І ён паклікаў:
— Кірыл!
Адразу аднекуль з'явіўся санітар Кірыл. Ён быў у спартыўным касцюме і красоўках, і, пакуль апранаў зверху брудны, даўно нямыты халат, Юльян Сарока зноў са здзіўленнем убачыў у яго цёмных, цыганскіх вачах, як і ў вачах галоўнага лекара, насцярожаную боязь і непрыхаваную цікаўнасць да іх нечаканага візіту.
Санітар Кірыл адвёў іх у адгароджаны трохметровай рашоткай з дроту прастакутнік, які, як ён патлумачыў, скарыстоўваўся для прагулкі хворых, і неўзабаве прывёў Віктара Мальца.
За той час, што ўчастковы тэрапеўт не бачыў яго, той моцна схуднеў і відавочна здаў фізічна. Толькі вочы паляўнічага за каменнем нагадвалі былога захапленца.
Юльян Сарока сказаў хвораму, што ён сам і яго сябра Крамнікаў зробяць усё, каб яму дапамагчы. Віктар Малец падзякаваў і адразу заявіў, што ён здаровы і зусім не псіх.
— Але ж вы, на жаль, тут, — Барыс Крамнікаў кіўнуў на дрот і дадаў, што прыехаў, каб пагаварыць з ім наконт яго каменьчыкаў з сілай.
Віктар Малец перакуліў пустую скрыню і сеў. Ён сказаў, што згодны пагаварыць, але адзін на адзін, і зірнуў у бок санітара.
Санітар Кірыл павагаўся і пайшоў. Юльян Сарока таксама адышоў у кут, знайшоў і перакуліў сабе пустую скрыню, сеў, выцягнуў з кішэні пінжака плоскую нікеліраваную біклагу, адкруціў корак і глынуў.
Ён сядзеў, часам пазіраючы на апантанага і яго суразмоўцу, і думаў пра тое, што пустая трата часу — імкнуцца ўдасканальваць гэты свет і шукаць шляхі ў іншыя светы, але яшчэ большая пустата — жыць, каб спажываць ежу і харчавацца дзеля жыцця, і зноў жыць, каб есці, і так — да самай смерці.
На развітанне Барыс Крамнікаў паабяцаў, што мусіць наведацца сюды яшчэ раз.
— Буду вам абавязаны на ўсё жыццё, — Віктар Малец відавочна стрымліваў слёзы.
— Дарэчы, — крануў яго за плячо Крамнікаў, — вы ведаеце пагалоску пра барсука і лісіцу?
Віктар Малец паціснуў плячыма.
— Усё проста. Калі барсук выкапае сабе нару, туды мае звычку завітваць лісіца. Яна запаскуджвае нару, і чысцюля-гаспадар вымушаны сысці і будаваць новую. Мяркую, вам трэба трымацца падалей ад лісіц.
Паўза.
Віктар Малец выцягнуў з кішэні невялікую скрыначку.
— Я вельмі прашу вас паслаць гэтую бандэроль па адрасу, — папрасіў ён Юльяна Сароку. — Калі можна, то нават сёння.
Тэрапеўт узяў скрыначку і паабяцаў.
— Мне позна капаць новую нару, — сказаў хворы. — Я хачу вярнуцца ў старую.
Санітар Кірыл крануў яго за плячо. Хворы Віктар Малец раптоўна выслізнуў з цяжкага і трывожнага сну. Перадусім ён па парадзе санітара не стаў прымаць нанач і непрыкметна для дзяжурнага лекара выплюнуў таблеткі транквілізатараў. Таму сон яго быў непрацяглы і неглыбокі, што толькі дапамагло яму адразу сабрацца і ўсвядоміць сваё становішча.
У затхлым, прапахлым хлёркай і нездаровымі выпарэннямі паветры мужчынскага спецблока чуўся храп, мармытанне, кашаль і стогны. У куце палаты, ледзь асветленым слабымі лямпачкамі пад столлю, нехта з хворых хадзіў між ложкамі.
— Не перадумаў? — пачуў ён шэпт Кірыла над вухам.
— Не.
— Тады збірайся і пайшлі, — ціха сказаў Кірыл. — Трымайся за мной на адлегласці. Калі хто і заўважыць — я іду асобна і ты сам па сабе — зразумеў? Дзверы я бяру на сябе. Галоўнае — незаўважна прайсці праз дзяжурную ўнізе. Яна хаця і спіць, але вельмі чуйна, не замужам кабета, ха-ха.
Віктар Малец зірнуў на гадзіннік і таропка апрануўся. Ішла сёмая гадзіна раніцы, і да ўсходу сонца, а значыць, пакуль развіднее, было яшчэ гадзіны паўтары.
Ледзь чутны шчаўчок ключа ў дзвярах палаты, якія адчыніў санітар, падаўся ледзь не грукатам. Яму нават здалося, што хворыя пачалі прачынацца і сочаць за ім, а то і крадуцца следам. Але, азірнуўшыся, ён убачыў, што ніхто за ім не ідзе і не збіраецца, і ціха прычыніў за сабой дзверы.
Дзяжурная ўнізе сапраўды спала на кушэтцы за палатнянай заслонай. Закратаваныя форткі нават не рыпнулі, не азваўся і замок пад ключом санітара, і неўзабаве следам за Кірылам ён апынуўся ў двары корпуса.
Раніца яшчэ не нагадвалася. Было цёмна і па-зімоваму холадна і стыла. У слабым святле поўні там-сям бліскалі замёрзлыя лужыны ды іскрыліся лапікі снегу, што ляжаў ужо дзе-нідзе ўзбоч ад сцежак.
Санітар Кірыл, які суткі раней прапанаваў яму ўцёкі, чакаў яго за дзвярамі, і калі ён падышоў бліжэй, шэптам загадаў ісці за ім да брамы, туды, дзе знаходзіцца альтанка, у якой штодня грае на скрыпцы хворы меламан, а потым, сказаў ён, яны пойдуць далей разам.
Читать дальше