— А што, калі ён, ну, шызік твой, раптам вернецца? -хіхікнула Святлана, праходзячы ў пакой, і не стрымала радаснага задавальнення. — Ай, і стол накрыты!
— Вернецца — зноў назад скіруем.
На стале стаялі ваза з садавіной, апельсіны, закуска, бутэлька чырвонага віна і каньяк.
— Вінцо тваё любімае, — сказала Валянціна, — ну, а я каньячку вып'ю. Можа, палепшае. Кожнаму сваё, — яна падміргнула сяброўцы.
Святлана села ў крэсла, закінула нагу за нагу і выцягнула з сумачкі цыгарэту.
— Запаліць ці не варта? — завагалася яна і раптам запытала: — А ты мне грошай падкінеш, Валянціначка?
— А дам грошы — будзеш харошая?
— Буду, буду, толькі ты не гані, давай спярша вып'ем, я паесці не супраць, потым у ванну скокну, я ж прама з інтэрната зараз, сама разумееш...
Валянціна разліла ў кубачкі, напаўлягла на канапу, пацягнулася мажным, дагледжаным целам, халат пры гэтым расхінуўся, і грудзі выпнуліся двума белымі паўшар'ямі, і раптам схапілася за жывот:
— Ну, быццам зноў варухнулася там. Баліць.
— Мо ты раджаць збіраешся, Валь? Вальтануты твой хіба пастараўся...
— Кінь ты, дурнічка.
— Ну было ж хоць раз, га? — хіхікнула Святлана.
— Давялося пацярпець. Не скажу ж яму, што я дзеваў люблю. Праўда, слова сексуальнае — дзева? Дзеўка, дзяўчына — не тое.
— Угу.
Святлана выпіла віна і пачала есці, потым амаль адразу наліла сабе яшчэ, прамармытала толькі: «На галодны страўнік прыход больш кайфовы...» і дадала:
— Я цябе неяк з мужыком бачыла. Здзівілася. Малады такі, смуглявы. Ён цыган?
Валянціна зноў наліла сабе каньяку і залпам выпіла. Потым узяла частачку лімона і пажавала. Шырокі твар яе зморшчыўся, а ярка-чырвоныя ад памады вусны выцягнуліся ў адну вузкую стужку.
— Ты, Свецік, тое, што не трэба, не пераніцоўвай.
— Маўчу. А колькі грошай ты мне не пашкадуеш, Валь?
— Яшчэ ж не зарабіла. Ай, блін, зноў баліць!
— Мо я пайду, Валь?
— А мне што, можа, адной тут мастурбіраваць?
— Хо-хо. Разам лепш, канешне...
— Ідзі да мяне на кватэру. Магчыма, я яе хутка прадам, але пакуль пажывеш... Мядовы месяц справім...
— Ты ж мне спаць зусім не дасі. І потым, ты як завядзешся, мне балюча іншы раз робіш, а я істота пяшчотная, ха-ха... А потым, дзед твой? Яго ж, пэўна, хутка вылечаць. Ён сюды зноў камення нацягае. Ён што ў цябе — дзеля шырмы?
— Ён не вернецца, — упэўнена сказала Валянціна, — я пастараюся.
— Шчэ вінца, Валь.
— Ты не дасі веры, але ён мне днямі з дурдома бандэролькай даслаў: што б ты думала?
— Што? — спытала Святлана, беручыся за апельсін.
— Каменьчык.
— Каштоўны?
— Звычайны. Падабраў з зямлі, пэўна.
Святлана пражавала дольку апельсіна, праглынула і сказала:
— Ну, балдзею...
— Можаш уявіць. Я яго як узяла, дык быццам токам у руку кальнула. Потым па руцэ пайшло, пайшло і тут вось, каля пупка, спынілася.
— Што спынілася? Ну ты і казачніца.
— Не ведаю. Памацай, дай руку. Вось тут.
Гаспадыня расхінула халат зусім, так, што агаліліся жывот і загарэлыя, парослыя чорным, ледзь бачным пушком, моцныя ногі. Святлана села побач і прыклала далонь да жывата сяброўкі.
— Тут? Можа — ніжэй? — яна хіхікнула.
— Не, тут. Я шчэ вып'ю, а ты нырай, Свецік, у ванну адна. Тут распранайся, я люблю глядзець, як ты гэта робіш.
Святлана зноў хіхікнула і пачала распранацца. Зняла кароткую спадніцу, сцягнула калготкі, а потым і швэдар, застаўшыся толькі ў майтках. На левай локвіцы, ля самага пляча, чырванела невялічкая татуіроўка — каляровая кветка ружы. Рабіла яна гэта марудна, адначасова назіраючы за гаспадыняй, якая тым часам запаліла і выдыхнула ў столь струменьчык дыму. Але раптам выплюнула цыгарэту, села і, трымаючыся за жывот, ускрыкнула.
— Што, зноў баліць? — здзіўлена спытала Святлана. — Мо перабрала? Каньяк — напойчык каварны...
Не адказваючы ёй, з раптоўна пабялеўшым тварам, гаспадыня паднялася на ногі, хацела нешта сказаць і нечакана, быццам падкошаная, павалілася на падлогу.
— Валь, ты што? Уставай, старушка! — перапалохалася Святлана, узяла яе за руку і памацала пульс.
Сэрца білася зусім слаба, так, што ледзь праслухоўвалася, але з ліхаманкавай хуткасцю, потым яна адчула некалькі моцных, рэзкіх удараў — Валянціна аж уздрыгнула ўсім целам, і пасля гэтага, акрамя свайго пачашчанага дыхання, Святлана больш нічога не чула.
Мацюкаючыся, Святлана пачала ліхаманкава апранацца. Потым выцягнула з сумачкі люстэрка і паднесла да рота сяброўкі, патрымала і зірнула ў яго. Раптам яна істэрычна віскнула і кінулася да дзвярэй.
Читать дальше