— А той, каго вы самі ўспомнілі перадусім.
Ліневіч раптам змоўк, бо інспектар уважліва глядзеў яму ў твар, вывучаючы.
— Ну і дзе Ён зараз? — пацікавіўся інспектар Цай.
— Мяркую, на кінутай помпавай станцыі. Гэта недалёка адсюль. А як, дарэчы, перакуліўся той кацер?
— На ім плыла група экспертаў. Бо ўверсе па рацэ якраз адзін з такіх непрыкметных заводзікаў, пра якія я гаварыў. Яны туды везлі рэчыва, пра якое і я мала што ведаю. Ну і замер рабілі радыеметрамі.
— Тое рэчыва таксама было ў сумцы?
— Так, у кантэйнеры.
— За мной сочаць, — неахвотна прызнаўся Ліневіч.
— З якой мэтай і хто? — спытаў інспектар Цай.
— Хто — магу толькі здагадвацца, а мэты не ведаю, і гэта мяне непакоіць.
— Вы павінны адшукаць сумку, нягледзячы ні на што.
— Так. Я знайду яе. Але хачу спытаць і вас: вось вы чалавек з жыццёвым вопытам, разумны. Скажыце, у вас не з'яўлялася пачуцця, што мы жывём у ірэальным свеце, у якім нібы лагічнага стрыжня няма? А калі ён і прамільгне, то быццам з крывога люстэрка, дзе ўсё наадварот?
— Вы стаміліся, — паспачуваў інспектар Цай.
І Ліневіч зразумеў, што апошняе спытаў дарэмна. «Яшчэ вырашыць, што мае справу з псіхічна няўстойлівым», — падумаў ён.
Іх гутарка перарвалася, бо на бальшак марудна выпаўз лесавоз, і Ліневіч падумаў уголас звыклае:
— Трупы дрэваў.
Але інспектар Цай ужо не слухаў. Ён таропка палез у кішэню і выцягнуў невялічкі плоскі карабок.
— Вазьміце. І дай вам Бог удачы. Я веру, што вы знойдзеце.
— Што гэта? — спытаў Ліневіч.
— Дазіметр. Будзьце асцярожныя.
— Бывайце, — развітаўся Ліневіч.
* * *
Настаўніка Мазура пахавалі на наступны дзень пасля абеду. З могілак Ліневіч ішоў побач з Надзеяй. Дачка нябожчыка не спала ўсю ноч і ледзь трымалася. Ліневіч узяў яе за руку і адчуў, як яна з удзячнасцю сціснула яго пальцы.
Увесь час, які пасля кароткіх памінак заставаўся да вечара, Герман Ліневіч правёў на рацэ, і толькі калі пачало сутонець, вылез з вады і сцягнуў маску і ласты. Пошукі зноў не прынеслі нічога істотнага. Ён спакаваў рукзак і азірнуўся навокал.
Крывава-чырвоны сонечны дыск хаваўся за далягляд. Ветру не было, і ніводная галінка не варушылася, толькі імкліва бегла пад берагам цёмная плынь ракі ды звінелі ў паветры саранчовыя.
Раптам ён заўважыў у засені кустоў адзінокую дзявочую постаць, і калі падышоў бліжэй, пазнаў у дзяўчыне дачку настаўніка Мазура — Надзею.
Надзея сядзела, абхапіўшы ў каленях доўгія ногі, і глядзела ў ваду.
— Бачыла, як вы ўвесь час ныраеце, — сказала яна. — Вы выдатна плаваеце.
— Я люблю раку, — згадзіўся Ліневіч і спытаў: — Навошта вы тут адна?
— Я купалася. Пэўна, вада здымае стому, бо цяпер мне лепш.
— Не плавайце тут адна, — параіў Ліневіч. — Тут небяспечна.
— Чаму?
— Таму, што тут з'явіліся д'яблы.
— Вы гэта жартам?
— Не, — сказаў Ліневіч. — Я не жартую з вамі. Па-першае, таму, што я таксама стаміўся, а па-другое — таму, што мне хочацца ля вады гаварыць сур'ёзна. І каб размова была свабодная, як рачная плынь.
— Кажуць, вы сябравалі з бацькам. Навошта ён гэта зрабіў?
— Калі-небудзь потым я раскажу вам, што ведаю. Яшчэ не ўсё, дарэчы, высветлена.
— Але чаму? Я не разумею.
— Дзеля гэтага вы яшчэ занадта маладая, — сказаў Ліневіч. — Дарэчы, застаўся дом. Ён цяпер ваш. І зямля таксама.
— Не ведаю, вырашу потым. Кажуць, нават новы дом, калі ў ім не жывуць, праз пяць год парахнее. Гэта праўда?
— Так.
— Заўтра я мушу ехаць у горад. Але суседка сказала, што аўтобусаў даўно няма.
— Тут ходзіць лесавоз, перавозіць дрэвы. Я ўжо знаёмы з вадзіцелем. Ён бярэ спадарожнікаў. Інспектар Цай паехаў з ім.
— Інспектар Цай? Я яго не ведаю.
— Ён са сталіцы, прыязджаў па справах. Ехаў сюды разам з вамі.
— Гэтыя справы тычацца і вас?
— Але.
Яны яшчэ пасядзелі моўчкі. Сонца зайшло. Ліневіч сказаў:
— Я правяду вас дадому.
Яны маўчалі, пакуль не апынуліся перад брамкай дома настаўніка Мазура. Тут, на развітанне, Ліневіч спытаў, ці не будзе яна баяцца, калі апынецца адна ў доме, і Надзея адказала, што не.
Ліневіч хацеў прапанаваць ёй пераначаваць у яго пакойчыку, словы ўжо ледзь не вырваліся, але схамянуўся, што дачка настаўніка Мазура зразумее прапанову неяк не так, і прамаўчаў.
...Праз гадзіну, калі ён ужо быў у сябе, у дзверы да яго пастукалі. Ліневіч адчыніў і ўбачыў участковага, з якім раней размаўляў у хаце нябожчыка. Яго прозвішча было Панковіч. Міліцыянт зайшоў у пакой і павітаўся.
Читать дальше