Юльян Сарока сапраўды слухаў гаспадара кватэры не зусім уважліва. Прафесія лекара патрабавала ад яго цярпення і памяркоўнасці да чалавечых слабасцяў. Ён вырашыў, што ў гэты вечар на сваім участку больш ні да кога не пойдзе, і ўнутрана нібы адпусціў лейцы. Ён прагнуў хутчэй пайсці дадому, сесці ў крэсла-качалку, наліць шклянку віна і выпіць. Лекар Юльян Сарока ўявіў, як будзе меншаць імпэт жыцця за вокнамі яго маленькай кватэры, як заціхне на ноч горад і прыйдзе маўчанне і як яго агорне спакой. Потым ён напоўніць шклянку яшчэ раз і будзе піць ужо пакрыху, каб падтрымліваць стан ап'янення на адным узроўні да таго часу, пакуль не захочацца спаць. А потым паслухае радыё і засне. А заўтра ў яго прыём а другой палове дня.
Паўза.
— І гэты фетыш пры вас? — спытаў урэшце Юльян Сарока, каб нешта сказаць.
— Я пакажу вам прадмет з сутнасцю, — раптам, быццам станоўча вырашыўшы нешта для самога сябе, сказаў Віктар Малец. — Знешне гэта, скажам, зусім звычайная рэч. Камень. Але толькі знешне. Мяркую, вы здольныя на тое, каб абстрагавацца і каб зразумець.
Гаспадар устаў з крэсла, намацаў нешта на верхняй паліцы і, трымаючы ў руцэ, падышоў з ім усутыч да ўчастковага тэрапеўта.
Юльян Сарока зірнуў. На далоні гаспадара ляжаў камень памерам з гусінае яйка, але не зусім правільнай формы, шэра-ружовага, амаль што крэмавага колеру, з чырвонай украпінай. Гэтая ўкрапіна цягнулася паўз яго ў выглядзе набрынялай крывёю вены.
— Цяпер, на захадзе сонца, каменне заўсёды поўнае журбы, — сарамяжліва паведаміў Віктар Малец. — Але ў гэтым экземпляры, скажам, такога няма. У ім хаваецца сіла. Вы адчуваеце?
Лекар Юльян Сарока паціснуў плячыма.
— Вы сцвярджаеце, што з дапамогай такога, ці падобнага на яго, каменя цалкам пазбавіцеся ад хваробы? — спытаў ён.
— Так. У ім схаваная немалая сіла. Унутры. Яна можа і забіць. Але я маўчу пра гэта. Дый усё роўна ніхто не дасць веры.
— Забіць? Якім чынам? — вяла спытаў лекар Юльян Сарока. Гутарка пачала стамляць яго. Ён хацеў устаць з крэсла, забраць гамец і выйсці на вуліцу, але чамусьці застаўся сядзець.
— Гэта не так і складана. Трэба выказаць пэўную мэту, намер. Сутнасць пакіне камень і ўвойдзе ў таго, хто будзе яго трымаць ці проста дакранацца да яго якой часткай цела ў гэты момант. Чалавек памрэ самае позняе праз некалькі дзён.
— Так, цікава, — зазначыў Юльян Сарока, але ахаладзіў гаспадара: — Не крыўдуйце, але я не даю вам веры.
— Вы што, не чулі пра знахарства, вядзьмарак, сурокі? — аж ускінуўся Віктар Малец. — Ну вазьміце, напрыклад, самую звычайную з'яву ў вашай медыцынскай практыцы: якая-небудзь неадукаваная бабуля вылечвае трафічную язву словам за адзін, заўважце, за адзін сеанс. А вы ведаеце, што цэлыя вёскі выміралі, калі перад імі на скрыжаванні дарог закопвалі ў зямлю такія вось ці падобныя на іх прадметы сілы? Ведзьмакі індзейцаў майя, калі ім трэба было пазбавіцца ад якога супляменніка, уладкоўвалі на сцяжынку, дзе той ходзіць, кукурузнае зерне. Адно-адзінае зярнятка, але перадусім у ім нарошчвалі сілу. Як толькі небарака наступаў на зерне нагой ці яшчэ як дакранаўся да яго, сіла ўваходзіла ў яго і праз нейкі час забівала. Хіба не папярэджвалі вас у дзяцінстве, што нельга падбіраць з зямлі розныя іголачкі ды шпількі? А загаворы на крыві? Такіх спосабаў шмат, у чорнай магіі, прыкладам...
— Вы займаецеся магіяй? — спытаў Юльян Сарока.
— Ні чорнай, ні белай.
— Навошта тады вам вашы амулеты з камення?
— Вы не разумееце. Вядома ж, вы не Арыстоцель, ха-ха. Не крыўдуйце. Гэта прыходзіць не адразу. Ведаеце, шукаючы прадметы з сутнасцю, я шмат чаму навучыўся. Іншым разам я магу, напрыклад, прадчуваць жаданні. Калі моцна захачу, яшчэ тое-сёе... Хаця я і ведаю, што гэта толькі маленькая прыступка да нечага большага. Так, прыступка, не інакш.
Лекар Юльян Сарока недаверліва пахітаў галавой. Жалезныя паліцы з каменнем, амаль поўная адсутнасць мэблі, дзіўныя паводзіны гаспадара кватэры не выклікалі ў яго амаль ніякіх пачуццяў, апроч стомленасці і тугі. Ён спытаў:
— Ну і якія, прыкладам, жаданні ці намеры вы зараз выявіце ўва мне?
Гаспадар моўчкі выслухаў яго і пакруціў пальцамі верхні гузік кашулі. Нейкі час абодва глядзелі адзін другому ў вочы. Юльян Сарока адвёў позірк першым.
— Вам наліць віна? — раптам спытаў гаспадар. — У мяне ёсць бутэлька малдаўскага партвейну. Таннага, вядома. Я адчуваю віну перад вамі: не прайшоў прышчэп і рэнтген, не здаў аналізы, зблытаў вашу дакументацыю і парушыў парадак...
Читать дальше