першы з іх
гэта тое што цела можа паклапаціцца пра сябе само калі чалавек яго пакідае
другі
можна адразу вярнуцца ў цела калі звонку становіцца небяспечна
і таму ўсе гэтыя размовы са спасылкай на старажытных кітайцаў (маўляў калі ў рэзкай форме і нечакана разбудзіць чалавека які вандруе на Высокіх Узроўнях то душа можа не паспець вярнуцца ў цела) з'яўляюцца наіўнымі ў сітуацыі з Запрашальнікам не зусім дакладнымі падаюцца мне і залішнія перасцярогі пра тое што Сусвет кішыць драпежнікамі якія палююць за энергіяй бо як інакш трапіць у іх свет які ўвесь час наглуха закрыты для нас усіх аб іх велічы сведчыць хіба тое што чалавек які па падліках амерыканскага біяфізіка Э.Брода вылучае на адзінку масы ў тысячу разоў больш энергіі чым Сонца там проста святляк не інакш але калі яны накапілі за мільёны гадоў неверагодна многа энергіі то адсюль вынікае
трэці закон
той хто здолее пазычыць альбо забраць хітрасцю ці сілай у неарганічных сутнасцяў неабходную яму колькасць энергіі і вярнуцца ў цела — сам становіцца звышсутнасцю...»
Запісаўшы гэтыя словы, сантэхнік Ілля пазяхнуў і зірнуў на гадзіннік, што ляжаў на стале, убаку ад настольнай лямпы. Гадзіннік паказваў тры гадзіны ночы.
Сантэхнік Ілля зноў вярнуўся да нататніка і дапісаў некалькі сказаў, пазначыўшы іх пастскрыптумам і па-ранейшаму ігнаруючы коскі і кропкі:
«Р.S. дзяўчына якая ведае пах «траўкі» верагодна сама ўжывала ці ўжывае яе а можа што і іншае яе прозвішча высветлілася па жэкаўскіх спісах
Мураш
так Мураш».
Запісаўшы двойчы прозвішча дзяўчыны ў слупок, сантэхнік Ілля паставіў на лісце знак пастпастскрыптума і дадаў яшчэ некалькі дзесяткаў слоў:
«Р.Р.S. гэта «калясачная» ідэальнае месца каб не маторы па начах а калі закончыцца будоўля і пачнецца рух самалётаў то варта мяняць жытло здзіўляе тое што колькасць міжнародных рэйсаў змяншаецца а яны будуюць аэрапорт а шкада бо начальнік ЖЭКа ўладкаваў мяне з жытлом што выгодна і яму выплачваючы мне толькі палову стаўкі і мне бо дзе я знайду асобны пакой з ваннай каб працягваць свой дослед...»
Шум ад матораў грузавікоў і вібрацыя шкла між тым не спыняліся. Сантэхнік Ілля выключыў лямпу і яшчэ некалькі хвілін назіраў за святлом аўтамабільных фар, якое слізгала па небе, калі машыны ўзнімаліся пад гару, а потым лёг на ложак і, нібы па загаду, хутка заснуў.
Пабудзілі яго галасы ў пад'ездзе і рыпенне ліфта. Было восем гадзін. Сантэхнік Ілля ўключыў радыё, вылез з ложка, склаў у некалькі разоў коўдру, паслаў яе на падлозе і пастаяў на галаве, закінуўшы доўгія худыя ногі без прыкметы загару на сцяну і адначасова слухаючы навіны, пасля чаго пачысціў зубы, апрануўся і выпіў малака, заядаючы яго жытнім хлебам, а потым выйшаў за дзверы і праверыў наяўнасць бляшанай скрыні з вонкавага боку. Скрыня вісела на сваім месцы, і сантэхнік Ілля адчыніў яе, але, апроч некалькіх недапалкаў, пустога пачка з-пад цыгарэт і скамечанага цюбіка з-пад клею, нічога не выявіў.
Першая скарга-заяўка паступіла толькі праз дзень. Яна ўяўляла сабой складзены ў два разы аркуш, на якім было выведзена няроўнымі літарамі па-расейску і з памылкамі:
«Протекает труба отопления в кв. 98 у пенсионера Мухина И.Д. Убидительно просят помочь...»
А ўжо пасля гэтых слоў было дапісана яшчэ адно:
«... змеевик».
За якім стаялі подпіс і дата.
Таму з раніцы сантэхнік Ілля, не марудзячы, адразу пайшоў у суседні пад'езд і падняўся па лесвіцы ў дзевяноста восьмую кватэру, дзе сапраўды выявіў праржавелы змеявік, і замацаваў на трубу часовы гумавы «хамуток».
Прайшоў яшчэ адзін дзень — рух на трасе па начах не спыняўся, і сантэхнік Ілля больш не спрабаваў увайсці ў транс, а наступнай раніцай прачнуўся ад гвалту на лесвічнай пляцоўцы, і калі выйшаў, то даведаўся, што на другім паверсе пад батарэяй ацяплення выявілі цела маладога мужчыны. Мужчына, як пайшла пагалоска, памёр ад перадазіроўкі і быў не з іх дома, тым не менш па ўсіх кватэрах хіба што спехам прайшлі міліцыянты, якія агледзелі і «калясачную», пэўна, нідзе нічога не знайшлі, і да вечара гэта падзея амаль што страціла сваю першапачатковую значнасць.
* * *
Запасны аэрапорт было загадана адкрыць да наступлення зімы — так гаварылі леснікі, з якімі Фёдар Сак вымушаны быў іншы раз піць і пасля начаваць ледзь не ў хлявах, часта на падлозе, да ўсяго ён дрэнна пераносіў спіртное, а леснікі заўсёды казалі аднолькава:
— Пі.
І ён піў з імі прывезеную ім жа гарэлку, а назаўтра яму было блага: пры росце за сто дзевяноста ён важыў семдзесят кілаграмаў, а штодня соўгаць бензапілой — гэта не кожны вытрывае. Ужо больш месяца ён, звяраючыся з планам і картай, абвальваў дрэвы пад аўтамабільную дарогу, якая ішла праз лес з будучага аэрапорта. Рабіў гэта і ў той дзень, калі бандыты знайшлі яго. Урэшце знайсці было не так і цяжка: выразаная паласа шлейфам цягнулася за ім.
Читать дальше