— Я чула, быццам вы сталі экстрасенсам, нават практыкуеце.
— Лухта. Я не выступаю ў клубах і не прымушаю людзей матляць галовамі.
— Дык гэта няпраўда?
— Я ўдасканальваю сябе, скажам так. Ну, і калі-небудзь мяне цікавяць «бастардныя», як кажуць навукоўцы, праблемы.
— Выбачайце, я пайду, калі вы спяшаецеся, — сказала жанчына.
— Вырашылі, што я звіхнуўся? Прызнайцеся, што падумалі.
— Так, — раптам згадзілася Ірына Абуховіч. — Падумала.
Марка Валынец паморшчыўся, але жанчына зняла акуляры, і зноў яе рахманая ўсмешка стрымала яго.
— Я не магу вам растлумачыць, вы самі павінны зразумець, — пачаў міжволі Марка Валынец. — Гэта чуткі, не больш. Я, скажам так, чалавек, які толькі і ўмее, што ўзнімацца на пажарную вышку. Вось і ўсё.
— Не разумею, — сказала Ірына Абуховіч. — Патлумачце, калі гэта не сакрэт.
— Ну, прыкладам, вы стаіце на вуліцы і бачыце, як побач праязджае веласіпедыст. Ён едзе паўз вас, знікае з поля зроку, і вы не ведаеце, што з ім адбываецца потым. Але ўявіце, што вы ўзнімаецеся на гарадскую пажарную вышку і адтуль глядзіце на дарогу, якая вядзе далёка за горад, і зноў, з вышыні, бачыце таго ж веласіпедыста, а таксама ўсе перашкоды, якія яму сустрэнуцца. Вы цяпер ведаеце пра непрыемнасці, калі яны ёсць, задоўга да таго, як даведаецца той веласіпедыст.
— Забаўна. Але ж гэта алегорыя, я так разумею.
— Так, не больш. Іншым разам я дапамагаю людзям, калі яны просяць.
— Мне здаецца, — сказала Ірына Абуховіч, — што вы дасягнулі б нечага істотнага, зрушылі б якую гару... Вы дарэмна кінулі інстытут.
— У нас нельга што-небудзь зрушыць, каб потым яно не звалілася на тваю ж галаву. Такі народ, дый навука ў заняпадзе. Мы так адсталі, што нават няёмка. Вы чулі, напрыклад, пра ідэі і вопыты француза Жака Бенвеніста? Не? Вам, як біяхіміку і практыку, трэба хаця б пазнаёміцца. Ідуць вельмі цікавыя распрацоўкі. Па дэгрануляцыі, прыкладам. Калі можна атрымліваць з малекул немалекулярную субстанцыю, то магчымы і зваротны працэс. А гэта значыць, што можна імгненна пераносіць сваё электронна-магнітнае пераўтварэнне нават на іншыя планеты. Чым не «бастардная» ідэя? Вам не здаецца дзіўным, чаму просты шаман раптам пачынае сцвярджаць, што ён тройчы бываў на Месяцы? Мне — не. А тое, што біяінфармацыя можа перадавацца вадой? Вы хутчэй за ўсё свядомы практык, нармальная жанчына і чалавек, — вы можаце мне растлумачыць, як у вадкасці захоўваецца нейкі «адбітак»? Тым больш пры разбаўленні аднаго да дзесяці ў стодваццатай ступені? Дзеля параўнання — колькасць часціц у Сусвеце — дзесяць у шасцідзесятай ступені...
— Я не мадам Кюры. Тут патрэбны неардынарны інтэлект, які не баіцца рызыкі. Вось вы калісьці не баяліся.
— Вы памыляецеся, — не згадзіўся Марка Валынец. — Якраз тады я баяўся.
— А цяпер — не?
— Цяпер — не.
— І вы не вернецеся назад? У інстытут?
— Навошта? Жыццё кароткае. Каб дарэмна марнаваць час?
— Так, мы хіба што корпаемся над рознымі дробязямі.
— Што ж, — усміхнуўся Марка Валынец, — тады займіцеся ўсур'ёз сям'ёй, дзецьмі.
— У мяне няма сям'і, — сказала Ірына Абуховіч.
— Ну, гэта можна паправіць. Як кажуць, мужчына да пары, а жанчына да пары.
Людская плынь цякла вакол іх, абмінаючы з бакоў, як маленькую выспу.
— Мы зараз разбяжымся, — сказала жанчына, — дык вы можаце хуценька ўзняцца на вашу пажарную вышку і паглядзець адтуль, што мяне чакае?
Марка Валынец усміхнуўся і паціснуў плячыма.
— Вы выйдзеце замуж за высокага брунета, і ён павязе вас у вясельнае падарожжа. У Еўпаторыю.
— А калі без жартаў?
— Тады зірніце навокал. Будзьце больш абачлівая. Эпоха Рыб адыходзіць, пачынаецца эпоха Вадалея. Пераходны перыяд заўсёды небяспечны. Плутон выйшаў са знака Скарпіёна і ўваходзіць у знак Стральца. Наперадзе — трынаццаць гадоў катастроф. Дастаткова жахаў?
— Мне цікава з вамі, але, па-першае, вы са мной жартуеце, як з дзіцём, а па-другое — трэба ісці, — сказала Ірына Абуховіч і зірнула на гадзіннік. — Бывайце.
Марка Валынец яшчэ некалькі секунд назіраў, як вакзальная плынь паглынае яе, а потым спусціўся па прыступках у пераход. Затхлае паветра павеяла на яго пахамі тытуню, цвілі і нямытай чалавечай плоці. Ён зноў падняўся наверх, праціснуўся да касы і стаў у чаргу.
Вагон электрычкі быў перапоўнены людзьмі, але ён ведаў, што праз некалькі прыпынкаў многія выйдуць. У праходзе звыкла пацягнуліся жабракі, адзін з іх нават моўчкі крануў яго за плячо, настойліва патрабуючы грошай, потым прайшлі гандляры газетамі, брашурамі па садаводству, таннымі кніжкамі на расейскай мове ў крыкліва-стракатых вокладках, насупраць рабочыя выцягнулі калоду карт і пачалі гульню.
Читать дальше