандыты — абодва коратка і акуратна падстрыжаныя, скуластыя, нібы браты, — пераглянуліся.
— Жартуеш? Ну-ну, пахіхікай. Думаў, у гэтым схроне не знойдуць?
— Грошай няма, — апярэдзіў іх далейшыя пытанні Фёдар Сак. — Выбівайце з кампаньёна, я — пас.
— А дзе мы тую суку за цябе шукаць будзем? У Салехардзе? А мо ў Бамбеі? Ці ў Стамбуле?
І пачалі нудна і назойліва павучаць яго: як абачліва трэба выбіраць не толькі падзельніка, а і жанчыну таксама, і што ад гэтага іншы раз залежыць не толькі ўдача ў справе, а і само жыццё.
З пачуццём тугі і безвыходнасці ён назіраў за іх спрытнымі рухамі — яны непрыкметна падабраліся да яго бліжэй. Пад курткамі ў іх павінна быць зброя, меркаваў ён, а можа, і так прыехалі — не ім жа яго баяцца: лес выцягнуў з яго ўсе сілы. І тое, што яны не зрэагавалі на яго нахабны гумар, было дрэнным знакам і сведчаннем таго, што ў іх усё раскладзена: што і як рабіць.
— На паперах — твой подпіс? Вось і вяртай: парадак жа ведаеш. Палову аддаў — вернеш і астатняе, — гаварылі яны напорыста, але ўпэўнена і спакойна, без штучнага нагнятання істэрыкі.
— Не, — пераканаўча сказаў Фёдар Сак. — Вы ж там разбярыцеся — мяне падставіў кампаньён. А за сябе я разлічыўся. Едзьце і так і перадайце: грошай больш не будзе.
Бандыты між тым зрабілі яшчэ па кроку бліжэй да яго і апынуліся амаль на адлегласці працягнутай рукі.
— Ты думаеш, мы цябе адшукалі тралівалі базарыць? Бензіну каністру спалілі, каб ля вогнішча пасядзець? Цябе, салаўя, паслухаць?
— Я ўсё сказаў.
— Гавары пра грошы, калі і дзе...
— Не, расход. У мяне і абед скончыўся, — падсумаваў Фёдар Сак.
Ён пацягнуўся за «шведкай», але яны раптам накінуліся разам, звалілі яго на зямлю і з хвіліну білі нагамі ў жывот і галаву, яго ратавала тое, што ламачча пад нагамі не давала ім размаху, а потым абшукалі кішэні камбінезона і знайшлі стодаляравую купюру (увесь яго капітал на непрадбачаны выпадак) і асабістую пячатку, якая з даўняй пары заставалася ў яго як прадмет гонару. Грошы яны забралі, а пячатку пачалі круціць у руках і чыталі ўголас:
— «Бізнесмен Фёдар Рыгоравіч Сак».
І смяяліся, перацвельваючы:
— Балерун Іван Пятровіч Грак.
І плявалі ў вогнішча, чакалі, пакуль ён ачуняе настолькі, каб пачаў кеміць. А калі ўбачылі, што ён падняўся з зямлі і ў вачах з'явілася асэнсаванасць, зноў даводзілі:
— Тыдзень табе, каб грошы прынесці, лічыльнік уключаны, а не прынясеш — з сястры тваёй спытаем, але спачатку ты сваёй задніцай адкажаш.
І пыталіся:
— Усё зразумеў?
І адразу быццам расслабіліся, напруга спала, і абодва, зрэдку перапыняючы і дапаўняючы адзін аднаго, пачалі тлумачыць, што знайшлі яго не проста так, але калі сюды ехалі, то перагаварылі паміж сабой і прыйшлі да высновы, што ён ім, вядома, ніякі не вораг і яны нават паважаюць яго, таму што ў вядомых ім колах ён ні на якай падлянцы не засвяціўся — такі расклад, але жыццё і ўсё астатняе (ён жа павінен разумець) не імі прыдуманае, і заданне яны павінны адпрацаваць, бо і ў іх задніцы таксама не жалезныя.
Фёдар Сак, які ўжо зусім ачуняў, патрос галавой, каб суняць боль, і спытаў:
— Ну, і што за заданне? Гаварыце карацей, а то сцямнее, ці, можа, вы і чакаеце, каб стала цёмна?
Читать дальше