Віктар Малец таропка пайшоў за ім, трымаючыся ў ценях дрэваў. Холад пакрысе дабраўся да яго, праняў да нервовых дрыжыкаў, бальнічная роба і нагавіцы зусім не грэлі. Да таго ж ён так спяшаўся, што забыўся на шапку, і цяпер пашкадаваў, але праз некалькі хвілін абодва: і санітар наперадзе, і ўцякач за ім, кожны дайшлі да альтанкі ля брамы. Тут Кірыл дачакаўся старога.
— Ніхто разам не бачыў?
— Быццам, — згадзіўся Віктар Малец і дадаў: — Ну, я пайшоў, дзякую вам за ўсё.
— Ды не так спехам, — неяк цьмяна ўсміхнуўся яму ў святле месяца Кірыл, толькі зубы бліснулі, і азірнуўся навокал. Але ўсё было спакойна і бязлюдна ў гэты ранішні час.
Віктар Малец зразумеў па-свойму.
— Што я вам вінен за паслугу? — спытаў ён. — Дарэчы, вы ж ведаеце — з сабой у мяне нічога няма. Але я аддзячу вам, скажыце толькі — як.
— Дамовімся, дзядзька, — сказаў Кірыл. — А пакуль мы з Дзянісам цябе на станцыю падкінем, на прыпынак. Там сядзеш на электрычку і праз гадзіну будзеш у жонкі — якраз на разборку, ха-ха!
Але хворы раптам спыніўся.
— А без Дзяніса нельга? — нерашуча спытаў ён і пачаў даводзіць, што дабярэцца дадому сам, праўда, у яго няма грошай на білет, але ў такую рань рэвізоры яшчэ спяць, ён праскочыць і зайцам. А Дзяніс яму непрыемны, ён гэтага не хавае.
— Пэўна, і на мяне крыўдуеш, — сказаў Кірыл. — Мы ж цябе разам у калектыў прывезлі. Дый падмаладзілі па дарозе.
Віктар Малец стаяў моўчкі, у роздуме.
— Не разумею, — урэшце вымавіў ён, — які ў вас інтарэс, каб выпусціць мяне?
— Ды ўсё проста, дзядзька, — рагатнуў Кірыл. — Няма вас, дзівакоў, чым карміць. Вось і выпускаем паціху. А потым кажам — збег.
Віктар Малец уздыхнуў з палёгкай. Такое простае і зразумелае тлумачэнне адразу задаволіла яго і зняло ўсе перасцярогі.
— Ну, то пайшлі, — даў ён згоду.
— Тут, за ляском, Дзяніска чакае з машынай, — сказаў Кірыл і дадаў: — Ты на яго, дурня, не зважай. У кожнага ж свой інтарэс — гэта ты вельмі трапна заўважыў. Ну, рушым паціху.
Яны пакрочылі разам. Высокі жылісты Кірыл у спартыўным касцюме, красоўках і куртцы, і след у след рухалася на галаву меншая постаць хворага — бялела ў цемры яго сівая галава ды чулася перарывістае нездаровае дыханне.
Цёмнага колеру, амаль чорны ўначы, «мерседэс» старога выпуску туліўся да абочыны. Санітар Кірыл пстрыкнуў пальцамі ў шкло кабіны, і адтуль амаль адразу высунулася галава Дзяніса ў чорнай вязанай шапачцы. Дзверы кабіны адчыніліся, санітар Кірыл падштурхнуў хворага на задняе сядзенне, а потым і сам сеў побач.
— Усё пуцём? — спытаў санітар Дзяніс.
— Руш.
Не задаючы больш пытанняў, Дзяніс уключыў запальванне. Матор завуркатаў, машына кранулася.
Ехалі ў маўчанні. Некалькі разоў яго парушаў стары — ён усё імкнуўся высветліць, якую плату з яго возьмуць за немалую паслугу — уцёкі з псіхушкі, але і Кірыл, які сядзеў побач з ім на заднім сядзенні, і тым больш крутаплечы Дзяніс наперадзе адгаворваліся нязначнымі словамі, а то і проста выклічнікамі, і стары таксама змоўк.
Хвілін праз дваццаць язды па пакручастай дарозе, якая вілася то полем, то праз лес, Дзяніс спыніў машыну і сказаў:
— Ну, а далей ножкамі. Тут праз лясок і станцыя недалёка.
Між тым ледзь-ледзь пасвятлела. Зоркі і месяц пачалі знікаць, быццам раставалі ў халодным небе — першая прыкмета раніцы.
Санітар Кірыл адчыніў дзверцы кабіны, спрытна выкінуў вонкі сваё гнуткае цела і сказаў:
— Пайшлі, дзядзька.
Віктар Малец з палёгкай вылез з машыны. Яны з Кірылам збочылі на вузкую сцяжынку, што вяла ў лес, і неўзабаве цемра паглынула абодвух.
Санітар Дзяніс моўчкі глядзеў, як зніклі іх постаці, выцягнуў з пачка цыгарэту і запаліў. Ён відавочна нерваваўся, бо некалькі разоў апускаў шкло кабіны і прыслухоўваўся. Але, акрамя рыпу соснаў пад слабым ветрам і далёкага шуму машын, ён нічога не пачуў і ўрэшце выкінуў недапалак і зноў падняў шкло. Ён адкінуў сядзенне быццам з намерам падрамаць, але праз якую хвіліну-дзве ўключыў транзістар, знайшоў музычную праграму і пачаў слухаць.
Так прайшло хвілін дзесяць. Санітар Дзяніс выключыў прыёмнік, адчыніў кабіну і зноў прыслухаўся. Халоднае паветра падзьмула ў салон, выцягнула цыгарэтны дым. Світала.
Кірыл нечакана вынырнуў з цемнаты, плюхнуўся на сядзенне побач, зачыніў дзверцы, прыпаліў ад запальнічкі і сказаў:
— Ну, блякнем адсюль.
Машына імкліва рванула з месца і набрала хуткасць. Дарога спрэс была ў выбоінах, абодвух трэсла, але санітар Дзяніс не збаўляў хуткасці. Ён выключыў фары: ужо прыкметна развіднела, і ў прасвеце між дрэвамі над дарогай можна было бачыць рэдкія шэрыя аблокі, якія, змяняючыся, адно за адным беглі па небе з усходу на захад. Урэшце яны апынуліся на раздарожжы перад бальшаком. Дзяніс затармазіў і выключыў рухавік.
Читать дальше