— Хіба вы не заўважылі, што ён хворы не толькі на сухоты? А каменне?
— На вуліцах поўна псіхічнахворых, нават з сімптомамі шаленства, але іх не забіраюць, — уставіў Барыс Крамнікаў.
Гаспадыня нервова захінулася ў халат, ад яе мажнога, разагрэтага віном цела хвалямі наплываў пах дарагой парфумы.
— У мяне ёсць сведкі.
— Вы, я бачу, няблага праводзіце час, — не стрываў Барыс Крамнікаў. — У вас якое свята?
— Валя! — паклікаў нецярплівы дзявочы голас з глыбіні пакоя. — Ты хутка?
— Зараз іду, Свецік! — азвалася гаспадыня.
Дзверы зачыніліся зноў.
Мужчыны моўчкі спусціліся ўніз і селі ў машыну.
— Час у нас ёсць, — сказаў Барыс Крамнікаў. — Вырашайце, Юльян Андрэевіч, што будзем рабіць. Вы расцэньваеце сітуацыю як натуральную праяву?
Юльян Сарока ўсміхнуўся і з доляй іроніі заўважыў, што варта толькі азірнуцца навокал, каб пабачыць ненатуральнасць і недасканаласць свету; ну, хаця б тыя жанчыны, ён кіўнуў галавой, якія прагульваюць сваіх сабак, а заўтра, магчыма, выкінуць іх на вуліцу, бо няма чым карміць, — хіба яны не псіхічна няўстойлівыя асобы? А вунь той стары, які кідае з балкона недапалкі, — хіба ён паўнаварты?
Барыс Крамнікаў завёў рухавік.
— Будзем паслядоўнымі, — усміхнуўся ён. — Паедзем у лякарню, зірнём на свае вочы. Але ёсць даволі незвычайныя разумовыя адхіленні: рэактыўныя дэпрэсіі, змеркавы стан. Ваш Малец мог захварэць раптоўна.
* * *
Нягледзячы на тое, што стаяла змрочная і пахмурная раніца, знешняя брама псіхіятрычнай лякарні была шырока расчыненая, і туды і адтуль свабодна заходзілі і выходзілі людзі. Яшчэ калі яны наблізіліся да яе, Юльян Сарока са здзіўленнем пачуў гукі музыкі. Гукі мацнелі і рабіліся ўсё больш рэзкімі і выразнымі, і ўрэшце, як толькі абодва мінулі браму, то пабачылі іх прычыну. Проста ля ўвахода ў лякарню апантана граў на скрыпцы невысокі лысы чалавечак. У яго быў азызлы нездаровы твар, на якім адухоўлена блішчэлі маленькія чорныя вочкі. Апрануты ў ватоўку, пакамечаныя, з плямамі засохлай гразі нагавіцы, без шапкі, вар'ят стаяў пад павеццю ў выглядзе грыба, і яго рука са смыком нястомна лётала ў паветры. Вакол скрыпача стаялі, хадзілі туды-сюды некалькі хворых у бальнічных робах і старых, зімовых, салдацкіх шапках на галовах. Двое з іх падмяталі асфальтавую дарожку, узнімаючы адзін на другога гразь і пыл.
Юльян Сарока спыніўся. Ён хацеў затрымаць Крамнікава і звярнуць яго ўвагу на музыку, але Крамнікаў нецярпліва павёў яго за сабой.
Прозвішча галоўнага лекара было кароткім — Браніслаў Антонавіч Глод. Барыс Крамнікаў, які неяк незаўважна ўзяў ініцыятыву на сябе, прадставіў Юльяна Сароку і назваўся сам, патлумачыўшы мэту іх прыезду.
— А, я пра вас чуў, — сказаў Крамнікаву галоўны лекар Глод і спытаў: — Гэты Малец сваяк каго з вас?
— Не, — супакоіў яго Юльян Сарока, назіраючы, як на дне насцярожаных вачэй за шкельцамі акуляраў сплываюць, хаваючыся ўглыбіню, падазронасць і страх. — Мы хочам пабачыць яго па справе.
І дадаў у некалькіх словах, што ў яго і калегі Крамнікава ёсць сумніў у тым, што іх агульны знаёмы Малец такі безнадзейна хворы, што яго давялося шпіталізаваць у спецблок. Дзівак — магчыма. Вы ж, як псіхіятр, ведаеце лепш за нас, працягваў Юльян Сарока, што дыяпазон паміж хворым і нармальным даволі невялікі: што можна сказаць, напрыклад, пра чалавека, які носіць кашулі выключна навыварат? Але калі да гэтага дадаць, што той вядомы вучоны і добры сем'янін? Можна лічыць яго хворым ці нармальным? А саванты? Ці чуў пра іх шаноўны калега?
Але галоўны лекар Глод, у цэлым пагадзіўшыся, аспрэчыў:
— Скажу вам тое-сёе, калегі, пра так званыя ўмераныя формы псіхічных расстройстваў. Яны бываюць яшчэ больш небяспечнымі: чалавек хапаецца за справу і не даводзіць яе да канца ці бясконца прыслухоўваецца да свайго арганізма: ці не хворы ён? Кожны такі мякка выражаны, падпарогавы сіндром робіць чалавека непрацаздольным і часам наносіць яму большую шкоду, чым рэактыўныя псіхозы. Да таго ж гэтае каменне: ён назбіраў яго ў кватэры тоны. Яўны аўтызм. У маёй практыцы гэта першы такі пацыент. Дарэчы, у паперах на яго тры заявы: жонкі і двух сведак. Мы правялі кансіліум, і адразу заўважу — выпадак для мяне не зусім ясны. Час пакажа.
— Добра, калега, але калі вы не супраць, мы зірнём на яго самі, — умяшаўся Барыс Крамнікаў.
Галоўны лекар Глод згадзіўся і спытаў, ці не даць ім суправажатага, патлумачыўшы, што ў лякарні падрабляюць маладыя хлопцы вольных заняткаў, ёсць і студэнты з Акадэміі фізкультуры. Увогуле, працягваў тлумачыць ён, малодшы медперсанал лепш набіраць з мужчын, бо тут, самі разумееце, далёка не санаторый, і з кожным днём карміць, апранаць і лячыць хворых робіцца ўсё большай праблемай.
Читать дальше