— Вы, бачу, зацікавіліся, — сказаў Юльян Сарока. — Але добра, калі на карысць...
— Тут, калега, больш чым цікавасць. Вы, дарэчы, чулі пра бэпс?
— На жаль, не. Расшыфруйце абрэвіятуру.
— Вам, як практыку, варта ведаць. Мяркую, вы не раз сутыкаліся з гэтай з'явай, толькі не асэнсоўвалі яе. Бэпс — гэта біяэнергетычная псеўдасутнасць. «Псеўда» са старажытнагрэчаскага азначае мана, хлусня. Уяўная, прытворная сутнасць. Я так і называю яе: «псеўда». Пэўна, такія сутнасці і тая, якую знайшоў ваш... як яго, дарэчы, завуць?
— Віктар Малец.
— Так. Яны абедзве аднаго парадку. Аднаго кусціка ягадкі...
— Магчыма, — ветліва, але без асобага запалу ўсміхнуўся Юльян Сарока. — Ён так і гаварыў — «сутнасць». І слова тое ж ужываў — «сіла».
— Дык вось, — сказаў Крамнікаў, назіраючы за дарогай, — у нетрадыцыйным лекарстве існуе цікавая з'ява, феномен, які не ўпісваецца нават у даследаванні тых вучоных-энтузіястаў, якія займаюцца праблемамі парапсіхалогіі. Калі коратка і папулярна, скажу так: на ранніх стадыях любое захворванне выклікае парушэнне энергаструктуры, якое найбольш выразнае над месцам паражэння хваробай. Умоўна, скажам, гэта — сігнал. Ён нібы выкід. Калі ў вас ёсць экстрасенсорныя здольнасці, то можна з дапамогай такога сігналу паставіць дыягназ.
— У мяне, пэўна, такіх здольнасцяў няма, — сказаў Юльян Сарока.
— Няхай. Але я мог бы і ўсумніцца. Вы калісьці шмат навучылі мяне ў дыягностыцы. Там, у клініцы. Дарэчы, я правільна еду?
— Але.
— Працягваю тлумачыць, Юльян Андрэевіч. Калі лекар-практык дастаткова доўга працуе з пацыентам, то раптам заўважае, што гэты сігнал, гэтае, па сутнасці, «нішто» паводзіць сябе жыццепадобна, здольнае да самазахоўвання, перамяшчэння, узаемадзеяння з чалавекам...
— Як гэта? — здзіўлена спытаў Юльян Сарока. — Не даю веры.
— Сутнасць ці «псеўда» — уцякае ад уздзеяння лекара, часта ў месца найменш даступнае, а бывае часам і зусім дзіўнае: адрыў часткі сігналу і яго «перабежка» ў зыходнае месца ці ў іншую частку цела. Здараецца і неверагоднае — пераход «псеўда» ў «размазаны» стан, а потым зноў самаўзнаўленне. Задача лекара — перайграць псеўдасутнасць. Іншым разам гэта «псеўда» і ёсць хвароба.
— Няўжо яно разумнае, можа весці рэй?
— Так. «Псеўда» можа затаіцца ці, наадварот, памяняць сваё месца, валодае хітрасцю і выкрутлівасцю. Заўважце, што людзі адушаўляюць свае хваробы, якія сталі для іх звыклымі, бывае, паспяхова ўгаворваюць, а бывае і загаворваюць іх, хіба не так? Самыя назвы: рак, рожа, жаба — гавораць пра жывое... Вывучыць «псеўда», не дазваляць яму весці той самы рэй, пра які вы нагадалі, — вось задача лекара, бо гэта другасная, уяўная сутнасць...
— Яна паразітарная структура?
— Дакладна не ведаю. Тут шмат цёмнага. Можна толькі збіраць часцінкі, каб потым скласці іх у мазаічнае цэлае. Скажу толькі, што гэта, магчыма, энергетычная субстанцыя плазменнага тыпу, якая валодае розумам, а можа — адна з неарганічных сутнасцяў, што жывуць у Сусвеце побач з намі. Скажу вам больш. «Псеўда» — асноўнае, што спрабуе тармазіць мае намаганні, калі я імкнуся прабіцца да падсвядомасці. Часам мне робіцца не па сабе...
— Вам трэба ў левы рад, каб зрабіць паварот, — нам на тую вуліцу, — перабіў яго, паказваючы напрамак, Юльян Сарока, — мы амаль прыехалі.
Святлафор спыніў іх. Крамнікаў выжаў счапленне і пераключыўся на нейтральную перадачу.
— Яшчэ Цыялкоўскі сцвярджаў, што на пачатку існавання Сусвету, мільярды гадоў таму, магчыма, узніклі разумныя істоты з разрэджанай матэрыі, — працягваючы размову, дадаў ён. — Мы іх не ўспрымаем. Вось вам характэрны прыклад: чалавек з дзесятак тысяч гадоў прыручае пчол, а яны, пчолы, нават не падазраюць пра наша існаванне, не бачаць нас — у іх няма адпаведных органаў... Ці мурашнік — гэта мінідзяржава насякомых — хіба ведае пра людзей? А што, калі і наша хвалёнае і самаўпэўненае чалавецтва проста гадуюць, як пчол? У чым сэнс існавання сутнасцяў? Мы не ведаем, а яны хаваюць адказы.
— Зялёны, — сказаў Юльян Сарока і раптам спытаў: — Можа, вы яшчэ будзеце сцвярджаць, што яны палююць за нашымі душамі?
— Будызм, прыкладам, абвяргае існаванне душы, — не здзівіўшыся, адказаў Крамнікаў, — але старажытныя выразы кшталту «прадаць душу» прымушаюць мяне глядзець на гэта з іншага боку. Спалучэнне такіх слоў заўсёды насцярожвала мяне.
— Тады рэінкарнацыя — гэта рэальна?
— Вы ж бачыце самі — колькі пытанняў.
— Ваша «псеўда» — яго можна лекава ўбраць ці ўвогуле знішчыць?
Читать дальше