Роўна праз суткі, бліжэй да ночы, у сябе ў «калясачнай» сантэхнік Ілля запоўніў вадой ванну, звыкла замераў тэмпературу вады і пагрузіўся ў яе, запаліўшы цыгарэту з «траўкай». Ён доўга ляжаў, расслабляючы цягліцы рук, ног, а потым шыі і плячэй і прыслухоўваючыся.
Цемра агарнула яго нібы чорнай, ватнай коўдрай, і толькі агеньчык цыгарэты слаба свяціўся ў руцэ, а потым недапалак выпаў з пальцаў, зашыпеў і згас на мокрай падлозе, і запала цішыня, і ў гэтай вязкай цішыні сантэхнік Ілля марудна склаў рукі за шыяй, развёў локці ў бакі і пачаў рытмічна ўдыхаць паветра, спакваля засяроджваючыся на думцы, што цела можа паклапаціцца пра сябе само, калі ён яго пакіне.
Гэта быў метад дыхання пры глыбокай медытацыі — так званае «дыханне дэльфіна». Трэба выдыхнуць з лёгкіх усё паветра, потым напоўніць іх і затрымліваць дыханне да апошняй магчымасці. Гэта супакоіць цела, пасля чаго варта хутка выдыхнуць паветра і зноў набраць яго кароткім рухам, і так шмат разоў, — як ён рабіў гэта раней і робіць цяпер.
Цемра між тым расшыралася і разбухала вакол яго ва ўсіх напрамках, а разам з ёй надыходзіла маўчанне. Нічога не існавала ў гэтым свеце, апроч цемры і маўчання, і ён раптам нібыта выйшаў з ванны і пайшоў на слабае святло зорак, адчуваючы вакол сябе плаўнае віраванне матэрыі, якая станавілася ўсё больш разрэджанай, і паднімаўся вышэй, і вось нібы ўвесь Сусвет з яго ста пяццюдзесяццю пяццю мільярдамі галактык расхінуў перад ім адну са сваіх незлічоных брамаў і прапусціў яго, бо ён раптам скіраваў у цёмны тунель і заслізгаў па яго сценах, пакуль не апынуўся, сцішыўшы рух, у сферычнай прасторы са сценамі-сотамі, у якіх раўнамерна мігцелі крышталічныя істоты ў форме прастакутнікаў. Ён пазнаў гэта месца, бо прысутнічаў у ім раней, у мінулых сваіх вандроўках.
Раптам перад ім з'явіўся чмель. На выгляд гэта быў звычайны садовы чмель, так званы Bombus portorum, з целам, пакрытым густымі валаскамі, у чорных, белых і ярка-рудых палосах. Дзве пары перапончатых крылаў з ячэістым жылкаваннем вібрыравалі з лёгкім гудзеннем. Позірк пукатых вачэй быў скіраваны проста на яго.Чмель у гэтых сценах-сотах сярод істот-прастакутнікаў быў, вядома, настолькі нязвыклы, што ён адразу зразумеў — гэта ніякі не чмель, а Запрашальнік. І адразу, калі вызначэнне ім сутнасці ўсплыло ў свядомасці, яна пачала знікаць, паступова ператвараючы садовага чмяля ў звычайную светлавую кропку. Кропка між тым па-ранейшаму з гудзеннем вібрыравала. І гудзенне на гэты раз рабілася ўсё больш гучным, а потым і зусім нясцерпным, так што ён вымушаны быў крыкнуць: «Цішэй!», але цішыня не прыходзіла, і тут ён адчуў страх і сумненне — нязвыклыя пачуцці ў гэтым свеце, бо раптоўна Запрашальнік падаў знак: «нешта не так» і павярнуў назад, у тунель, і ён рушыў за ім, і рух усё паскараўся, ужо без чмяля-кропкі, без Запрашальніка і без тунеля. Ён нібы ачуняў — зноў ляжаў у ванне, пульс быў пачашчаны, а ў вушах — хаця ён і не выцягваў берушы — гучала ўсё тое ж надрыўнае гудзенне.
Сантэхнік Ілля вылез з цёплай ванны і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падышоў да акна. Шкло брынкала ў такт з гудзеннем магутнага грузавіка на дарозе, і, адзначыўшы гэта, ён быццам супакоіўся, старанна выцерся ручніком, апрануўся і выйшаў з пад'езда ў ноч.
Было цёмна, вільготна і халаднавата. На трасе, дзе нядаўна аднавіўся аўтамабільны рух, раўлі маторы і свяціліся фары машын, якія, як ён ужо здагадаўся, але не прыняў у разлік раней, у тры змены дастаўлялі бетонны раствор у месца будаўніцтва будучага аэрапорта. Вось адкуль шум, які стварыў яму перашкоду, устурбавана думаў ён. Сантэхнік Ілля крыху пастаяў, прыслухоўваючыся да начных гукаў, а потым вярнуўся ў «калясачную», уключыў святло, сеў за стол і запісаў у нататнік, асабліва не зважаючы на знакі прыпынку:
«2 верасня. Чацвер.
выхад у транс няўдалы на жаль у мяне няма чыстага «Сандаза» і нават «трава» хутка скончыцца а шкада бо я быццам раблюся сведкам падзей якія могуць даць форы тым што апісваюць Райманд Мудзі і Кенет Рынг але ўсё гэта неістотна бо пасля некалькіх эксперыментаў у басейне і ванне мая дзейнасць як даследчыка дастаткова высветлілася так я зноў сустрэўся з Запрашальнікам які з'яўляецца правадніком і паказвае мне цэлы асобны свет а ўпершыню гэта здарылася калі мне было дзевяць гадоў пад наркозам здаецца гэта быў эфір выдалялі зуб і я вельмі спалохаўся і раптам быццам выскачыў са свайго цела і апынуўся ў месцы дзе анёл супакоіў мяне цяпер я ведаю што гэта быў не анёл а Запрашальнік неарганічная сутнасць але справа не ў гэтым а ў тым што я адкрыў іх свет і некалькі важных законаў і
Читать дальше