Студзень-сакавік 1997
Памяці Яны
На пачатку будаўніцтва ў лясным прыгарадным масіве запаснога аэрапорта ў адным з дамоў у суседнім мікрараёне сталіцы з'явіліся ў розны час трое новых жыльцоў — трое маладых людзей: двое мужчын і адна дзяўчына.
Дом быў дзевяціпавярховы, блочны, пабудаваны ў сямідзесятых гадах; цяпер, за даўнасцю, дзвярэй і вокнаў у пад'ездах не існавала, сцены былі ў брудных пісягах, а ўнізе, вакол яго, зашморганая трава стракацела смеццем. У канцы лета ў гэтым доме і аб'явіўся сантэхнік Ілля,які па распараджэнню дамкама часова заняў «калясачную» на першым паверсе і стаў там жыць. «Калясачнай» называлі спецыяльны пакой, у якім маладыя бацькі маглі пакідаць каляскі, каб не загрувашчваць імі ліфты, але прадугледжаная архітэктарамі «калясачная», як і шмат чаго, не выкарыстоўвалася па прызначэнню, дый нованароджаных апошнім часам амаль не назіралася.
Сантэхнік Ілля быў сярэдняга росту малады чалавек гадоў каля трыццаці, без асобых прыкметаў, акуратна пастрыжаны шатэн, з роўным праборам, вострымі белымі зубамі і адлучана-непраніклівым позіркам бясколерных, нібы выцвілых на сонцы, вачэй.
У першы дзень, як засяліўся, ён выкінуў з «калясачнай» смецце, пакінутае мастаком, які раней часова займаў гэты пакой пад рабочую майстэрню, паставіў раскладны ложак, падключыў радыё і старанна вымыў ванную і прыбіральню, асабліва ванную, дзе прыстасаваў шланг і адрэгуляваў сток вады так, каб доўгі час падтрымліваць патрэбную яму тэмпературу. Гэта заняло ў сантэхніка Іллі амаль увесь дзень. Да вечара ён паспеў зрабіць яшчэ адну справу — падвесіць на цвіках са знешняга боку дзвярэй невялічкую скрыню з прарэзам, на якой вывеў пэндзлікам, скарыстаўшы пакінутую мастаком белую фарбу, словы:
СКАРГІ І ПРАПАНОВЬІ
і ніжэй, драбнейшымі літарамі:
ПРОСЬБА ПАДАВАЦЬ ПІСЬМОВА
Пасля гэтага сантэхнік Ілля выйшаў з пад'езда на двор і пасядзеў крыху на лаўцы, хаця ад прапановы аднаго з жыльцоў выпіць віна ветліва адмовіўся, патлумачыўшы:
— Не ўжываю.
Але размову з мужчынамі, якія вярнуліся з першай змены, падтрымліваў амаль да цемнаты і нават на розныя тэмы гаварыў сам. А потым, калі ўжо накрапваў дождж, зачыніўся ў сябе ў «калясачнай», дзе з'еў кавалак белага хлеба, запіваючы малаком з рыльца. Увесь гэты час ён уважліва слухаў радыё.
Бліжэй да поўначы сантэхнік Ілля напоўніў ванну, прынёс тэрмометр і праверыў тэмпературу вады, падагнаўшы яе так, каб яна падвысілася да трыццаці пяці градусаў, пасля чаго выключыў радыё, распрануўся, запіхаў у вушы берушы і, адрэгуляваўшы сток, каб тэмпература трымалася на адным узроўні, лёг у ваду. Нейкі час ён ляжаў нерухома ў цемры, і вада раўнамерна нацякала са шланга і выцякала праз адтуліну ўнізе, так што ён задаволена хмыкнуў, навобмацак выцягнуў з кішэні штаноў, што ляжалі на зэдліку, цыгарэту, запаліў і выкурыў да сярэдзіны, а потым затушыў яе, вылез з ванны, выцерся ручніком, лёг у ложак і праз нейкі час заснуў.
Раніцай сантэхнік Ілля праверыў скрыню на дзвярах, але заявак на рамонт у ёй не знайшоў, адшукаў цэлафанавы мяшок і пайшоў у краму, адкуль неўзабаве вярнуўся з хлебам і малаком у пакетах, але скрыні на дзвярах не выявіў — свежыя абломкі яе якраз валяліся пад нагамі. Сантэхнік Ілля падумаў і сказаў уголас:
— Ну, свет настаў — ні палажы, ні пастаў.
І пакуль рабіў новую скрыню, з бляхі, — раз-пораз ветліва размаўляў з жыльцамі, якія заходзілі і выходзілі з ліфта, але на просьбы некаторых прыняць вусныя заяўкі на рамонт коратка адказваў:
— Толькі пісьмова, у мяне ўлік.
Ён урэшце прыкруціў шрубамі новую скрыню, і тут якраз у пад'езд зайшла маладая жанчына гадоў дваццаці пяці, вышэй сярэдняга росту, цёмнавалосая, з кароткай стрыжкай, і сантэхнік Ілля кінуў зашрубку ў сакваяж з інструментам і, як зрабіў бы амаль кожны мужчына яго ўзросту, павярнуўся ў яе бок — зірнуць. Жанчына — а зблізу гэта была хутчэй дзяўчына, толькі вельмі стомленая на выгляд, між тым замарудзіла крок, уважліва аглядаючы шэра-зялёнымі вачыма скрыню і надпіс на ёй, а потым спынілася.
— Адрамантаваць званок на ўваходзе — гэта ў вашай кампетэнцыі? — раптам спытала яна афіцыйна, як пытаюць у афіцыянта ў рэстаране.
Сантэхнік Ілля кіўнуў з гатоўнасцю.
— Калі вы напішаце заяўку, ну і адпаведна аддзячыце, — ён з удаванай фамільярнасцю падміргнуў, — не адмоўлюся.
— Заяўку? — пагардліва паўтарыла дзяўчына. — Вы гэта сур'ёзна, таварыш пралетар?
Читать дальше