Назаўтра, пасля таго як з раніцы ён прайшоў сваю звычайную норму на рацэ, Ліневіч з бульдазерыстам Грынем на вясковых могілках выкапалі магілу. Грынь быў зусім п'яны, і Ліневіч мусіў рабіць усё адзін. Пасля ён зноў узяў ровар і паехаў у вясковую краму, каб купіць сякіх-такіх прадуктаў на хаўтуры. Грошай у хаце нябожчыка не знайшлося, і пайшла нават пагалоска, што іх пакралі: падазравалі суседзяў. Хаваць жа яго трэба было тэрмінова, цела абклалі крапівой і соллю, бо спёка паскарала працэс разлажэння, і Ліневіч вырашыў пакуль набыць усё на свае — яму перадусім добра заплацілі ў сталіцы.
Купка падлеткаў віравала ля крамы. Ліневіч пачуў лаянку, нейкае няўцямнае балбатанне, воклічы, якія паўтаралі ўрыўкі рэкламных ролікаў з тэлебачання. У некаторых з падлеткаў былі ненатуральна малыя галовы ды іншыя прыкметы выраджэння.
За хлебам стаяла невялікая чарга. Паліцы былі пустыя, толькі гарэлкі было розных гатункаў і шмат.
Ліневіч стаў у чаргу.
У той жа дзень ля крамы, толькі крыху пазней, Ліневічу сустрэўся сівы мужчына ў майцы і спартыўных шараварах. Ліневіч пазнаў яго — гэта быў той самы чалавек, які хаваўся на помпавай станцыі і сачыў за ім у бінокль. Сын бульдазерыста Грыня неяк раней расказаў яму, што чалавек з помпавай называе сябе ёгам, часта збірае падлеткаў і паказвае ім розныя фокусы, і што яго сяброўка аднойчы выпіла з тымі ж падлеткамі ў ляску віна, сабрала з іх грошы і потым дазволіла кожнаму па чарзе ўступіць з ёй у сувязь. І на пытанне Ліневіча, ці не ўступіў у такую сувязь і ён, сын бульдазерыста Грыня прызнаўся, што так — уступіў адзін раз.
Ліневіч падышоў бліжэй. Чалавек, які называў сябе ёгам, зірнуў на яго, спыніў гутарку, што вёў з некалькімі падлеткамі, і пакрочыў па вуліцы да выхаду з вёскі, нібы запрашаючы Ліневіча пайсці за ім. Ліневіч неўзабаве дагнаў яго і сказаў у спіну:
— Пачакайце.
Мужчына-«ёг» спыніўся, скінуў з потнага, зарослага сівой шчэццю смуглага пляча сумку, павярнуўся, склаў, нібы мусульманін, рукі і пачаў нешта хутка-хутка чытаць сам сабе. Зблізу ён быў зусім стары. Урэшце, нібы выходзячы з трансу, ён спыніў свае мантры і зірнуў Ліневічу ў вочы. Той з цяжкасцю вытрымаў позірк. Падобны тып людзей быў яму незнаёмы. Што прыхавана за гэтым чэрапам са збягаючым назад ілбом, за чорнымі ўхілістымі вачыма, за азіяцкімі скуламі на зморшчаным, цёмным, нібы паленае дрэва, твары? Невядома... Але ж яго паводзіны ля ракі, процівагаз... Трохкутнік, дзе адзін вугал — энурэз у дзяцінстве, другі — піраманія, а трэці — садызм да жывёл? Тады — замбіраваны сектант, апантаны, які ўявіў сябе месіяй, ці проста чалавечы хлам, якога цяпер багата ў нашым гаротным краі?
— Ну? — урэшце парушыў паўзу стары. — Вы хочаце мне нешта сказаць?
— Здаецца, і вы хочаце зблізу паглядзець на мяне, — заўважыў Ліневіч.
— Няхай сабе так.
— З якой мэтай вы сочыце за мной? — у лоб спытаў Ліневіч і дадаў: — Вы зарэгістраваны ў сельскім Савеце?
— А вы прадстаўнік улады? — нібы нават ласкава пацікавіўся стары. — Не? Дык чаму я павінен адкрыць вам сваё сэрца?
— Калі б я быў прадстаўнік улады, то скіраваў бы вас у пастарунак, — сказаў Ліневіч.
— На падставе чаго? — па-ранейшаму ласкава пацікавіўся стары.
— Гэта вы застрэлілі чалавека па прозвішчу Мазур, — нечакана для сябе вырвалася ў Ліневіча.
Стары сцяўся на імгненне, а ў яго каламутных вачах прамільгнула і перадалася Ліневічу хуткаплынная іскра разгубленасці.
«Ён», — упэўніўся Ліневіч.
— Ну а доказы, доказы, — урэшце апамятаўся і зноў заўсміхаўся чужынец. — Гэтаксама я магу заявіць, што вы хацелі згвалціць дзяўчыну заўчора раніцай на рацэ. Яна пацвердзіць.
— Дзяўчына — наркаманка. І вы скарыстоўваеце яе ў сваіх мэтах. З якой вы секты?
— А хіба той Мазур не прасіў, каб яго застрэлілі? — спытаў стары. — Прыкладам, вас?
— Колькі ён табе заплаціў, сволач? — не стрываў Ліневіч.
— Нават калі я і застрэліў яго, то пра тое ён ужо не скажа. Усе ведаюць — ён застрэліўся сам, чаго і вам жадаю, — ветліва сказаў чужынец.
Ён усміхнуўся ласкавай усмешкай, але Ліневічу прымроіліся белыя доўгія іклы замест зубоў, як у фільме пра Дракулу. Стары падняў з зямлі сумку, ускінуў яе на плячо і пайшоў. Ліневіч нейкі час яшчэ глядзеў яму ўслед — нешта неасэнсаванае непакоіла яго пагрозлівай недарэчнасцю, і ён урэшце сцяміў: ад постаці чужынца быццам не было ценю...
* * *
Інспектар міністэрства аховы прыроды Цай быў сярэдняга росту, непрыкметнай знешнасці чалавек гадоў сарака ў шэрых штанах і белай тэнісцы. Яго маленькія, празрыста-шэрыя вочкі свідравалі субяседніка.
Читать дальше