— Чаму вы не пытаеце хто, а адразу адчыняеце? — асцярожна пацікавіўся ён.
Герман Ліневіч паціснуў плячыма.
— Іншым разам да мяне заходзяць суседзі.
— Мяне завуць Віктар, — сказаў участковы Панковіч. — Я прыйшоў па вас, каб разам схадзіць па помпавую станцыю. Вы казалі, што там нехта жыве. Вы ведаеце хто?
— Па-меншае — злачынцы.
— А па-большае?
— Д'яблы.
— Дарэчы, хто такі вы сам? — спытаў міліцыянт. — Сяляне кажуць, што вы нешта шукаеце ў вадзе.
Ліневіч усміхнуўся.
— Я даследую раку. Не парушаю закон. Мяне прыслалі з дзяржаўнай структуры.
Участковы Панковіч падумаў і спытаў:
— Дык вы пойдзеце са мной? Тут няма каго папрасіць. Не хапае людзей.
— Ісці зараз?
-Так.
— Згода, — сказаў Ліневіч.
Ён моўчкі апрануў кашулю, і абодва выйшлі ў ноч.
Неба ашаламіла іх яркім бляскам зорак. Млечны Шлях мігцеў над галовамі. Паветра ўсё яшчэ было гарачае, і толькі шолах саранчовых парушаў гэтую ідылічную пастараль.
— Скажу вам пра абстаноўку ў раёне, — ціха пачаў участковы. — Я тут, у асноўным, адзін, і дапамогі мне, лічыце, аніякай. З'явілася шмат чужынцаў — не толькі бежанцаў. П'янства, рабаўніцтва, крадзяжы... Злачынствы не раскрываюцца. А што я магу зрабіць? У пачатку лета дзяўчынку з ракі выцягнулі, мёртвую, вядома. На шыі — торбачка з каменнем. Экспертыза выявіла гвалт. Перадусім у суседнім раёне ў лесе ля шашы хлопчыка знайшлі. Адкуль дзіця — ніхто не ведае... Павесілі. А яму ўсяго гадкоў пяць...
Міліцыянт раптам спыніўся і крануў Ліневіча за плячо. Ён быццам хваляваўся.
— Пастойце. Я бачу, што вы разумны чалавек, са сталіцы. Скажыце, вы верыце ў Бога?
— Вы чулі пра тэорыю Хабла? — спытаў пасля паўзы замест адказу Ліневіч.
Яго субяседнік паціснуў плячыма.
— Сусвет узнік у выніку Вялікага Выбуху невядома з чаго. Але ж была, пэўна, Прычына для яго ўзнікнення. Гэта Прычына, мяркую, і ёсць Бог.
Панковіч моўчкі дыхаў. Бачна было, што ён нібы саромеўся, што пачаў «вучоную» размову.
— Я прымаў хрост, — пасля паўзы дадаў Ліневіч, — і ўпэўнены, што Бог існуе, бо якія яшчэ сілы, у рэшце рэшт, у стане запальваць цэлыя Сусветы?
— Тады чаму дазваляецца такое? Я маю на ўвазе не гэтых кузурак ці там войны, паводкі, землятрусы, а — гвалт над дзецьмі? Сказана ж, што ніводзін волас не ўпадзе з галавы без Яго волі.
— Не блюзнерце, грэх, — аспрэчыў Ліневіч. — Я не магу вам адказаць на ваша пытанне, і, магчыма, ніхто таксама не здолее. Бадай, ёсць рэчы, пра якія мы ніколі нічога не даведаемся. Вось нябожчык, я маю на ўвазе настаўніка Мазура, меркаваў, што Бог, пэўна, існуе зусім у іншым вымярэнні і з'яўляецца да нас зрэдку, ну, нібы з інспектарскай праверкай ці як там... А тут пануюць іншыя сілы.
— І тады адбываюцца Страшныя суды? Ну, калі праходзяць тыя праверкі?
— Магчыма, і так.
Яны даўно прайшлі вёску і перасеклі бальшак. Участковы Панковіч памаўчаў, а потым працягваў:
— Вы нешта ведаеце пра нябожчыка.
Ліневіч неахвотна патлумачыў:
— Ён баяўся чакаць збавення ў адзіноце і бездапаможнасці. Таму і наняў за грошы найміта, каб застрэліў яго. Самазабойства было інсцэніравана. Я ўпэўнены ў гэтым, і на тое ёсць доказ.
— Які? — спыніўся ўчастковы.
— Яго развітальны ліст. Нябожчык неяк паабяцаў мне, што пакіне знак, калі выканае сваю волю не сам.
— І што гэта за знак? — з недаверам спытаў участковы Панковіч.
— Кропка. Не ў тым месцы.
— Ну, а хто, па-вашаму, найміт?
— Той, хто жыве на помпавай станцыі, — сказаў Ліневіч. — Дарэчы, мы прыйшлі.
Яны спыніліся і ўгледзеліся ў цёмныя размытыя абрысы будынка.
— Вы бачылі тых, хто там хаваецца? — ціха спытаў участковы.
— Бачыў. Дзяўчына, якая ўжывае наркотыкі. Істэрычная. Німфаманка. Такія заўсёды небяспечныя.
— Хто, хто?
— Але яна толькі слуга.
— Слуга каго?
— Таго найміта. Настаўнік Мазур лічыў, што тут павінен з'явіцца Ён. Ну, нешта кшталтам дробнага беса, як я мяркую. Нездарма тут і шкоднікі. Я маю на ўвазе саранчу.
— Можа, «белыя браты»? Ну, з секты... Развялося ўсякіх. Тут з мясцовымі ёгу прапагандуюць, нейкія сходкі, таемныя сустрэчы.
— Нячаеўшчына.
— Што, што?
У цішыні і цемры яны падышлі ўсутыч да дзвярэй і прыслухаліся. Адзінае маленькае акенца кінутай станцыі не прапускала ніякага, нават слабага святла. Не было чуваць ні гуку, ні шолаху.
Участковы Панковіч выцягнуў з кішэні кітайскі ліхтарык.
— Заходзім, — шапнуў ён Ліневічу і пацягнуў на сябе абітыя бляхай дзверы.
Яны асцярожна зайшлі. Міліцыянт уключыў ліхтарык.
Читать дальше