— А чаму я вам абавязаны рабіць справаздачу? — агрэсіўна пакрыўдзіўся ён. — Мне ж не паведамілі, чаму вы лазіце ў рацэ ды што там шукаеце, не палічылі нават патрэбным. Загадалі капаць канаву, спрамляць русла. А палівам забяспечылі? Цяпер вы мне загадваеце... А хто вы такі?
Ліневіч перасмыкнуў плячыма.
— І я не ведаю, што шукаю. Кацер напароўся на тапляк і перакуліўся. Згублена сумка. А што ў ёй — невядома. Пэўна, нешта каштоўнае. Як знайду — даведаемся. Мне, калі ў дзяржаўнай інспекцыі інструктавалі, таксама нічога не паведамілі.
Але старшыня Гетц не даў веры.
— Не ўводзьце ў зман, — груба заўважыў ён. — Вы прыехалі і з'едзеце, а мне тут разбірацца. Потым, саранча. Што, у мяне самалёты напагатове? Я званіў у раён: нікому няма справы. А ў мяне свой клопат: учора дзве каровы са статка здохлі. Ад чаго — ніхто не ведае.
— Прус не пакіне нічога, — сказаў Ліневіч. — Восенню не будзе што збіраць. Прападуць і каровы, і коні, і авечкі.
— Вы спецыяліст па гэтых кузурках? Тады парайце, што рабіць.
— Мяне нанялі, бо я ведаю акваланг, магу працаваць на глыбіні. Але і ў кузурках, як вы кажаце, крыху разбіраюся. Гэта горш за паводку, за землятрус. Лічынка пруса жыве ад мінус пяці да плюс шасцідзесяці градусаў. Насякомыя мігрыруюць на пяцьсот, нават тысячу кіламетраў, могуць ляцець бесперапынна трое сутак. А з'ядае ён штодня ў дваццаць разоў больш, чым важыць.
— Ну і адкуль гэты прус з'явіўся? — спытаў старшыня Гетц. — У нашых месцах ніколі ніхто не чуў пра яго.
— Ёсць шэсць пастаянных гняздзілішчаў: Астраханскае, Прыкаспійскае, Амудар'інскае, Арала-Чуйскае, Алакальскае, Зайсанскае. Пэўна, аднекуль адтуль...
— Раней жа не прылятаў, пра такое не гаварылі.
— Так, у гэтым стагоддзі сапраўды не з'яўляўся. Але па прычынах, якія вучоным не зразумелыя, звычайны конік раптам «замбіруецца». Мяняецца афарбоўка, павялічваюцца крылы, галава. Ён можа быць і сваім...
— Ні з таго ні з сяго мяняецца? Не даю веры.
— Праўда неверагодна? — спытаў Ліневіч і дадаў: — Такі конік збіраецца ў вялізныя чароды і становіцца саранчой, адзіным арганізмам. Чаму так? Вось пытанне...
— Я б не пытанні задаваў, а дапамогу арганізоўваў ці хоць параіў бы, што рабіць, — пакрывіўся старшыня Гетц.
— У вас ёсць гексахларан?
— У мяне няма хімікатаў, — сказаў старшыня Гетц. — Дзе я вазьму той гексахларан? Ён зараз, пэўна, мільёны каштуе, так?
Тэлефон на стале зазваніў, але старшыня Гетц не знімаў слухаўку. Урэшце тэлефон змоўк. У пакоі ўсталявалася непрыемная напружаная паўза, якая ўзнікае паміж людзьмі, што не могуць паразумецца, і Ліневіч не стаў працягваць гутарку. Ён развітаўся і пайшоў да выхаду. Старшыня Гетц, які па-ранейшаму сядзеў за сталом, не адказаў і не кіўнуў нават галавою.
З узыходам сонца ўвішнасць насякомых узрасла. Яны бясконца раіліся ў полі, на выгане, у прыватных агародах. Некаторыя гаспадары выбеглі з анучамі, мётламі, палкамі: хто з чым, імкнучыся прагнаць саранчовых са сваіх участкаў. Але было відавочна, што гэтыя іх намаганні марныя, і неўзабаве людзі мусілі адступіцца.
Ля дома, дзе кватараваў, Ліневіч убачыў настаўніка Мазура. Той быў узрушаны.
— Ну вось, — сказаў Мазур замест прывітання, — магчыма, Ён сам наведаў нас.
— Хто гэта — Ён? — пахмурна спытаў Ліневіч.
Настаўнік Мазур красамоўна паціснуў плячыма.
-Менавіта Ён кіруе шкоднікамі: пра тое і ў Пісанні сказана. Гэта ўсім нам папярэджанне.
— Вы верыце ў Яго існаванне? — спытаў Ліневіч.
— А вы ведаеце, прыкладам, што так напужала амерыканскага астранаўта, які хадзіў па Месяцы? Не? І я не ведаю. Але ён тады нават тэлекамеру кінуў. Чаму цяпер ён ціхі пастар і нікуды не высоўваецца?
— Чакайце, — уставіў раптам Ліневіч, — калі вы раней сцвярджалі, што ідэя Сусвету — імкненне да неарганічнага стану, то, магчыма, гэты Сусвет — Яго? А Той, значыць, існуе ў іншым вымярэнні?
Мазур задумаўся.
— Пра гэта, пэўна, не даведаецца ніхто і ніколі, — урэшце сказаў ён. — Дарэмна галаву сабе і іншым тлуміць. Ды гэта і небяспечна. Падкіньце чалавецтву ісціну, і праз нейкі час ад самога яго нічога не застанецца. Мы нават не ў стане пра нешта даведацца, бо межы нашай рэальнасці, якую лічым нармальнай, — умоўныя. Ці адзіныя пяць органаў пачуццяў — вось пытанне. Прарываюцца ж да нас іншым разам з'явы накшталт палтэргейсту, і мы разводзім рукі ці аб'яўляем, што нічога такога няма і не існуе. А можа, сапраўдная рэальнасць зусім іншае. І што ў чарговы раз пашле нам Ён? Засуху? Паводкі? Землятрус? Ці проста мух?
Читать дальше