Такім чынам, камень, які ўпаў на Юкатан, магчыма, нёс у сабе, на маю думку, сутнасць-праграму існавання сучаснага людства...
Хворы раптам змоўк, пераводзячы позірк з аднаго на другога.
Паўза.
Асадка ў руках дацэнта кафедры псіхіятрыі Івана Ігнатавіча забегала над аркушам паперы.
ПАРАНАІДАЛЬНАЯ СІМПТАМАТЫКА. ПАЧУЦЦЁ МІСТЫЧНАГА САЮЗА. СУТЫКНЕННЕ З МІСТЫЧНЫМІ СІЛАМІ. СУАДНАЛЕННЕ МРОЯЎ З РЭАЛЬНАСЦЮ, — напісаў ён і пасунуў аркуш галоўнаму лекару. Той прачытаў і без аніякіх заўваг, моўчкі пераклаў у свой стос.
— Вы сказалі — упаў кудысьці там камень, — ветліва заўважыла Рыма Паўлаўна, — але адкуль ён упаў, такі вялікі — з Марса, Юпітэра, з Месяца?
— Астэроіды ляцяць з космасу. Як і метэарыты, — занерваваўся Віктар Малец. -Хіба вы не ведаеце такіх простых рэчаў?
— Ага. Дык вы, можа, збіраеце метэарыты? — спытаў галоўны лекар. — Гэта вельмі станоўчы занятак, анягож. Вы, пэўна, пішаце якую навуковую працу? А скажыце, вы не заўважалі — вашы камяні, тыя, што вы сабралі ў сябе дома, — яны выпадкова не растуць? Вы, пэўна, адзначылі гэтыя ці іншыя іх якасці ў вашай навуковай працы?
— Я не пішу навуковых прац. Вы дарэмна збіваеце мяне з панталыку.
— Што вы, што вы! — замахаў рукамі галоўны лекар. — Я ні ў якім разе не хачу вас пакрыўдзіць ці пераканаць у якой думцы. Але вы тут сказалі крыху раней, што ў вашых камянях ёсць нейкая сіла. Вы можаце абмаляваць, так бы мовіць, што гэта за сіла? Вы яе назіралі?
— Я не ведаю дакладна, але назіраў. Магчыма, калі я назапашу больш ведаў, я зразумею, што гэта, адкуль і чаго яно вартае.
— От я і кажу, — ажывіўся галоўны лекар, — не бацька, як кажуць, дык людзі навучаць... Цікава, цікава. Дарэчы, як вы разумееце гэтую прымаўку, Віктар Пятровіч? Можа, вы патлумачыце...
— А як вы зразумееце такую, — аж ашчэрыўся Віктар Малец: -Хіцер Зміцер, але і Саўка не дурань? Вы што, тэстыруеце мяне?
— Ні ў якім разе, — ласкава аспрэчыў Браніслаў Антонавіч і адразу перавёў гутарку на іншае. — Дарэчы, вы казалі, што да вас заходзіў участковы лекар. Ён што, часта да вас заходзіць?
— Я хварэў, і ён прыйшоў па абавязку. Яго прозвішча Сарока, — патлумачыў Віктар Малец і зноў дадаў раздражнёна: — Вы дазволіце мне пазваніць ці не?
— Потым. Потым усё дазволім. І на што вы хварэлі? У вас балела галава, вы чулі якія галасы?
— Я прашу не мучыць мяне больш правакацыйнымі пытаннямі, — сказаў Віктар Малец. — Пакажыце мне заяву жонкі. Той ліст у вас?..
Паўза.
— Што ж, калі вы так хочаце, — Браніслаў Антонавіч скрушна ўздыхнуў, паправіў акуляры на пульхным твары, пашамацеў паперамі на стале і ўрэшце дастаў з папкі патрэбную. — Чытайце. — Ён трымаў разгорнуты ліст перад вачыма хворага, але на адлегласці. — Пазнаяце почырк?
Віктар Малец прыўзняўся з зэдліка і прагна выхапіў вачыма некалькі радкоў з ліста. Почырк быў жонкі — Валянцінін, ён больш не сумняваўся. Ён чытаў нейкі час, пакуль галоўны лекар не адтыргнуў паперу і не паклаў аркуш назад у папку.
ТЭСТ КОГАНА, РОРШАХА? — напісала тым часам на новым аркушы Рыма Паўлаўна і пасунула яго ў цэнтр стала.
Браніслаў Антонавіч прачытаў, згодна кіўнуў і сказаў, звяртаючыся да хворага:
— Мы нічога не хаваем ад вас, Віктар Пятровіч. Цяпер вы ўпэўніліся?
Віктар Малец моўчкі адвярнуўся, ён напружана думаў.
— Мы з вамі паспрабуем рассартаваць некалькі картачак, — прапанавала між тым яму Рыма Паўлаўна і няшчыра ўсміхнулася. — Вось гэтыя фігуркі паспрабуйце, калі ласка, раскласці па колеру, потым па форме, а ў канцы з улікам і колеру, і формы.
— Не жадаю, — адвярнуўся хворы. — Гэта глупства.
— Ну, добра, тады вось вам дзесяць выяў чарнільных кляксаў, зірніце. Вы толькі скажыце, на што падобная тая ці іншая з іх — і ўсё. Давайце зірнём разам.
— Адчапіцеся ад мяне. Я хачу дамоў.
Рыма Паўлаўна паціснула плячыма і напісала на чыстым лісце:
НЕГАТЫВІСЦКАЯ РЭАКЦЫЯ.
Раптам хворы Віктар Малец ускочыў з зэдліка і кінуўся да дзвярэй. Але адчыніць іх ён не здолеў, бо дзверы не мелі ручак. Ён з усяе сілы ўдарыў у іх плячом, ліхаманкава замітусіўся, як злоўленая птушка ў клетцы, але дарэмна. Лекары за сталом моўчкі назіралі, нават не паварушыліся. Потым Браніслаў Антонавіч націснуў пальцам кнопку збоку стала, і ў дзвярах узніклі постаці санітараў.
— Памажыце супакоіць нашага, э-э, госця, — сказаў ім Браніслаў Антонавіч і, звярнуўшыся да лекараў, сябраў камісіі, дадаў: — Давайце яго сюды, за шырму. Трэба праверыць перыястальна-сухажыльныя і брушныя рэфлексы, прыкус зубоў, сіметрычнасць твару і ўсё іншае.
Читать дальше