— І ваша жонка намнога маладзейшая? — пацікавілася Рыма Паўлаўна.
— На дваццаць адзін год.
— Скажыце, — бадзёра спытаў Іван Ігнатавіч, — вы часта хварэлі ў дзяцінстве? Вы не можаце ўспомніць — на што?
— Хварэў, як і ўсе, — відавочна стрымліваючыся, сказаў Віктар Малец. — Коклюш, бранхіт, водра...
— Так, так. Ну, а як вы адносіцеся да сексу, як у вас, прабачце за далікатнае пытанне, скажам, па жаночай частцы?
— А ў вас? — ашчацініўся хворы. — Не стварайце паглуму.
— Вы доўга пражылі са сваёй першай жонкай? — не пакрыўдзіўся дацэнт Іван Ігнатавіч. — Вы не памятаеце, чаму вы разышліся?
— Гэта мая асабістая справа.
— І вы ніколі не злавалі на яе, не пагражалі, не спрабавалі, скажам прама, зрабіць фізічнае ўздзеянне: ударыць яе?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Ну, прыкладам, вы заходзіце ноччу ў яе спальню і гледзіце, як яна спіць, а ў руцэ ў вас што-небудзь такое...
— Кухонны нож, напрыклад... — уставіла Рыма Паўлаўна, і, раптам сустрэўшыся з яе позіркам, Віктар Малец міжволі ўздрыгнуў — у тым позірку блакітна-шэрых вачэй была абыякавая, ненатуральная, механічная цікавасць — нібы да кузуркі, якая ляжыць перакуленая спінай на шкле і бездапаможна варушыць ножкамі.
Віктар Малец сутаргава праглынуў камяк у горле і прымусіў сябе стрымацца.
— Хіба такі ці падобны выпадак са мной зафіксаваны дзе-небудзь дакументальна? — знайшоўся ён.
— Але ваша цяперашняя жонка пісьмова сцвярджае, што вы неаднойчы хацелі забіць яе і некалькі разоў, калі яна прачыналася ноччу, то вы стаялі над ёй з нажом у руцэ. Прызнайцеся, не саромцеся, мы лекары і зразумеем вас... Вы раўнавалі яе да каго-небудзь?
— Гэта хлусня, — пабялеў Віктар Малец. — Пакажыце мне яе заяву, я не даю вам веры.
Паўза.
Рыма Паўлаўна павольна ўзяла чысты аркуш паперы і напісала на ім:
ТРЫВОЖНАЯ ДЭПРЭСІЯ, МАГЧЫМЫЯ ЭПІЛЕПТЫЧНЫЯ ПРЫПАДКІ, ЗМЕРКАВЫ СТАН?
Галоўны лекар прачытаў падсунуты аркуш і моўчкі далучыў яго да паперы Івана Ігнатавіча.
— Вы быццам кінулі працаваць, не дасягнуўшы пенсійнага ўзросту? — па-ранейшаму ласкава пацікавіўся ён у хворага. — Чаму?
— Так, — згадзіўся той. — Але працоўнага стажу ў мяне хапае. Я маю на тое рацыю.
— І кім вы працавалі раней?
— Эканамістам-планавіком, калі вас так цікавіць.
— Чаму вы кінулі сваю працу? Вам стала цяжка, балела галава, падымаўся ціск? Можа, вы сварыліся з кім на службе?
— Я знайшоў сабе больш цікавы занятак.
Трое за сталом пераглянуліся.
Галоўны лекар узяў аркуш і напісаў на ім:
УВАГА! ТУТ КЛЮЧ!
— І які гэта занятак? У чым ён заключаўся? — прачытаў і ажывіўся Іван Ігнатавіч.
— А вось на вашыя пытанні я прынцыпова не жадаю адказваць.
— Вы не хочаце з намі шчыра гаварыць? — спытаў галоўны лекар. — Але ж Іван Ігнатавіч не хацеў вас пакрыўдзіць, мы ведаем ваша, так бы мовіць, хобі: вы збіралі каменне. Навошта? Хіба яно мае каштоўнасць?
— Я магу збіраць, што палічу належным, — яшчэ больш раздражнёна сказаў Віктар Малец і дадаў: — Вы доўга яшчэ будзеце затрымліваць мяне? Я хачу пазваніць пракурору. Я маю на гэта права?..
— Не хвалюйцеся, — пачаў супакойваць яго Іван Ігнатавіч, — не трэба ўзрушвацца, мы шчыра цікавімся вашым захапленнем і жадаем вам толькі дабра.
— Так, так, — кіўнула і Рыма Паўлаўна і напісала на новым лісце буйнымі літарамі:
ЗВЫШКАШТОЎНАЯ ІДЭЯ. ПАРАФРЭННЫ СІНДРОМ?
— Да таго ж, — сказала яна з робленай ласкавасцю ў голасе, — мы павінны абследаваць вас лабараторна, візуальна, неўралагічна, саматычна, хаця гэтыя словы вам, магчыма, нічога і не гавораць. Вы ніколі не атрымлівалі якіх траўмаў, не ўдараліся галавой, у вас не было страсення мазгоў, успомніце, Віктар Пятровіч?
— Я не звальваўся ў дзяцінстве з даху, мяне не білі па галаве, і я збіраю каменне, а не жаночую бялізну, ну, можа, досыць мучыць старога чалавека? Адпусціце мяне, я хачу разабрацца ва ўсім, распытаць жонку. Выклікайце, калі варта, яе сюды...
— На жаль, гэта немагчыма, — супакойваюча сказаў галоўны лекар. — Мы вас крыху затрымаем, магчыма, падлечым, і ўсё будзе добра. Вы зноў пачняце займацца любімай справай — збіраць сваю калекцыю. Дарэчы, мне паведамілі, што ў вас знайшліся выдатныя экземпляры? Я маю на ўвазе асобныя камяні. Можа, вы знайшлі і свой Філасофскі Камень?
Хворы Віктар Малец удыхнуў і з шумам выдыхнуў з грудзей паветра, а потым недаверліва, з прыхаваным жахам абвёў зацкаваным позіркам усіх траіх. Але глядзелі на яго быццам добразычліва, пыталіся нібы са шчырай цікавасцю, і ён неахвотна, як школьнік, адказваючы ўрок, пачаў тлумачыць.
Читать дальше