Але тут яны пачалі нават смяяцца і сказалі, што пакуль не «мачыць» яго прыехалі, а цемра якраз тое, што можа яго выратаваць, бо якія фотаздымкі атрымаюцца ў цемры? Вядома, аніякія. І выцягнулі невялічкі фотаапарат у паўдалоні велічынёй — паказалі.
— Дык ваша заданне — прывезці мой здымак? Каб упэўніліся, што я плацежаздольны?
На гэтыя яго словы бандыты зусім развесяліліся і пачалі тлумачыць, што ён не кіназорка, каб рабіць яго здымкі, а аб'ект сур'ёзнай справы — задання. Толькі вось выканаць яго ці не — іхні клопат. Яны ж могуць адгаварыцца і тым, што стала цёмна, і што апарат нібы адмовіў, і яшчэ чым-небудзь. А заданне ў іх простае: адным словам, іх паслалі, каб яны прывезлі доказ яго прыніжэння. Бо так патрабуе паняцце.
— Прыніжэння? — знешне спакойна спытаў здзіўлены Фёдар Сак.
І бандыты, уладкаваўшыся зручней на пяньках і па-ранейшаму сплёўваючы ў вогнішча, гаварылі, што вядомы яму чалавек, якому ён, Фёдар Сак, вінен грошы і які іх паслаў, хоча не толькі вярнуць тыя грошы, а і захаваць за сабой пэўны імідж, інакш яго самога не стануць паважаць і тым больш баяцца ў іх колах і ў некаторых сітуацыях, бо варта ж згадзіцца з тым, што калі чалавек не будзе жорсткім — ён не выжыве, хаця, з іншага боку, калі той жа чалавек не будзе мяккім да людзей, то ён не заслугоўвае таго ж жыцця, хіба не так? Дык вось, працягвалі яны, ну, які з яго, урэшце, бізнесмен, ха-ха, ён жа прагарэў на першым жа прыліпале: той уцёк, а яму, «свежаку», расплачвацца. Сэнс усяго ў тым, казалі далей яны, што яны знайшлі яго, каб апусціць і прывезці доказ у выглядзе адпаведнага здымка. Але ж яны не якія там казлы ці ваўкі пазорныя, гаварылі бандыты, і задніца яго ім не патрэбная, а сама акцыя будзе прыкладна заключацца ў тым, што яны, дакладней, адзін з іх, правядзе каля яго твару чэлясам, а другі проста зробіць здымак — вось і ўсё, але такі вось просценькі, на першы погляд, ха-ха, рытуал знішчыць яго як чалавека для ўсіх астатніх, ён згодны? Ну, хто стане пасля таго фотаздымка мець з ім якія справы ці, увогуле, паціскаць яму руку? У яго хутчэй за ўсё пасля гэтага будуць толькі два шляхі: першы — наскрэбці і аддаць грошы, забраць негатыў і жыць з такім раскладам далей, ці другі — стаць снайперам ля якога гастранома. Але ж яны, доўжылі далей бандыты, згодныя заключыць з ім невялікае пагадненне: ён, Фёдар Сак, за іх шчырасць і памяркоўнасць ахвяруе ім палову той пазыкі — вось і ўсё. І ім будзе няблага, і яму, а таго чалавека, які іх паслаў, яны адвядуць ад мэты ўбок. Тут ёсць шмат варыянтаў: і ўвогуле яго не знайсці, і падзельнік быццам, па чутках, вось-вось з'явіцца — варта на таго пераключацца. А там усё сплыве, бо жыццё, як вада ў рэчцы, не стаіць на месцы, хіба не так? А грошы — справа нажытная: яму ж павінны хутка заплаціць за лес, знойдзе яшчэ тое-сёе, паднапнецца як-небудзь, аддасць і — расход.
— Але ў мяне больш няма грошай і наўрад ці будуць, — сказаў Фёдар Сак.
— Вось гэта ўжо твая праблема. Захочаш — знойдзеш. Вельмі захочаш — хутка знойдзеш. І тэрмін твой — тыдзень.
— Падумаю. Я магу падумаць?
— Вось гэта правільна. Думай. Уключай макітру. Не давай ёй адпачываць.
І яны засмяяліся, а потым, як па камандзе, разам ускочылі на ногі, сплюнулі напаследак у вогнішча і пайшлі праз лес назад, а Фёдар Сак абмацаў твар з распухаючым вокам і з паўгадзіны сядзеў, прыходзячы ў сябе, а потым узняўся на ногі, вогнішча ўжо дагарала, запіхаў у футляр «шведку» і рушыў на бальшак, да бліжэйшай вёскі, дзе доўга чакаў на прыпынку рэйсавага аўтобуса, пачынала ўжо цямнець, яго званітавала ў кустах, а потым урэшце прыйшоў аўтобус, поўны людзей, разам з ім уціснуліся ў салон некалькі чалавек, і давялося амаль увесь шлях стаяць, прытуліўшы да ног «шведку» і назіраючы ў духаце і бензінавых выпарэннях, як за бруднымі ад пылу вокнамі салона праплываюць убогія вёскі з аднолькавымі хатамі і дзе-нідзе лаўкамі каля тых хат, а на тых лаўках калі-нікалі сядзелі спрацаваныя нямоглыя старыя, якія праводзілі машыну патухлымі позіркамі і гаварылі, меркаваў Фёдар Сак, яны паміж сабой, пэўна, аднолькавае і неістотнае, — такія сядзелі ля пад'ездаў і ў тым мікрараёне сталіцы, дзе ён жыў, гаворачы што-небудзь накшталт:
«— Ідзе Кітай — усё кідай».
І ўздыхалі цяжка і скрушна:
«— А-ха-ха, так».
Хаця пры чым тут быў сапраўдны Кітай — ніхто, і самі яны, не ведалі, думаў Фёдар Сак, назіраючы ў акно, як у промнях заходзячага сонца за вёскамі цягнуліся палеткі з нявыкапанымі буракамі, пачынаўся і сплываў назад лес, а потым брукаванка раптоўна скончылася, і пад коламі аўтобуса зашамацеў асфальт. Ён назбіраў у кішэнях дробязі на білет, перадаў шафёру і падсвядома ўвесь час меркаваў пра тое, што яму, пэўна, ніколі не ўзбіцца на тыя дзесяць «штук» — гэта ж кошт кватэры ў тым мікрараёне, дзе ён жыве, а можа, у яго становішчы варта ўвогуле з'ехаць куды, але ж бандыты пойдуць да бацькоў, праз квартал ад іх жыве і сястра з малой дачкой — яны дакладна ўсіх вылічылі. Не шмат заробіць ён і «шведкай», хіба што аэрапорт хутка пабудуюць, зіма паставіць кропку на ўсім, не сезон — і ўсё. Але тыя жывёлы чакаць не будуць, маць іх, а то, можа, з'явіцца на вочы падзельнік — ён жа павінен урэшце вынырнуць, але чакаць гэтага дарэмна, думаў Фёдар Сак, і тут аўтобус завярнуў на аўтавакзал.
Читать дальше