— Так, — пацвердзіў Грынь. — Кажуць, што ён напісаў ліст. Выклікалі ўчастковага. Ён ужо едзе.
Ліневіч таропка апрануўся і збег з ганка. Вёска даўно прачнулася, і абвестка пра самазабойства ўжо абляцела яе.
У хаце настаўніка Мазура ціха рухаліся некалькі постацяў. Ліневіч пазнаў сярод іх жанчын-суседак, дырэктара мясцовай школкі, у якой калісьці працаваў настаўнікам Мазур, — неахайнага атлусцелага чалавечка з няшчырымі вачыма, і яшчэ двух незнаёмых яму мужчын, якія стаялі ля дзвярэй, зняўшы плоскія расейскія кепкі-васьміклінкі. Нябожчык ляжаў на ложку. Ён быў накрыты прасцірадлам. Матрац, коўдра і падлога былі ў крывавых плямах. З-пад краю прасцірадла быў бачны яго твар. Вочы былі закрытыя, але сам выраз твару быў неспакойны, быццам настаўнік Мазур хацеў нешта сказаць у апошнюю хвіліну, але не паспеў. Скура на лбе набыла ўжо жоўты колер.
Няспешна аглядаў пакой участковы — малады чалавек у форме міліцыянта з пагонамі малодшага лейтэнанта. Ён быў прыкладна адных гадоў з Ліневічам. Рэдкія цёмныя вусікі чарнелі ў яго над верхняй губой. Твар быў дробны, невыразны. Канфедэратку ён не зняў, толькі ссунуў на патыліцу.
Некалькі саранчовых лёталі ў пакоі, адна кузурка поўзала па падушцы, і Ліневіч пацягнуўся скінуць яе на падлогу, але ўчастковы затрымаў яго руку.
— Якраз хацеў за вамі паслаць, — звярнуўся ён да Ліневіча. — Кажуць, вы сябравалі з нябожчыкам. Пытанне такое: у яго ёсць хто-небудзь са сваякоў?
— Дачка ў Менску, — сказаў Ліневіч. — Трэба даць тэлеграму. Я сам з'езджу ў сельсавет, вазьму толькі на гадзіну веласіпед. Вы пашукайце ў паперах: павінен быць яе адрас.
— Выклікаў брыгаду з райаддзела, але тут і так усё ясна, — паведаміў яму ўчастковы. — Да таго ж запіска. Ён гаварыў калі-небудзь пра свае намеры?
— Так. Гаварыў, што хоча застрэліцца. Запіску зірнуць можна?
— Вам так цікава? — спытаў участковы.
Герман Ліневіч знарок раўнадушна паціснуў плячыма.
— Яго праз дзень абавязкова ў зямлю трэба, — сказаў участковы. — Тут жа трупярні з халадзільнікам няма.
Ён расшпіліў сумку, выцягнуў паперу і паказаў Ліневічу.
— Гэта яго почырк?
«Не абмяжоўвайце шлях сабе
не ведайце ні схільнасці
ні шчасця ні пагарды...» —
выхапіў вачыма здзіўлены Ліневіч і раптам сцяўся: пасля слова «шлях» ён убачыў тлустую кропку. Стаялі подпіс нябожчыка і дата. Ліневіч памкнуўся ўзяць цыдулку, каб разгледзець бліжэй і больш дасканала, але ўчастковы схаваў яе.
— Не, — сказаў ён. — Няхай з райаддзела спачатку глядзяць. Такі парадак. Вельмі дзіўны ліст, дарэчы...
— Гэта яго почырк, — пацвердзіў між тым Ліневіч, — я маю на ўвазе нябожчыка.
Адрас дачкі настаўніка Мазура хутка знайшлі на старым канверце. Адшукаўся і фотаздымак. Дачку Мазура звалі Надзея. З дрэннага аматарскага фота на Ліневіча зірнулі шырока расстаўленыя вочы маладой жанчыны. Твар быў тонкі, пародзісты. У нейкіх няўлоўных сваіх рысах яна нагадвала бацьку.
Нехта з жанчын прынёс у хату свечку і запаліў. Яе паставілі ля галавы нябожчыка.
Герман Ліневіч пастаяў яшчэ колькі хвілін, абдумваючы ўсё, што здарылася. Кропка ў пасмяротнай запісцы была яўна штучнага паходжання. Ліневіч паклікаў участковага ў кут.
— Па-першае, — сказаў ён, — я зараз бяру ровар нябожчыка і еду ў сельсавет, каб даць тэлеграму. А па-другое, хачу вас спытаць: вы ведаеце, хто жыве на кінутай кампрэсарнай станцыі за бальшаком?
— Ніхто, мяркую.
— Там жывуць. І яшчэ: вы носіце дома процівагаз?
— Што за лухта?
— Мужчына з помпавай, які адчыніў дзверы, быў у процівагазе. У гэткую спёку.
— І што вы з таго вырашылі? — спытаў без усялякай цікаўнасці ўчастковы.
— Мяркую, там вырабляюць наркотыкі. Аметалін ці яшчэ што. Таму і процівагаз. Вы б праверылі.
Участковы без ахвоты кіўнуў.
Невялікія пакойчыкі пры сельсавеце займалі ашчадная каса і пошта. Пошта якраз працавала, і Ліневіч запоўніў бланк тэлеграмы.
Загадчыца аддзялення, ганарлівая, як і ўсе ў вёсцы, хто не займаецца фізічнай працай, прачытала, падлічыла словы і сказала:
— Зайдзіце да сакратаркі. Я чула, як ёй званілі пра вас з Менску.
— Зайду, — падзякаваў Ліневіч.
Сакратарка старшыні сельсавета паведаміла:
— Заўтра асабіста да вас прыедзе інспектар камітэта па ахове прыроды з Менску. Я запісала прозвішча. Такое дзіўнае, нібы ў кітайца. Яго завуць Цай.
— Ён што-небудзь перадаў на словах? — спытаў Ліневіч.
— Прасіў толькі, каб вы нікуды не з'ехалі. Ён мяркуе дабрацца на аўтобусе, але тут жа яны больш не ходзяць. Я не стала тлумачыць. Яму могуць выдзеліць і службовую машыну.
Читать дальше