— Грошы, — сказаў Вайтовіч. — Думаеш, у мяне іх дваццаць штук? Памыляешся. Іх больш. І ўсе ляжаць дома. Раней «круціліся», а зараз я іх збіраю ў адно месца. А на іх пах могуць прыйсці. Нават простага валютчыка, які зарабляе сабе радыкуліт і запаленне нырак, стоячы на вуліцы ў любое надвор'е, і то хоць раз ды сустрэнуць у пад'ездзе і пачастуюць нунчакай па галаве. А я ж не валютчык. Хоць і маскіруюся пад шарачковага. Як гэта называецца ў жывёл, калі яны мяняюць афарбоўку, знешні выгляд, каб не выклікаць да сябе залішнюю цікавасць?
— Мімікрыя.
— Так. Як шмат ты ведаеш. Дык вось, ты была ў мяне ў кватэры і што ты бачыла? Проста, гола, амаль пуста. Але я ўсё роўна баюся, хоць я не слабы быццам мужчына і дома трымаю зброю...
— А ты ведаеш, што калі чалавек чагосьці баіцца, то яму давядзецца прайсці менавіта сцежкай гэтага жаху?
— Я б не хацеў.
— Так. «Всевластна смерть, она на страже и в счастья час. В миг высшей жизни она в нас страждет, ждет нас, и жаждет, и плачет в нас...» Гэта зноў Рыльке.
— У мяне было багата жанчын, але такія, як ты, мне яшчэ не трапляліся, — сказаў Рыгор Вайтовіч.
— Якія — такія?
— З разынкай.
Дыхнула слабым ветрам. У небе над імі захісталіся, рыпнулі сосны. Паліна ўздрыгнула і зірнула на гадзіннік на руцэ.
— Ты спяшаешся? — спытаў Вайтовіч. Ён нечакана для сябе пазяхнуў.
— Не.
— А я хачу спаць. Вельмі. Хоць хвілін на пятнаццаць. Дзіўна.
— Нічога дзіўнага. Свежае паветра, віно, лес, секс. Не варта нурыцца. Я не пакрыўджуся. Паспі.
Бізнесовец Вайтовіч схіліў галаву на пакладзеную ёй куртку. Заснуў ён амаль адразу.
Паміраў Рыгор Вайтовіч крыху больш за хвіліну. Секунд дваццаць пяць з гэтых амаль паўтары хвілін ён не страчваў прытомнасці: з таго самага імгнення, калі на шыю яму накінулі зашмаргу са стальной струны і ён раптоўна ачуняў, вырваны са сну, і адчуў, што яго душаць і як грукоча яго сэрца, якое ўсё яшчэ дасылала ў галаву кроў, што туды ўжо не трапляла, бо зашмаргу на яго шыі ўсё мацней зацягваў дужы мужчына — ён паспеў адчуць гэта таксама. І апошняе слова, якое пачуў у сваім жыцці Рыгор Вайтовіч — а жыць яму заставалася лічаныя секунды, — было дзіўнае слова «рыфма», якое выкрыкнуў незнаёмец, які яго забіваў.
— Рыфма!
Больш ён нічога ўжо не чуў і не бачыў, бо на гэты крык дзяўчына, якую ён крыху раней зваў Палінай, навалілася ўсім целам яму на ногі. У яго пачыналася агонія, і ў апошнія імгненні Рыгор Вайтовіч — здаровы і моцны чалавек — спрабаваў неяк выратавацца, нагамі захапіць галаву таго мужчыны ці проста выкруціцца і дапамагчы сабе яшчэ якім чынам, але так і не здолеў. «Рыфма. Чаму «рыфма»?» — мільганула яшчэ ў яго ў галаве, і з гэтай думкай ён памёр.
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч ляжаў мёртвы.
Мужчына па мянушцы Чорны адпусціў зашмаргу і зняў яе з шыі трупа. Дзяўчына адскочыла ўбок і павярнулася спінай, запальваючы цыгарэту.
— Зараз, Рыфма, — сказаў мужчына. — Яма тут паблізу, метраў дваццаць. Здаровы бык. Цягнуць дапаможаш?
— Гэта не мая работа, — выдыхнула з дымам дзяўчына.
— Што ты яму падсыпала? — спытаў мужчына.
— Белатумінал.
Мужчына па мянушцы Чорны агледзеўся навокал. Цямнела. Возера было спакойнае і чыстае, і адзінокі рыбак, што ледзь бачыўся ў далёкім яго канцы, таксама знік, нібы растварыўся ў прасторы.
Мужчына дастаў са сваёй спартыўнай сумкі вяроўку, зрабіў пятлю на адным канцы, накінуў яе на кісць рукі забітага і зацягнуў.
— Так, — сказаў ён. — Ты гаварыла пра дваццаць штук. Дзе яны?
— Дастань у яго з кішэняў ключы і дакументы. Усё дастань. Дай мне.
— А бабкі дзе?
— Бабкі ў яго дома. Зараз мы па іх паедзем.
— Назад? У горад? А гаішнікі спыняць?
— Не рызыкуй тады. Ідзі ў дворнікі.
Мужчына выцягнуў з кішэняў мёртвага ключы, партманет, які адразу раскрыў, і дастаў адтуль некалькі соцень даляраў (іх ён паклаў сабе), іншую дробязь і поцягам за вяроўку пацягнуў цела ў ельнік.
Дзяўчына па мянушцы Рыфма кінула недакурак і нагнулася над ключамі і дакументамі, што ляжалі ў траве. Усе ключы, акрамя тых, што былі ад запальвання, яна паклала сабе ў сумачку і зноў запаліла цыгарэту.
Неўзабаве мужчына вярнуўся.
— Парадак, — сказаў ён. — Няблага ты іх бярэш у рыфму [6] Узяць у рыфму — абрабаваць адным і тым жа спосабам (блатн.).
. Гэты грак [7] Грак — ахвяра, якая не ведае, што мае справу са злачынцам.
так нічога і не зразумеў.
— Ён мне падабаўся, — сказала Рыфма. — Мне яго шкада. Я ж яго амаль адкрытым тэкстам папярэджвала.
Читать дальше