Юльян Сарока міжвольна зрабіў глытальны рух. У горле было суха.
— Не адмоўлюся, — згадзіўся ён, раптам зразумеў і разгублена ўсміхнуўся. — Здаюся.
Гаспадар прынёс з кухні шклянкі, бутэльку віна і разліў.
— Зараз жонка прынясе што з ежы.
— Не трэба, — падзякаваў Юльян Сарока. — Я не галодны. Я павінен хутка ісці.
Ён павагаўся, а потым узяў шклянку і глынуў з яе. Цёплая хваля алкаголю звыкла скацілася яму праз горла ў страўнік і пачала мякка пашырацца, ахопліваючы частку цела ад пупка і вышэй па грудзях.
Гаспадыня зайшла ў пакой і паставіла на стол талерку з ежай. Юльян Сарока злавіў сябе на пачуцці, быццам праз расчыненыя дзверы на яго падзьмула халодным ветрам.
— Вып'еш з намі, Валянціна? — спытаў гаспадар і дадаў: — Гэта мая жонка.
Жанчына адмовілася і выйшла, кінуўшы на лекара хуткі, ацэньваючы позірк. Дзеля ветлівасці ён узяў з талеркі кавалак хлеба, адкусіў і спытаў:
— Вы даўно жанаты?
— Не. Можа, месяцы з два, — адказаў гаспадар. — Першая жонка пайшла ад мяне — яна лічыла мяне дзіваком. А другой, — ён панізіў голас, — я вельмі ўдзячны. Валянціна нашмат маладзейшая за мяне, але не гэта мяне турбуе.
— А што? — машынальна і зноў з ветлівасці пацікавіўся Юльян Сарока.
Віктар Малец устаў са свайго крэсла, ускудлаціў сівы ёршык валасоў на галаве, зрабіў некалькі крокаў да дзвярэй, прыслухаўся, вярнуўся назад і пачаў нервова хадзіць у абмежаванай прасторы. Яго цень ад настольнай лямпы хістаўся па стэлажах з каменнем.
— Мяне радуе і непакоіць тое, што яна не толькі не пратэстуе, — ён махнуў рукой на жалезныя стэлажы, — а быццам і ўхваляе гэта. Яна чуллівы і душэўны чалавек. А я так мала раблю для яе.
— Знайшоўшы — не радуйцеся, згубіўшы — не плачце, — крыху іранічна заўважыў лекар.
— Хіба што так, — пагадзіўся гаспадар. — Але вы не маеце рацыі.
— Ну, а чаму непакоіць? — вяла спытаў лекар.
— Не ведаю. Часам я... я адчуваю сябе нібы на агібе — ведаеце, гэта такое топкае месца на балоце...
— То не адны вы, — сказаў Юльян Сарока. — Балота, яно і ёсць балота.
Шэра-ружовы камень між тым ляжаў на стале побач з бутэлькай, міжволі прыцягваючы ўвагу.
— Скажыце, — вяртаючыся да ранейшай тэмы, недаверліва і нават скептычна спытаў лекар, — гэтым каменьчыкам можна забіць адну асобу ці некалькі?
— Толькі адну.
— Вы плануеце пазбавіць каго-небудзь жыцця? — пацікавіўся Юльян Сарока.
— У мяне няма такіх намераў, — патлумачыў гаспадар. — Калі ўсё арганічнае смяротнае, дык навошта штучна ўмешвацца ў гэты непазбежны працэс?
Юльян Сарока зноў зрабіў глыток. Цяпло ў падсвядомасці ператварылася ў роўна палаючы агеньчык.
— Шкада, што толькі адну, — сказаў ён.
— А вы б колькі хацелі?
— Я мушу лячыць, а не забіваць. Але на гэтай зямлі аб'явіўся народ, які забівае сябе сам і наблізіўся да здрады, якой, магчыма, яшчэ не ведала людства.
— Народы таксама паміраюць. У пачатку стагоддзя існавала дваццаць адна цывілізацыя, а зараз — шэсць. Людзі вартыя таго, што ёсць і што робіцца ў гэтым свеце.
— Дэарыізацыя, -удакладніў Юльян Сарока, — гэта самы горшы варыянт памірання.
— Няхай. Хаця якая вам розніца, хто пасля нас будзе збіраць на гэтай зямлі каменне? Чаму ў вас такія думкі? Дзіўна. Плюньце і займайцеся тым, што вас цікавіць.
— Я не разумею, навошта такі народ існуе, — з горыччу паўтарыў Юльян Сарока. — Хіба што сцерагчы свае рэкі, лясы, азёры, берагчы жывёл? Але ён не сцеражэ і не беражэ і не імкнецца. Не імкнецца нават імкнуцца.
Гаспадар усміхнуўся і паклаў далонь на каменьчык. Ён глынуў са сваёй шклянкі і сказаў:
— Авалодваць ведамі жыцця больш варта, чым задаваць недарэчныя, выбачайце, пытанні. Я авалодаў іх маленькай часцінкай, і я задаволены.
— Навошта вам столькі камення, калі сіла, як вы сцвярджаеце, толькі ў адным, — Юльян Сарока раздражнёна кіўнуў у напрамку стала.
Гаспадар падняў шклянку. Віно ў ёй варухнулася, заіскрыўшыся мяккім чырвоным святлом.
— Кожны з гэтых камянёў па-свойму адметны. Да таго ж сутнасць можа раздзяліцца з мэтай памнажэння. Але, мяркую, гэта адбываецца вельмі рэдка. Магчыма, раз у сто ці тысячу гадоў.
— Гэты камень мае якія асаблівасці? — зноў спытаў Юльян Сарока і паставіў на стол пустую шклянку. — Ён адрозніваецца вагой, тэмпературай ці яшчэ як?
— А вы вазьміце і памацайце.
Участковы тэрапеўт Юльян Сарока асцярожна ўзяў камень у руку. Ён злёгку сціснуў у далоні яйкападобны кавалак граніту і прыслухаўся да сваіх пачуццяў.
Читать дальше