— Я мусіў прыехаць сам, — сказаў ён. — Сувязь псуецца, неўзабаве можа спыніцца транспарт, нават цягнікі. Мне даручылі на свае вочы паглядзець, што тут робіцца.
Яны ішлі праз поплаў у напрамку да ракі. Саранчовыя апантана рухаліся ў паветры.
— Глядзіце, — паціснуў плячыма Ліневіч. — Калі заўтра ж не пачаць апрацоўку з самалёта, тут нічога не застанецца.
— Я не пра гэта, — сказаў інспектар Цай. — Вы знайшлі сумку?
— Пакуль не.
— Якія ў вас меркаванні?
— Я прайшоў па дне і абшукаў большую палавіну свайго сектара, — стрымана растлумачыў Ліневіч. — Штодня я спадзяюся, што выцягну тую торбу. Дарэчы, што ў ёй?
Інспектар Цай сцяў тонкія вусны.
— Знойдзеце — пабачыце.
— Увогуле, ці варта шукаць?
— Варта, — сказаў інспектар Цай.
— Так сур'ёзна? Дык усё-такі, што ў той сумцы?
— Шукайце, — сказаў інспектар Цай. І ў роздуме дадаў: — І не пытайцеся лішняе. Вы ж далі падпіску. Атрымалі грошы. Дарэчы, я прывёз вам частку. Распішыцеся. Больш іх, магчыма, і не будзе, бо паўсюдна хаос. Я ледзь дабраўся сюды і сёння ж мушу ехаць назад, калі натраплю на якую спадарожную.
— Тут ходзіць лесавоз, — удакладніў Ліневіч.
Яны памаўчалі, прыслухоўваючыся да шолаху крыльцаў.
— А гэта вас не цікавіць? — Ліневіч раструшчыў нагой насякомае.
— Саранчовыя сыдуць. А нам заставацца. Шукайце сумку.
Яны агледзелі ўчастак ракі, бераг і нерухомы экскаватар з узнятым каўшом.
— Мне яшчэ ў сельсавет і да старшыні, — сказаў інспектар Цай. — Варта прыспешыць іх, каб заканчвалі работу.
— У іх няма паліва.
— Сюды перакінуць колькі трэба.
— Вы б не адмовіліся зараз паесці, вам жа далёка ехаць? — спытаў Ліневіч.
Інспектар Цай падумаў і згадзіўся.
— Так, — сказаў ён, — я адчуваю голад. А што вы мне прапануеце? Смажаныя акрыды?
— У мяне ёсць некалькі яек.
Інспектар Цай пакрочыў побач.
— Вы не задумваліся, чаму зараз так шмат памірае людзей? — раптам спытаў ён.
— Паміраюць заўсёды. Такое жыццё, — сказаў Ліневіч.
— Цяпер больш. Я ехаў сюды з дзяўчынай. У яе застрэліўся бацька.
— Добра, што яна прыехала. Трэба хутчэй хаваць нябожчыка.
— Парушыўся нават інстынкт самазахавання, — сказаў інспектар Цай. — Я гэта адчуваю.
Яны ішлі праз поплаў у сонечным мроіве, запоўненым саранчовымі. Ветру амаль не было.
— Але ж велічыня суіцыду пастаянная, — заўважыў Ліневіч. — Яна складае каля аднаго працэнта ад агульнай колькасці смерцяў.
— Дык чаму ў фінаў і вугорцаў два працэнты? Я думаў пра гэта.
— Ну і чаму?
— Над кожнай групай — свая колькасць самазабойстваў. Ну, прыкладам, полк ці дывізія. Над ім нешта вісіць і гняце. Гэтае «нешта» і патрабуе ахвяраў.
— Так ужо і патрабуе, — не паверыў Ліневіч.
— Спытайце ў якога камдзіва, начальніка лагера. Калі яны не схлусяць, то пацвердзяць — кожны год амаль аднолькавая колькасць.
— І што гэта, як вы лічыце?
— Не ведаю. Нібы напруга існуе. Яна расце, а потым адбываецца скідванне.
— Калі вы маеце рацыю, то і ў жывёл павінна быць нешта такое. Але...
— Ёсць, — сказаў інспектар Цай. — Калі статак павіянаў даганяе леапард, то адна малпа заўсёды застаецца на месцы і чакае драпежніка, каб памерці. Чаму мятлік, адклаўшы патомства, забівае сябе? Існуе ж яшчэ і замаскіраваны суіцыд: п'янства, наркотыкі, рызыковыя віды спорту, ну, каскадзёры там ці хто яшчэ...
— Дык што — наш народ і ёсць тая самая сімвалічная малпа, якая ахвяруе сябе дзеля астатняга чалавецтва? — вырвалася раптам у Ліневіча. — Ну, калі Чарнобыль мець на ўвазе?
— Можа, і так.
Герман Ліневіч зірнуў уважліва. Інспектар Цай ствараў уражанне няпростага чалавека.
Яны прыйшлі. Інспектар сеў за стол. Ён быў відавочна стомлены. Ліневіч пачаў смажыць яйкі.
— Як паясце, то адпачніце на ложку, паспіце якую гадзіну, — прапанаваў ён. — А я схаджу ў хату нябожчыка.
— Хвіліну, — спыніў раптам яго інспектар Цай. — Вы яшчэ «свежы» чалавек у нашай сістэме і многага не ведаеце. Вы памятаеце Наваполацкую катастрофу, калі ў Заходнюю Дзвіну трапіла дваццаць пяць кубаметраў сінільнай кіслаты?
— Так, зімой, здаецца, — пацвердзіў Ліневіч.
— А калі б летам? Ваду бралі б з ракі, дзеці палезлі б купацца?
— Так. І што?
— Нас чакае цэлы шэраг экалагічных і гуманітарных катастроф. Уся рэспубліка заражоная, вось у чым справа. У запаведных месцах, ля рэчак, пабудавалі заводзікі, цэхі, дзе людзі самі толкам не ведаюць, што вырабляюць. Абмакне якую дэтальку ў раствор, прыладзіць да ячэйкі і зноў. А там радыяцыя, адыходы небяспечныя.
Читать дальше