— Дзякую за камплімент. Я заўважыла, што падобна.
— Але ў вас ёсць быццам нешта стэпавае, вольнае, ад качэўнікаў. Хто вы?
— А вы як думаеце?
— Індыянка, — падсаладзіў ён.
— Жартуеце, — усміхнулася студэнтка Паліна. — Ды не — «хороших русских кровей», як сказана дзесьці ў Аляксея Талстога, — «с цыганщинкой...».
— У нас амаль што любяць цыган, — сказаў бізнесовец Вайтовіч. — Гэта дзіўна. А мая жонка — паляшучка. У іх там сустракаюцца такія — смуглявыя, з чорнымі валасамі. У яе ёсць старая бабуля — у Нью-Ёрку. Яна піша, што зусім не памятае ўнучку. Запрашае прыехаць. Таму жонка і падганяе ангельскую мову. Ёсць і яшчэ прычына. Дарэчы, жонка вас хваліла.
— Не. Я стамілася, сур'ёзна. У мяне, пэўна, нервовае знясіленне.
Вайтовіч крыху падумаў.
— А што вы скажаце наконт акадэмічнага адпачынку? — спытаў ён.
Студэнтка Паліна выцягнула з сумачкі пачак, а з пачка цыгарэту і запаліла.
— Спытаюць медыцынскія даведкі, — пасля паўзы ўрэшце сказала яна. — Але каб іх набыць, трэба відавочная хвароба ці... ці грошы. Мне абодва варыянты не падыходяць. Бывайце.
— Чакайце. Грошы ў мяне ёсць. Не думайце, што я працую за «драўляныя». Я не скнара, паверце. Давайце зробім так: вы аформіце акадэмічны на год і ў сваім інстытуце, і на тым філфаку, калі вам сапраўды трэба. Даведкі па хваробе я вам забяспечу. А вы працягнеце заняткі з жонкай.
— Я б не хацела вас турбаваць, тым больш калі тут дамешваюцца грошы. Вы ж, пэўна, не такі і багаты: у вас так сціпла ў кватэры.
— Памыляецеся, — буркнуў бізнесовец Вайтовіч.
Ён падумаў: што вымушае яго важдацца з гэтай студэнткай? Урэшце, можна наняць і іншую. І раптам зразумеў — ад яе ішоў ледзь улоўны, неасэнсаваны паток незразумелай яму энергіі — не то сексуальнай, не то нейкай іншай. Яна цікавіла яго.
— Прапаную наступнае, — сказаў ён. — Сустрэнемся праз дзень у гэты ж час, што і сёння. На гэтым жа месцы. Даведкі будуць пры мне. Згода?
Бізнесовец Вайтовіч павярнуў голаў і ўбачыў непранікальны, сапраўды нібы ў індыянкі, твар. Яна абдумвала нечаканую прапанову.
— Няхай так, — урэшце сказала студэнтка Паліна. — А зараз, калі не цяжка вырушыцца, то падкіньце мяне да кафэ «Паўночнае». У мяне там спатканне.
Адчуваючы раздражненне і незадаволенасць, бізнесовец Рыгор Вайтовіч адагнаў у гараж свой забруджаны «мерседэс» і агледзеўся навокал. Але, акрамя цагляных каробак гаражоў, некалькіх запыленых дрэваў ды чырвонай плямы неба на захадзе, дзе хавалася за далягляд сонца, ён нічога не ўбачыў. Прайшло крыху больш гадзіны пасля яго размовы са студэнткай-рэпетытаркай — вечар быў, лічыў ён, амаль што згублены, — і Вайтовіч вырашыў не ісці адразу дадому, а наведаць свой «клуб», дзе часта збіраліся такія, як ён, маладыя «людзі справы».
Увогуле гэта было нешта накшталт аднаўленчага цэнтра: невялічкая спартыўная зала, дзе віселі два баксёрскія мяхі, стаялі станок і штанга, а другі пакойчык займала маленькая фінская парылка з душавой. Залу наймалі ў складчыну. Раз у тыдзень, па суботах, прыходзіў і інструктар па рукапашным баі: яго таксама наймалі талакой, плацілі дзесьці каля ста даляраў у месяц, грошы невялікія, але і займаўся той з імі, вядома, як з аматарамі, збольшага паказваў тое-сёе, а калі адыходзіла зіма — ганяў разам з усімі на пустыры мяч.
У зале завіхаліся ўжо двое: каржакаваты, з паламанымі вушамі, Лявон Ліцвінка — былы спартсмен, майстар спорту па вольнай барацьбе, які кіраваў цяпер невялічкай швейнай майстэрняй, і Іван Душко з камерцыйнай фірмы па продажы садавіны — рослы, лабаты, з загарэлай лысінай і накачанымі біцэпсамі — вялікі аматар штангі.
Бізнесовец Вайтовіч павітаўся і распрануўся ля сваёй шафкі: высокі, шыракаплечы, з пачынаючым вызначацца ўжо жывоцікам, але атлетычнага складу. Ён апрануў трыко, майку, абуў красоўкі, адначасова прыслухоўваючыся — тут дзяліліся навінамі, давалі адзін аднаму шчырыя і няшчырыя парады, спрачаліся: сапраўды, нешта падобнае на мужчынскі клуб.
— Ты мне вось што скажы, — звярнуўся адразу да Вайтовіча Ліцвінка, — ты на абшчак кідаеш ці не? А то каго ні спытаеш, усе робяць выгляд, быццам я ў грамадскім месцы паветра сапсаваў...
Ён бінтаваў эластычным бінтам фалангі пальцаў, потым перабінтаваў і каленкі паўзверх трыко, рэзка ўскочыў з месца і пачаў размінацца: спачатку наклоны, потым плечы, рукі і ў завяршэнне самае галоўнае — расцяжкі на ногі.
— Я ж не кіроўца, — усміхнуўся Вайтовіч. — Я ў калектыве, у фірме. А за таго, хто кіруе, не скажу — не ведаю. Хоць, мяркую, зараз усе кідаюць, усе круцяць, падманваюць. Выжыванне ідзе.
Читать дальше