— Я тут яшчэ не купляў зямлю, — сказаў Ліневіч. Ён не паважаў такіх яўных сексуальных выклікаў.
— Ну, а я спецыяльна, каб пазнаёміцца, — гнула сваё дзяўчына. — Дарэчы, мяне завуць Жана. Давай на «ты».
Герман Ліневіч хацеў спытаць, навошта тая сачыла за ім у бінокль, але чамусьці стрымаўся. Ён адзначыў сабе, што дзяўчына — расейка. Яе выдавалі і знешнасць, і акцэнт.
— Ну, давай, — сказаў Ліневіч.
Дзяўчына па імені Жана юрліва хіхікнула.
— Што ты шукаеш? — пацікавілася яна.
— А ты?
— Я шукала цябе. Хочаш цыгарэту?
— Я не палю, — абрэзаў Ліневіч і зірнуў дзяўчыне ў твар. Вочы ў яе былі чорныя і быццам без яўных прыкметаў ненармальнасці. Ён убачыў, як у валасах у дзяўчыны заблытаўся прус. Тая гідліва выцягнула яго пальцамі і адкінула ўбок.
— А я запалю.
Дзяўчына па імені Жана дастала цыгарэту, запальнічку і запаліла, пэўна, настройваючыся на размову.
— На здароўе, — сказаў Ліневіч.
Ён крыху адышоўся, паклаў на зямлю рукзак, скінуў красоўкі, штаны, сеў і зашпіліў на нагах ласты. Дзяўчына падышла і стала перад ім.
— Слухай, — сказала яна. — Паміраю ад цікаўнасці. Калі ты скажаш, што шукаеш у рацэ, я згодная распрануцца дагала.
— І так бачу, што ты з сябе ўяўляеш, — заўважыў Ліневіч.
— Ну і што? Падабаюся?
— У мяне іншыя праблемы. Я заняты справай.
Раптам дзяўчына па-змяінаму перагнулася рукамі назад і гнутка зрабіла гімнастычны мосцік, так, што галава апынулася між яе ж ног. Валасы ўпалі ёй на вочы і перашкаджалі глядзець.
— Я чакаю, — хрыпла сказала яна. — Гавары.
Герман Ліневіч наблізіўся і зірнуў на рукі дзяўчыны ў локцевых выгінах. На венах у некалькіх месцах ён убачыў кропкі — сляды шпрыца.
Дзяўчына па імені Жана між тым села і адкінула валасы з ілба.
— Ну? — сказала яна. — Што такі нерашучы? Ды здымі ты свае ласты!
— Па кайфу даўно жывеш? — спытаў Ліневіч, наўмысна не заўважаючы яе чараў. У яго мільганула думка, што за імі, магчыма, і зараз сочаць у той жа бінокль.
Твар у дзяўчыны раптам стаў зласлівы, а настрой рэзка перамяніўся.
— Не мне брахаць, не табе слухаць.
— Тады навошта цікуеш за мной? Думаеш, золата шукаю? А калі знайду — увесь ваш экіпаж з'явіцца?
Ён вылаяўся перад тым як насунуць маску, а потым заціснуў у роце трубку і даў нырца проста з берага. Калі ён вынырнуў, дзяўчыны на беразе не было.
Расплаўлены шар сонца прайшоў між тым частку свайго штодзённага шляху і вісеў, здавалася, над самай галавой. Узровень вады паніжаўся, рэчка мялела. Толькі незлічоныя хмары насякомых адчувалі сябе няблага ў гэтым гарачым мроіве. Некаторыя з іх падалі ў ваду, але не тапіліся, а сплывалі ўніз па цячэнні, варушачы лапкамі і сківіцамі.
* * *
— Ну, дык што ты шукаеш? — спытала Жана.
Яна стаяла ў дзвярным праёме. Рыжыя валасы хваліста спадалі на яе худыя, голыя плечы. Кароткія шорты і бруднага колеру майка — усё, што на ёй было на гэты раз. За яе галавой у паветры раіліся насякомыя.
— Навошта ты прыйшла? — спытаў Ліневіч.
— Каб даведацца, што ты шукаеш у рацэ.
— Я нічога не ведаю, — сказаў Ліневіч.
— Не хлусі. Хто цябе паслаў сюды?
— Камітэт па надзвычайных сітуацыях.
— Ага.
Жана падышла да яго ўсутыч. Ліневіч убачыў праз майку яе вострыя, доўгія грудзі, адчуў пах яе цела.
— Ну і што табе загадалі адшукаць?
— Перакуліўся кацер, і згубілася сумка. Вось яе і шукаю.
— Што ў той сумцы?
— Не ведаю, — сказаў Ліневіч.
— Ты хлусіш.
— Не прыставай дарэмна. Надакучыла. Вы сочыце за мной.
— Ты павінен сказаць.
— Я вам нічога не вінен! — узлаваўся Ліневіч.
— Скажаш!
Жана са злосцю стукнула па стале.
— Скажаш, скажаш, скажаш!
Яна стукала кулачком пасля кожнага выкрыку.
...У дзверы грукалі. Герман Ліневіч адкінуў коўдру і падхапіўся з ложка. За акном ужо развіднела, і сонца вісела над даляглядам. Ява і сон яшчэ пераблытваліся ў яго галаве, і яму спачатку нават падалося, што надакучлівая дзяўчына па імені Жана рвецца да яго ў пакойчык. Ён адчыніў.
Усхваляваны бульдазерыст Грынь нязграбна праціснуўся праз парог і стаў у расчыненых дзвярах. Саранчовыя з-за яго спіны біліся аб сцены, заляталі ў пакой і падалі на падлогу.
— Настаўнік Мазур застрэліўся, — сказаў ён. — Пэўна, учора вечарам, бо суседка раніцай зайшла, убачыла — і самлела...
Ліневіч выслухаў блытаны аповед Грыня. Пачутае моцна ўразіла яго.
— Хто-небудзь ведае, як гэта здарылася? — спытаў ён.
— Не. З хаты ж і стрэлу надта не пачуеш.
— Нябожчык пакінуў якую запіску?
Читать дальше