— Саранчовыя прыляцелі, — урэшце ўдакладніў Ліневіч. — Давайце без містыкі. Пералётны прус. Але і вы маеце рацыю — сапраўды сатанінская сіла, бо зжаруць усё. Трэба акрэсліць межы, куды апусцілася чарада, але пешшу цяжка. У вас ёсць веласіпед?
— Так, — сказаў Мазур. — Як жа тут без веласіпеда?
— Пазычце.
— У любы час ён ваш.
Ліневіч удзячна кіўнуў.
— Чуеце скрыгат зубоўны? — спытаў Мазур.
Ліневіч прыслухаўся: у паветры стаяў бясконцы шоргат — гэта працавалі тысячы мільёнаў сківіц.
— Пажыральнікі жыцця, — сказаў ён.
— І я пра тое ж. Толькі расліны не ядуць адна другую, — заўважыў настаўнік Мазур. — Гэта зусім інакшы свет, як вы лічыце? Магчыма, Бог стварыў тут калісьці толькі іх. Мы і зараз харчуемся імі ды іх трупамі — нафтай, прыкладам.
— Калісьці індзеец, перад тым як ссекчы дрэва, прасіў у яго прабачэння, — сказаў Ліневіч. — А я і тут штодня лесавоз бачу перагружаны. Дык хто вораг раслін?
— Вы не надта любіце людзей, — раптам адзначыў настаўнік Мазур.
Ліневіч уздыхнуў.
— Гэта не так, — сказаў ён. — Але пакуль усе шляхі чалавецтва — тупікі. Пра тое яшчэ Ніцшэ сцвярджаў.
Яны прыслухаліся да небывалага похрусту. З неба, праз дымнае мроіва, лілася густая гарачыня.
Настаўнік Мазур сказаў:
— Дарэчы, калі вы паедзеце?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Ліневіч.
— Што вы шукаеце?
— Магу толькі здагадвацца.
— Ну і?
Ліневіч скрывіўся.
— Як знайду, то і задаволю вашу цікаўнасць. Мяне і старшыня Гетц сёння спытаў.
— Старшыня Гетц — звычайны вясковы ёлуп. Ніяк не можа пазбавіцца старых звычак. Яны тут зноў парт'ячэйку аднавілі, у выканкам ездзяць на сходкі. Вы бачылі ягоныя бакенбарды?
Ліневіч усміхнуўся.
— Я хацеў, каб ён пачаў дзейнічаць, людзей арганізаваў. Саранчовыя пакінуць без кармоў, жывёла загіне.
— Дарэчы, — настаўнік Мазур падняў з-пад ног насякомае, — гэта істота доўга жыве?
— Пакуль б'ецца яе сэрца, — сказаў Ліневіч. — Прыкладна, мільярд удараў. Колькасць, уласцівая ўсяму жывому, слон там ці вось гэты прус. Справа ў хуткасці біцця.
— А чалавек?
— І тут тое ж самае, плюс-мінус умовы жыцця. Магчыма, гігіена. Першы бар'ер якраз к сарака гадам, раней жа столькі і жылі.
— Дык вы сцвярджаеце, што пасля таго мільярда ўдараў кожны арганізм сам за сябе? — зацікавіўся настаўнік Мазур.
— Бадай што так. Завяршаецца біялагічная праграма. Чалавек аднавіў сабе падобных і падтрымаў дзяцей. Больш ён прыродзе не патрэбны. Вось вам і сэнс жыцця.
— Чаму тады вы абураецеся, што я не хачу цярпець, ну, скажам, да дзевяноста? — спытаў настаўнік Мазур.
— Таму, што мы людзі і трэба перадаць наш вопыт і веды.
— А вось тут пытанне: каму? Пэўна, і вы з жахам разумееце, што ваш вопыт, і веды, і ўся культура залежаць ад нашага ж народа? А яму нічога гэтага не трэба. Чарнобыль быў непазбежны менавіта ў славян, я ўпэўнены. Я вось днямі ў аўтобусе ехаў: гарачыня, вокны зачынены, шафёру, вядома, пляваць... А тут яшчэ газы адпрацаваныя ў салон, аж млосна... І што вы думаеце, хто-небудзь устаў і акно адчыніў?
— Не круціце, гаварыце прама: вы лічыце, што наш народ непаўнаварты? — спытаў Ліневіч.
— А хіба не на нас ужо такія плямы, якія і крывёю не змыеш? Адрачыся ад сцяга, волі, мовы — гэта што? — аж плюнуў настаўнік Мазур.
— Выйсце ёсць, я веру.
— Ха. Прынцып «зоны» — ён паўсюдны, ён і чалавецтву ўласцівы, асабліва цяперашняму, так, так, не смейцеся, — дадаў настаўнік Мазур, хаця Ліневіч і не думаў смяяцца. — А на «зоне» свае «паханы», «рабацягі», «апушчаныя». Дык вось наш народ дасюль у «рабацягах» хадзіў, а зараз хто?
І настаўнік Мазур пасля паўзы, як часта гэта рабіў, спрасціў гутарку і распавёў, што сяляне нічога не робяць, толькі жартуюць з нашэсця, як яны кажуць, кузурак.
— Не сваё ж навокал, — абараніў Ліневіч. — Калгаснае.
— Ды не ў гэтым справа. Яны вечарамі трымцяць над нейкім там тэлесерыялам.
— Ну не станеце ж вы абвінавачваць дзіця за тое, што яно глядзіць мульцік пра ката ці якога Хрушу? У іх такі ўзровень, генафонд панішчаны...
— А чаму панішчаны?! — выбухнуў Мазур. — Чаму дазволілі з сабой такое зрабіць? Ніхто цяпер не здольны нават да супраціву! Яшчэ пры «хапунах» у трыццатыя трэба было: як пасунуліся нкусавец з сельсаветчыкам у хату — ім кулю ў лоб. Баяліся б. А то сусед у мяне — малады хлопец, Афганістан прайшоў, а днямі чую — да цыганоў у парабкі наняўся, дошкі габлюе. Яны, бач ты, катэдж будуюць.
— Але ж беларусы — неблагія салдаты, — зноў абараніў Ліневіч.
Читать дальше