— Ты высветліў, адкуль яна?
— З інстытута біяхіміі пры акадэміі. У іх дамова з клінікай, нейкія вопыты робяць. Можа, варта пужнуць?
— Ні ў якім разе. Яна — фон. Разумееш? Калі ў Фелікса будзе якая праверка, мала яшчэ што, хіпеж які адбудзецца — усё на яе спішацца. Няхай ходзіць.
— Добра. Пакруцімся так з год, і куплю сабе домік ля мора. У Крыме. А можа, і за мяжу зліняю. Там за зялёныя ўсё купіць можна.
— І прапіску? — рагатнуў Стас.
— З грамадзянствам, вядома, нявыкрутка. Маеш рацыю.
— Нічога, так уладкуешся. У прымы пойдзеш. Ты ж у нас прыгожанькі. Вось толькі імпатэнт. Прабач, напаўімпатэнт.
— Не. Там нашых асабліва не любяць, — не пакрыўдзіўся Ігар. — Казалі — вітаюцца скрозь зубы, дзяцей у адну школу з іх дзецьмі не аддасі — супраць.
— Звыкнуцца, маць іх...
Горад імкліва насоўваўся на іх начнымі агнямі. Працавалі «дворнікі», бо шкло пакрывалася кроплямі вільгаці. Рэдкія сустрэчныя машыны амаль бязгучна праносіліся міма, асляпляючы вандроўнікаў фарамі.
— Едзем у матэль, — сказаў Ігар. — Да дзевак.
Ён выцягнуў з кішэні перац і пачаў жаваць.
Ішла сёмая гадзіна раніцы. Марка Валынец, які дабраўся дадому, рыхтаваўся паспаць. Апошнімі днямі ён мала спаў. Ён распакаваў рукзак і прыняў душ, калі зазваніў тэлефон. Марка Валынец зняў слухаўку.
— Ало! Ало, лекар! — крычаў голас у слухаўцы. — Гэта я, Ігар!
— Я хачу спаць, — сказаў Марка Валынец, — у мяне мала часу, каб размаўляць пра жыццё. Дарэчы, вы яшчэ жывыя? Гэта дзіўна. Я вас сур'ёзна папярэджваю. Сцеражыцеся.
— Ды кіньце вы свае жарты, лекар! — крычаў голас. — У мяне ўсё клас! Я ваш метад скарыстаў, і я здаровы! Мы якраз у дзевак, хочаце — і вам прывязём? Давайце толькі свой пеленг!
Марка Валынец паклаў слухаўку.
Ён праспаў некалькі гадзін, потым знайшоў у халадзільніку ежу і паеў. Еў і слухаў навіны. Транзістар выплёўваў іх на дрэннай зрусіфікаванай мове: стабілізацыя, далейшая інтэграцыя, паляпшэнне ўзроўню...
Ён ведаў, што гэта хлусня.
Яшчэ года паўтара назад, калі кандыдат навук Марка Валынец, нармальны сем'янін і грамадзянін, імкнуўся ўтрымацца на паверхні навуковай плыні, ён самастойна, нешта накшталт пабочнага захаплення, пачаў распрацоўваць праблему грамадскага выжывання. Тэма была новая, праца яго зацікавіла і рухалася хутка. Але чым хутчэй яна падыходзіла да завяршэння, тым больш акрэслена ён бачыў наступствы сваіх разлікаў. Урэшце, сэнс вынікаў можна было звесці да некалькіх найбольш важных лічбаў і разлікаў. Марка Валынец вылічыў галоўнае — індэкс выжывальнасці. Калі яго ўмоўна класіфікаваць па пяцібальнай сістэме, то крытычная рыса складала дзесьці паўтара бала. У эўрапейскіх краінах яна хісталася ад трох да чатырох і дзевяці дзесятых бала. У Бельгіі, прыкладам, лічба складала роўна чатыры балы. У Расеі — якраз паўтара. У нас, як выявіў Марка Валынец, індэкс споўз да адзінкі. Затое падскочыў узровень псіхапаталогіі і злачыннасці.
Навуковец Марка Валынец звярнуўся са сваімі вынікамі да ўрадавых колаў, частку надрукаваў, але не дачакаўся нават адказу. Больш працаваць не мела ніякага сэнсу, і ён кінуў усё. Гэты народ, які дазволіў калісьці вынішчыць цэлае пакаленне, меркаваў Марка Валынец, дасюль не можа пазбавіцца страху. А людзі, якія не ўмеюць не баяцца, не здольныя ні на што вартае. Ён зразумеў простую паслядоўнасць распаду і тое, што яму не дадуць ніякім асабістым навуковым каменем хваляваць балота, дзе драпежнікі звыкла цікавалі за сваімі ахвярамі. Ён лічыў, што зрабіў свой экзістэнцыяльны выбар.
Марка Валынец апрануўся і выйшаў з кватэры. Ён быў усё ў той жа штармоўцы, бейсбольнай кепцы і старых красоўках. Але знешні выгляд і тое ўражанне, якое рабіў гэты выгляд на людзей, мала яго непакоілі.
Цяпер ён ішоў, каб правесці чарговы сеанс псіхатэрапіі. Перадусім да яго звярнуўся за дапамогай вядомы ў рэспубліцы кікбаксёр-прафесіянал. Валынца выпадкова параіў яму нехта з сяброў. Ужо ў гадах, немалады «профі» прызнаўся яму, што не можа пазбавіцца страху. Гэты страх прыйшоў раптоўна, як бывае раптоўным дождж ці снежны абвал. Праз месяц яму трэба было правесці важны бой чэмпіянату Эўропы. Праціўнік быў сур'ёзны, відэакасеты з запісамі яго паядынкаў ляжалі на стале ў прафесіянала. Кожны прагляд чарговай касеты толькі пагаршаў яго стан. Ён баяўся не грашовых страт і не паніжэння свайго рэйтынгу ў выніку паразы. Ён баяўся калецтва.
Марка Валынец звычайна рэдка браўся за такія справы, але «профі» чымсьці яму падабаўся. Магчыма, тым, што не шукаў лёгкіх заробкаў убаку, не пайшоў, як кажуць, па рынку, чым цяпер канчаюць сваю кар'еру многія вядомыя спартсмены, не хаваў, што пагарджае гэтым. Ён імкнуўся насуперак усяму да нейкай сваёй, неасэнсаванай яшчэ ім самім, дасканаласці. Марка Валынец правёў з ім некалькі гутарак і паступова растлумачыў яму тое, што збольшага ведаў сам. Сутнасць была ў тым, каб ён, як спартсмен, перад кожным боем быў унутрана згодзен быць пабітым, калі гэтага варты, і свядома адмовіўся б ад прагназавання сітуацыі і тым самым вызваліўся ад «мадэлі паводзін». Удзельнік паядынку, тлумачыў прафесіяналу Марка Валынец, павінен не нападаць і абараняцца, а нібы прымаць удзел у схватцы, дасягаючы ўнутранай згоды.
Читать дальше