Новы і зусім не знаёмы яму загадчык аддзялення, малады, але таўсматы, з шырокім жаночым тазам, што не хаваў нават халат, а ў мужчын, як адзначыў сабе Юльян Сарока, гэта прыкмета не толькі гарманальнага зруху, але няшчырасці і каварства, — разводзячы рукі, сказаў:
— Кнігі, на жаль, знеслі. Ну вы ж бачыце, шафа не замыкаецца. Ды іх і было тут...
Запанавала няёмкая цішыня. Загадчык яўна і не хаваючы свайго жадання чакаў, калі непажаданы наведвальнік развітаецца. І каб запоўніць гэту цішыню, ён пачаў гаварыць неістотнае: што Крамнікаў займаўся нейкімі сваімі асабістымі доследамі, што ён хаця і не дасягнуў тут чагосьці значнага, але быў на добрым уліку і мог бы заставацца і працаваць. Апошнія дні туляўся з палаты ў палату, развітваўся з хворымі, а потым сядзеў за кампутарам, набіраў нейкую бязглуздзіцу.
— Што менавіта? — спытаў Юльян Сарока.
— Так, нічога асаблівага. Словы.
— Мо засталася дыскета? — спытаў Юльян Сарока.
Загадчык пакратаў лоб, падумаў, потым пакорпаўся ў стале і працягнуў яму чорную пласцінку.
Юльян Сарока ўзяў дыскету і спытаў дазволу ўключыць кампутар.
Ён уставіў дыскету ў вінчэстэр і вывеў на экран. Некалькі хвілін тэрапеўт Юльян Сарока ўважліва чытаў словы, што доўгімі радкамі спускаліся адно за адным па дысплеі, а потым націснуў кнопку і выключыў.
— Можна, я забяру дыскету? — папрасіў ён.
Загадчык аддзялення зрабіў нядбайны жэст і згодна кіўнуў.
Дарогу з клінікі дадому Юльян Сарока ведаў добра і таму нават не заўважыў, як ногі звыкла пакрочылі ў належным напрамку. Вуліца наплывала на яго адпрацаванымі аўтамабільнымі газамі, шумам матораў ды маўклівымі, засяроджанымі ў сябе постацямі прахожых. Участковы тэрапеўт адчуваў раздражненне, няўпэўненасць і тугу. «Стомленасць, — падумаў ён. — Стомленасць плюс алкаголі».
Каб скараціць шлях, ён завярнуў у невялічкі скверык і амаль прайшоў яго, звярнуўшы ўвагу на спілаваныя там-сям дрэвы, якія самотна і бездапаможна ляжалі на бруднай, падмёрзлай зямлі, калі раптам яго вочы выхапілі на гэтым убогім кавалку пейзажу прадмет, які прымусіў яго спыніцца. На зямлі ляжаў гранітны глыжак цёмна-ружовага колеру, памерам з кулак дарослага чалавека. Юльян Сарока нахіліўся і асцярожна падняў камень. Глыжак быў гладкі, нібы адпаліраваны, хаця і няправільнай формы. Участковы тэрапеўт змахнуў з яго паверхні слой гразі, пяску і пылу і агледзеў знаходку больш уважліва. Камень быў з выгляду зусім звычайны і наўрад ці выклікаў у каго-небудзь хаця б самую нязначную цікавасць, але Юльян Сарока чамусьці злавіў сябе на пачуцці, што гэта не так. Хіба сапраўды промні нябесных целаў аказваюць крысталізуючы ўплыў на ніжэйшы свет і становяцца элементамі: каменнем? А калі так, ці вызначае яно іншым разам шлях чалавека? І ці з'яўляецца задавальненне звычайнай цікаўнасці матывам для таго, каб прысвяціць сваё жыццё небяспечнаму і невыгоднаму пошуку? — падумаў ён.
Юльян Сарока паклаў гранітны глыжак у гамец.
СЛОВА — ФРАГМЕНТ ДНК
псеўдазародак псеўдачалавек псеўданаваколле
псеўдарозум псеўдарэчаіснасць псеўдасям'я псеўдасвабода псеўдагісторыя псеўдаідэя псеўдапрырода псеўдадзейнасць псеўдапаняцце псеўдадзяржава псеўдамараль
псеўдаадчуванне псеўдадзяцінства псеўдавыжыванне псеўдасцяг псеўдакаштоўнасць псеўдапамяць псеўдавайна псеўдацарква псеўдаюнацтва псеўдагерб псеўдакультура псеўдакаханне псеўданавука псеўдагімн псеўдапомнікі псеўдапісьменства псеўдашчырасць псеўдамова псеўдагонар псеўданараджэнне псеўдалітаратура псеўдасвядомасць псеўдамедыцына псеўдаадраджэнне псеўдапаветра псеўдарух псеўдацела псеўдаплебісцыт псеўдабарацьба псеўдарамантыка псеўдашлях
псеўдабудаўніцтва псеўдагрошы псеўдаадлюстраванне псеўдарадасць псеўдааб'яднанне псеўдаэканоміка псеўдаміліцыя псеўдамастацтва псеўдалёс псеўдарака псеўдамузыка псеўдагорад псеўдакааперацыя псеўдахлеб псеўдадуша псеўдачас псеўдавіно псеўдадрук псеўдасаюз псеўдаўрад псеўдапошук псеўдавада псеўдамеханізм псеўданарод псеўдасусед псеўдамінулае псеўдаадносіны псеўдакіно псеўдазаклік псеўдаімпэт псеўдадождж псеўдавёска псеўдасекс псеўдабюджэт псеўдасяброўства псеўдаармія псеўдатэатр псеўдадом псеўдакветкі псеўдагандаль псеўдаюрыспрудэнцыя псеўданезалежнасць псеўдаабдымкі псеўдарадня псеўдастыль псеўдарамонт псеўдазоркі псеўдаэйфарыя псеўдахаўтуры псеўдапрэзідэнт псеўдаграмадства псеўдаўсмешка псеўдапрамова
псеўдамяжа псеўдатэлебачанне псеўдапартыя псеўдаспорт псеўдасход псеўдабратэрства псеўдарынак псеўдакантора псеўдажыццё псеўдатаварыш псеўдапраўда псеўдароўнасць псеўдавера псеўдамоладзь псеўдапраца псеўдазакон псеўдамеліярацыя псеўдакурс псеўдарэвалюцыя псеўдавозера псеўдапрадукцыя псеўдаперспектыва псеўдатвар псеўдалюбоў псеўданадзея псеўданацыя псеўдаполе псеўдашкола псеўдагуст псеўдаперамога псеўдапашпарт псеўдаякасць псеўдазямля псеўдамесяц псеўдапланета псеўдасонца псеўдагалактыка псеўдасусвет...
Читать дальше